IV Велікодная нядзеля — 7 мая 2006 г.

Чытанні: Дз 4, 8–12; Пс 118 (117);
1 Ян 3, 1–2.

Евангелле (Ян 10, 11–18):

Езус сказаў: Я – добры пастыр. Добры пастыр аддае жыццё сваё за авечак. А найміт і не пастыр, якому не належаць авечкі, калі бачыць, што прыходзіць воўк, кідае авечак і ўцякае, а воўк хапае і разганяе іх. Уцякае, бо ён найміт і не клапоціцца пра авечак. Я – добры пастыр і ведаю сваіх, а Мае ведаюць Мяне, як Мяне ведае Айцец і Я ведаю Айца. І жыццё сваё аддаю за авечак. Ёсць у Мяне і іншыя авечкі, якія не з гэтага двара. І гэтых Мне трэба прывесці, і яны будуць слухаць голас Мой, і будзе адзін статак і адзін пастыр. За тое любіць Мяне Айцец, што Я аддаю жыццё сваё, каб узяць яго зноў. Ніхто не адбірае яго ў Мяне, але Я сам аддаю яго. Я маю ўладу яго аддаць і маю ўладу зноў узяць яго. Такую запаведзь Я атрымаў ад Айца Майго.

Часта, ходзячы па гарах, я бачыў, як там пасвіліся авечкі. Уважліва назіраў я таксама за працаю пастухоў і не мог надзівіцца, як вялізны статак авечак ідзе не адзін кіламетр па горных стромах і праз лясы, а вядзе яго ўсяго адзін чалавек і два абвучаныя сабакі. З авечкамі гэта атрымліваецца проста цудоўна. А як адбываецца з намі? Чаму нам так цяжка паверыць Хрысту — Добраму Пастыру, — каб пайсці Яго шляхам, жыць паводле Яго наказаў? Магчыма, гэты шлях часам цяжкі, але, несумненна, правільны і надзейны. Бог нікога на крыўдзіць. Ён любіць нас неабсяжнаю любоўю, здольнаю нават да найбольшай ахвяры, што Ён і з’явіў у сваім Сыне. Чаму ж тады мы Яму не давяраем? Бо Хрыстус для таго прыйшоў, каб мы мелі жыццё і каб мелі яго ў дастатку (пар. Ян 10, 10)! Гэта Яго дар для нас. Аднак, магчыма, праблема ў тым, што гэта не адзіны дар — свет таксама прапануе нам свае «дары». Часта яны бываюць вельмі прывабныя і пажаданыя, але гора таму чалавеку, які прыме іх з наіўным даверам! Яшчэ ніхто не быў падмануты Богам і Яго словам, але як жа шмат людзей, якім давялося пашкадаваць аб тым, што яны паслухаліся зманлівых абяцанняў свету! А каму даверышся ты?

 
V Велікодная нядзеля — 14 мая 2006 г.

Чытанні: Дз 9, 26–31; Пс 22 (21);
1 Ян 3, 18–24.

Евангелле (Ян 15, 1–8):

Езус сказаў сваім вучням: Я – сапраўдная вінаградная лаза, а Айцец Мой – вінаградар. Кожную галінку ўва Мне, якая не прыносіць плоду, Ён адразае, і кожную, якая дае плод, Ён ачышчае, каб давала яшчэ больш пладоў. Вы ўжо чыстыя дзякуючы слову, якое Я сказаў вам. Заставайцеся ўва Мне, а Я ў вас. Як галінка не можа прынесці плоду сама з сябе, калі не застанецца ў вінаграднай лазе, так і вы, калі не будзеце ўва Мне. Я – вінаградная лаза, вы – галіны. Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён, бо без Мяне нічога не можаце зрабіць. Хто не застаецца ўва Мне, будзе выкінуты вон, як галіна, і засохне. І збіраюць іх, і кідаюць у агонь, і яна згарае. Калі будзеце ўва Мне і словы Мае ў вас будуць, прасіце, чаго захочаце, і станецца вам. Гэтым уславіцца Айцец Мой, калі вы прынесяце багаты плён і станеце Маімі вучнямі.

