Бэнэдыкт ХV – Папа, які адкрыта паведаміў пра аб’яўленне ў Фаціме.

Бэнэдыкт ХVІ – Папа, які споўніць Фацімскае пасланне.

Раней нам было лёгка адказаць на пытанне, чаму новаабраны Папа ўзяў сабе тое, а не іншае імя. Пасля Пія ІХ быў Пій Х, следам за ім ішлі Пій ХІ і ХІІ. Потым быў Ян ХХІІІ. Пасля яго быў Павел VІ, а яго наступнікам – чалавек, які хацеў пераняць спадчыну абодвух апошніх пантыфікаў і выбраў імя Яна Паўла. Пантыфікат Яна Паўла ІІ быў працягам ледзь толькі пачатага і так хутка спыненага часу служэння Яна Паўла І. І вось цяпер з’яўляецца Папа Бэнэдыкт. Чыю традыцыю працягвае кардынал Ёзаф Ратцынгер, і што Дух Святы схаваў ад Касцёла пад гэтым іменем? Пра гэта вялася гаворка ў сродках масавай інфармацыі, але ўсе не заўважалі толькі аднаго факту, можа самага важнага: Бэнэдыкт ХV адкрыта паведаміў пра аб’яўленне ў Фаціме. І адразу думка звяртаецца да сённяшняга часу. Пытаемся: «Ці павінен Бэнэдыкт ХVІ выканаць Фацімскае пасланне, як папярэдні Папа Бэнэдыкт адкрыта паведаміў пра яго?» «Сувязное звяно Бэнэдыктаў» здаецца лагічным.

Кім быў Папа Бэнэдыкт ХV? Мы ведаем, што ён быў вялікім змагаром за мір. Ведаем, што гэты чалавек скалыхнуў усю зямлю, каб прыспешыць канец Першай сусветнай вайны. Але мы павінны ведаць больш, бо ў гэтым «больш» дзейнічаў Дух Святы, які цяпер паклікаў у Пятрову Сталіцу кардынала з Баварыі. Калі заклікі, просьбы і пераконванні Бэнэдыкта ХV засталіся без ніякага адказу з боку вялікіх гэтага свету, Папа звярнуўся да Неба. Зямныя ўрады не адказалі, а Неба адказала. Адказала адразу.

Аднак пачнём з таго, на што не хацела адказаць «зямля».

 
Заклікі, разасланыя па зямлі

З першага дня свайго абрання Папам, а менавіта з 3 верасня 1914 г., Бэнэдыкт ХV не прызнаваў праваты якога-небудзь з бакоў сусветнага канфлікту. Адначасова ён востра выступаў супраць самой вайны, якую назваў «жудаснаю з’яваю» і «бедствам, якое не мае сабе падобных». 1 лістапада 1914 года Папа выдаў энцыкліку «Ad Beatissimi». Гэтай энцыклікай Бэнэдыкт ХV вучыў, што існуе тып зла, распаўсюджанага ў чалавечым грамадстве, у якім «можна заўважыць прычыны цяперашняй вайны. З таго часу, калі прынцыпы хрысціянскай мудрасці, на якія абапіралася стабільнасць грамадства, перасталі абавязваць урады дзяржаў, дайшло да таго, што самі асновы дзяржавы былі падарваныя». Папа назваў па імені грахі, якія сталі прычынаю выбуху вайны.

У лістападзе таго ж года Бэнэдыкт ХV заклікаў арміі спыніць барацьбу ў свята Божага Нараджэння. Але абодва варожыя бакі паказалі, што гэта немагчыма. Папа працягваў змагацца за мір. Калі надышоў Вялікі тыдзень 1915 г., ён распачаў малітоўную кампанію на карысць спакою ў Еўропе і напісаў шчырую малітву да Хрыста Князя Супакою, якую выслаў да ўсіх народаў, што вялі вайну. Да яго зноў ніхто не прыслухаўся. На наступны год Папа накіраваў незвычайны зварот да дзяцей, якія прымалі Першую святую Камунію: «Вы прымаеце ўдзел, – пісаў Папа, – у самым страшным выбаўленні, якое Бог у сваіх бязмежных і ўкрытых намерах учыніў за ўсе часы рукамі грэшнага чалавецтва... Дык вось, любыя дзеці, працягніце рукі да Вікарыя Хрыста, бо вы маеце такую вялікую сілу (перад Богам), і вашымі бясцэннымі малітвамі падтрымайце яго безупыннае памкненне».

