12 мая:
святых Нэрэя і Ахіла, мучанікаў.

Пра гэтых святых узгадвае Папа Дамас І, чый пантыфікат прыпаў на другую палову IV ст. Ён паведамляе, што абодва яны былі рымскімі жаўнерамі, якія прынялі мучаніцкую смерць за веру ў Езуса Хрыста. Дакладна вядома, што Нэрэй і Ахіл загінулі ў Рыме на пачатку IV ст. падчас пераследу хрысціянаў пры цэзары Дыяклетыяне. Яны былі пахаваныя ў рымскіх катакомбах Даміцыліі, а над месцам пахавання была пабудавана падземная базыліка. У наш час рэліквіі святых знаходзяцца ў рымскім касцёле, асвечаным у іх гонар.

 
22 мая:
святой Рыты з Касіі, законніцы.

Рыта нарадзілася каля 1380 г., па іншых звестках — у 1360 г., непадалёк ад Касіі (Умбрыя, Італія). Яна была адзіным дзіцём у сям’і, вымаленым бацькамі ў Бога. Па волі бацькоў дзяўчына ў маладым узросце была вымушана выйсці замуж за нялюбага мужчыну, які ўсяляк здзекаваўся з яе ў сужэнскім жыцці. Калі муж Рыты быў забіты, іх сыны абвясцілі вендэту — крывавую помсту, — але маці малілася, каб лепш яны самі загінулі, чым пралілі чужую кроў. І сапраўды, абодва юнакі неўзабаве памерлі падчас эпідэміі. Застаўшыся самотнай, Рыта хацела ўступіць у кляштар аўгустыянак-эрэмітак у Касіі, але доўгі час яе не прымалі. Далучыўшыся нарэшце да гэтай супольнасці, яна вяла вельмі аскетычнае жыццё, напоўненае пакаяннем і духоўнай любоўю да Укрыжаванага Збаўцы. Яна мела шмат містычных аб’яўленняў і падчас аднаго з іх атрымала стыгматы цярнёвай кароны. Легенда гаворыць, што, будучы ўжо невылечна хворай, Рыта папрасіла прынесці ёй ружу, і, нягледзячы на тое, што гэта быў марозны зімовы дзень, у садзе для яе заквітнеў цэлы ружавы куст. У памяць пра гэта ў дзень яе ўспаміну 22 мая ў Італіі асвячаюцца «ружы святой Рыты». Пасля смерці яе цела не было кранута раскладам. Яно спачывае ў шкляной рацы ў касцёле ў Касіі, асвечаным у яе гонар, і туды прыходзіць вялікая колькасць пілігрымаў. Святая Рыта дапамагае ў безнадзейных сітуацыях, у тым ліку падчас экзаменаў, і абараняе ад воспы.

 
25 мая:
святога Бэды Вялебнага, святара і доктара Касцёла.

Нарадзіўся паміж 672–673 гг. на поўначы Англіі. Ва ўзросце сямі гадоў быў аддадзены бацькамі на выхаванне ў бэнэдыктынскі кляштар і ў 29 гадоў стаў святаром. Бэда быў адным з першых людзей, якія ў Сярэднявеччы пачалі сур’ёзна займацца тэалогіяй як навукай. Бэнэдыктынскі навуковец быў таленавітым настаўнікам і рэлігійным дзеячам, які шмат зрабіў для аднаўлення манаскага і касцёльнага жыцця ў тагачаснай Англіі. Яго навуковыя працы датычаць гамілетыкі (казанні, гаміліі, навучанне рэлігіі), агіяграфіі (жыццяпісы святых), экзэгетыкі (тлумачэнне Святога Пісання), гісторыі, арфаграфіі і інш. Бэда значна ўплываў на развіццё навукі ў сярэднія вякі і лічыцца айцом ангельскай гістарыяграфіі. Ён памёр 26 мая 735 г. Праз сто гадоў пасля смерці Бэды ў знак прызнання яго неацэнных заслугаў на адным з сінодаў яму быў нададзены ганаровы тытул «Вялебны», а на надмагіллі вучонага бэнэдыктынца нездарма напісана: «Разам з ім прыйшло святло на ўвесь свет».