Хрыстус, жадаючы адкрыць нам праўду пра сябе, часта карыстаўся рознымі вобразамі і параўнаннямі. Мы чулі Ягоныя словы: «Я — хлеб жыцця», «Я — шлях», «Я — добры пастыр»… Сёння мы чуем яшчэ адно параўнанне: «Я — вінаградная лаза, вы — галіны». Камель дрэва і адросткі. Калі мы будзем ужыўленыя ў Яго, прынясем багаты плён. Калі ж не, то засохнем і будзем спалены ў агні. Гэтым параўнаннем Езус жадае сказаць нам пра тое, як шмат залежыць ад нашай веры і любові. Дзве гэтыя цноты яднаюць нас з Ім і напаўняюць Яго Боскім жыццём. Можа, варта выйсці на двор, стаць пад дрэвам і паглядзець на галінкі, якія ў гэтыя дні буяюць квеценню, а летам будуць пакрытыя пладамі. Варта таксама ўзяць у рукі сухі сучок, які ўжо ніколі не дасць плоду, і адзінае, што можна з ім зрабіць, гэта кінуць у агонь. Просты, адназначны і кожнаму зразумелы вобраз, але чамусьці вельмі цяжка прыстасаваць да яго сваё штодзённае жыццё. Прабывайма ж з Езусам у штодзённай малітве, у Эўхарыстыі і ў працы над сабою, каб такім чынам мы праславілі Бога, прынеслі багаты плод і сапраўды сталі Яго вучнямі.

 
VI Велікодная нядзеля — 21 мая 2006 г.

Чытанні: Дз 10, 25–26. 34–35. 44–48;
Пс 98 (97); 1 Ян 4, 7–10.

Евангелле (Ян 15, 9–17):

Езус сказаў сваім вучням: Як Мяне палюбіў Айцец, так і Я палюбіў вас. Заставайцеся ў Маёй любові. Калі будзеце захоўваць Мае запаведзі, застанецеся ў любові Маёй, як і Я захаваў запаведзі Айца Майго і застаюся ў Ягонай любові. Гэта Я сказаў вам, каб Мая радасць была ў вас, і каб радасць вашая была поўнай. Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас. Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх. Вы сябры Мае, калі робіце тое, што Я наказваю вам. Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга не ведае, што робіць ягоны гаспадар. Я ж назваў сябрамі вас, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам. Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў. Каб Айцец даў вам тое, чаго толькі папросіце ў імя Маё. Гэта наказваю вам, каб вы любілі адзін аднаго.

Можна смела сказаць, што сённяшні свет, у якім поўна падзелаў, нянавісці, эгаізму і агрэсіі, пакутуе ад недахопу любові. Таму такімі важнымі з’яўляюцца словы Езуса з сённяшняга Евангелля: «Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас». Езус даў нам прыклад любові, любові сапраўднай, любові да канца. Яго словы не былі пустымі лозунгамі: Ён пацвердзіў іх усім сваім жыццём і засведчыў смерцю на крыжы. Так Хрыстус жадае сказаць нам, што сапраўднае шчасце ў тым, каб рабіць шчаслівымі іншых, у вялікім клопаце пра тое, каб іншыя мелі ў сваім жыцці паўнату шчасця і радасці. Гэта — разрыў з уласным эгаізмам, што можа адбыцца толькі ў любові. Замест таго каб клапаціцца пра сваё ўласнае шчасце, той, хто любіць па-сапраўднаму, імкнецца зрабіць шчаслівым іншага чалавека і ў гэтым імкненні знаходзіць таксама і сваё шчасце. Бог, які ёсць любоў, заўсёды клапоціцца пра шчасце іншых, заўсёды дорыць, заўсёды раздае… Бог не жадае зрабіць шчаслівым сябе, а хоча даць шчасце іншым. Таму толькі той, хто здольны любіць, хто адкрые радасць і паўнату шчасця ў дарэнні сябе іншым, той сапраўды зможа пазнаць Бога і выканаць Яго запаведзь любові да Бога і да бліжняга.

 
Урачыстасць Унебаўшэсця Пана — 25 мая 2006 г.

Чытанні: Дз 1, 1–11; Пс 47 (46);
Эф 1, 17–23.