 
Адказ Неба

Бэнэдыкт ХV, бачачы, што ўрады дзяржаў, якія ўдзельнічаюць у вайне, упарта ігнаруюць усе яго просьбы аб «заканчэнні вялікага канфлікту, самазабойстве цывілізаванай Еўропы», рашыўся звярнуцца з кранальным пастырскім лістом да ўсяго каталіцкага свету. Ён заклікаў усіх вернікаў да гарачай малітвы аб супакоі і папрасіў маліцца да «Марыі, якая з’яўляецца Маці Міласэрнасці і ўсемагутнай, дзякуючы ласцы». Менавіта тады ў Ларэтанскую літанію быў уключаны заклік «Каралева супакою, маліся за нас». Звернем увагу на дату папскага ліста. Гэта было 5 мая 1917 года.

Неба адрэагавала інакш, чым зямныя ўладары, і без прамаруджвання адказала на неадкладны заклік Намесніка Хрыста. Папа ўзносіў мольбы аб дапамозе да Найсвяцейшай Маці – Неба паслала на зямлю Тую, якую клікаў Святы Айцец. 13 мая 1917 г., праз восем дзён пасля закліку Бэнэдыкта ХV, скіраванага да Марыі, Маці Божая аб’явілася траім пастушкам у Фаціме і ўжо падчас свайго першага аб’яўлення дала непасрэдны адказ на заклік Папы. У апошніх словах, адрасаваных дзецям, Марыя сказала: «Штодзённа маліцеся на ружанцы, каб настаў спакой у свеце і скончылася вайна». А потым Яна накрэсліла перад Касцёлам вялікую карту гісторыі наступных гадоў і дала нам у руку компас, які беспамылкова давядзе нас да порту збаўлення. Гэта – Фацімскае пасланне, пасланне стагоддзя.

 
Ці чакае гэтае пасланне новага Бэнэдыкта?

Так, Фаціма стала «рэцэптам» супакою для кожнага пакалення, у якім заключалася ўся сутнасць «паслання стагоддзя». Дасягненне спакою ў сэрцы чалавека, у сем’ях і ва ўсіх грамадствах Маці Найсвяцейшая звязала са сваім самым вялікім абяцаннем – з трыумфам Беззаганнага Сэрца. Шлях да яго быў вызначаны не толькі праз Ружанец, пакаянне і прысвячэнне Маці Божай лёсаў свету. Да «часу спакою», пра які ідзе размова ў фацімскай таямніцы, вядзе шлях, пазначаны многімі знакамі, аднак перадусім дзвюма значнымі справамі: прысвячэннем Расіі і свету Беззаганнаму Сэрцу Марыі і правядзеннем па свеце набажэнстваў першых суботаў месяца. Першая справа ўжо здзейсненая, зрабіў гэта Ян Павел ІІ. Другая – заданне, якое пастаўлена перад Бэнэдыктам ХVІ. Ці выканае ён апошняе пажаданне Маці Божай Фацімскай? Ці стане ён Папам, які «споўніць фацімскае заданне»? Ці чакае гэтае Фацімскае пасланне новага Бэнэдыкта? Пакуль гэтыя пытанні застаюцца без адказу. Хоць ёсць шмат прадпасылак, яўных знакаў, нават чалавечая логіка дазваляе шапнуць, што так. Хоць бы ўзяць знакі, звязаныя з прадбачаннямі св. Яна Боско. Папярэдні Бэнэдыкт не раз жа гаварыў пра Касцёл як пра карабель, атакаваны сіламі зла, якія прагнуць патапіць Лодку святога Пятра. Ці прычаліць нас бяспечна новы Бэнэдыкт да стаўпоў Эўхарыстыі і Беззаганнай Марыі, каб на «бурлівых водах» свету запанавала ціша? Маем надзею, што так. З нашаю дапамогаю, напэўна, так!

Вінцэнт Лашэўскі,
«Nasz Dziennik», № 93/2005.

Пераклад з польскай
Іны Ламакі.