Евангелле (Мк 16, 15–20):

Езус з’явіўся Адзінаццаці і сказаў ім: Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле ўсякаму стварэнню. Хто паверыць і ахрысціцца, будзе збаўлены, а хто не паверыць, будзе асуджаны. Тым, хто паверыць, будуць спадарожнічаць такія знакі: у Маё імя будуць выганяць злых духаў; будуць размаўляць новымі мовамі; змеяў рукамі браць будуць, і, калі штосьці атрутнае вып’юць, не зашкодзіць ім. На хворых будуць ускладаць рукі, і яны выздаравеюць. І Пан Езус, пасля размовы з імі, узнёсся ў неба і сеў праваруч Бога. А яны пайшлі і паўсюль абвяшчалі Евангелле. Пан садзейнічаў ім і пацвярджаў слова знакамі, што яму спадарожнічалі.

Сёння мы перажываем у Касцёле ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана. Аднак мне здаецца, што, углядаючыся ў неба і гледзячы, як Хрыстус адыходзіць у дом Айца, мы часта выпускаем з поля зроку духоўны аспект гэтай урачыстасці. А яна нагадвае нам пра тое, што было канчатковаю мэтаю прыйсця Езуса на зямлю: Бог стаў чалавекам, каб чалавек быў абагаўлёны. У дзень Унебаўшэсця паўната чалавечай прыроды Езуса, з’яднаная з Яго Боскасцю, узносіцца да Бога, уздымаючы з сабою таксама і нас. Езус сапраўды адыходзіць з гэтага свету, як прадказаў, але і працягвае заставацца з намі, мы з’яднаныя з Ім. Гэта вялікая таямніца Яго адначасовай адсутнасці і прысутнасці. Ніколі ад нашай веры не патрабуецца так шмат, як менавіта ў гэтай таямніцы Унебаўшэсця, у якой мы павінны навучыцца жыць з Езусам у небе і на зямлі.

 
VII Велікодная нядзеля — 28 мая 2006 г.

Чытанні: Дз 1, 15–17. 20а. 20с–26;
Пс 103 (102); 1 Ян 4, 11–16.

Евангелле (Ян 17, 11b–19):

Езус узняў вочы свае да неба і маліўся такімі словамі: Ойча святы, захавай іх у імені Тваім, якое Ты даў Мне, каб яны былі адно, як і Мы. Калі Я быў з імі, Я захоўваў іх у імені Тваім, якое Ты даў Мне. Я збярог, і ніхто з іх не загінуў, апроч сына пагібелі, каб збылося Пісанне. А цяпер іду да Цябе і кажу гэта ў свеце, каб яны мелі ў сабе поўную Маю радасць. Я даў ім слова Тваё, і свет узненавідзеў іх, бо яны не са свету, як і Я не са свету. Не прашу, каб Ты ўзяў іх са свету, але каб захаваў іх ад злога. Яны не са свету, як і Я не са свету. Асвяці іх у праўдзе. Слова Тваё – гэта праўда. Як Ты паслаў Мяне ў свет, так і Я паслаў іх у свет. І за іх Я пасвячаю сябе, каб і яны былі асвечаныя ў праўдзе.

Кожны, хто сур’ёзна падыходзіць да Евангелля і хоча быць вучнем Езуса, павінен памятаць, што недастаткова проста быць добрым, але трэба яшчэ сведчыць аб праўдзе. Аднак у той момант, калі чалавек зробіць выбар на карысць праўды, ён увойдзе ў канфлікт з навакольным светам, стане непажаданым і яго пачнуць пераследаваць. Хрыстус цудоўна ведаў, што такі лёс чакае Яго вучняў, а таму за некалькі гадзінаў да смерці маліўся да свайго Айца: «Не прашу, каб Ты ўзяў іх са свету, але каб захаваў іх ад злога. Яны не са свету, як і Я не са свету». Езус просіць Айца, каб Яго вучні, якія выбіраюць не толькі дабро, але і праўду, змаглі выканаць на зямлі тое заданне, якое Ён ім даручае. Таму папросім сёння Бога даць нам Духа Праўды, які асвеціць нас у праўдзе, каб мы не проста былі добрымі людзьмі, але мелі адвагу сведчыць аб праўдзе паўсюль, куды Хрыстус нас пакліча.

Падрыхтаваў
айцец Артур Папроцкі CSMA