«Абяцаю прыйсці на дапамогу з усімі ласкамі да тых, хто на працягу пяці месяцаў у першыя суботы прыступіць да споведзі, прыме святую Камунію, адгаворыць адзін Ружанец і на працягу пятнаццаці хвілін разважання над ружанцовымі таямніцамі разам са Мной будзе маліцца, каб перапрасіць Пана Бога».

З аб’яўленняў Маці Божай Фацімскай.

 
13 мая 1917 г. Маці Божая аб’явілася ў Фаціме траім дзецям. Праз іх Яна накіравала пасланне свету. Маці Божая заклікала да навяртання, пакаяння, малітвы (асабліва штодзённай малітвы на ружанцы), да прысвячэння кожнага з нас Яе Беззаганнаму Сэрцу. Прыняцце гэтых пажаданняў Маці Божай Папа Пій ХІІ назваў адзіным паратункам для свету.

Падчас чарговых аб’яўленняў Маці Божая паказала дзецям сваё Беззаганнае Сэрца, абвітае цернямі, а потым – пекла, у якое трапляе незлічоная колькасць грэшнікаў. Яна паказала жудасны вынік адыходу ад Божых запаведзяў. Маці Божая прадказала, што калі чалавецтва не пераменіцца, распачнецца новая, яшчэ больш страшная, сусветная вайна. Будзе голад, пераследаванне Касцёла і Святога Айца. Жадаючы прадухіліць гэтыя няшчасці, Марыя паабяцала, што прыйдзе зноў і будзе прасіць аб перапрашэнні ў першыя суботы месяца. Яна сказала тады:

«Бог хоча распаўсюдзіць па свеце ўшанаванне Майго Беззаганнага Сэрца. Тым, хто прыме гэтае набажэнства, абяцаю збаўленне. Душы гэтыя будуць умілаваныя Богам, як кветкі, пастаўленыя Мною для аздобы Яго трону.

Калі зробіце тое, што вам скажу, многа людзей будзе ўратавана ад пекла і настане мір на свеце... Калі ж не, – бязбожная прапаганда распаўсюдзіць свае фальшывыя вучэнні па свеце, выклікаючы войны і пераследаванні Касцёла. Добрых будуць мучыць, а Святы Айцец вымушаны будзе зносіць шмат цярпенняў. Некаторыя народы згінуць. Урэшце Маё Беззаганнае Сэрца затрыумфуе».

У ХVІІ стагоддзі Пан Езус аб’явіў святой Малгажаце сваё Найсвяцейшае Сэрца і пажадаў перапрашэння ў першыя пятніцы месяца. Сёння Сэрца Езуса хоча быць ушанаваным адначасова з Беззаганным Сэрцам Марыі. Пан Езус абяцаў тым, хто будзе ўдзельнічаць у набажэнствах дзевяці першых пятніц, што яны не памруць без святых сакрамэнтаў. Таксама і Маці Божая паабяцала тым, хто будзе перапрашаць Яе Беззаганнае Сэрца ў першыя суботы, што Яна будзе прысутнічаць у хвіліну іх смерці «разам з усімі ласкамі, патрэбнымі для збаўлення». Таму гэтае аб’яўленне называецца таксама вялікім абяцаннем Беззаганнага Сэрца Марыі.

Праз 7 гадоў пасля фацімскіх аб’яўленняў Найсвяцейшая Панна Марыя дазволіла сястры Люцыі адкрыць змест другой часткі фацімскай таямніцы. Там гаварылася пра набажэнства да Беззаганнага Сэрца Марыі.

У той самы дзень, 10 снежня 1925 года, Маці Божая ўказала на адну з асноўных частак культу Яе Беззаганнага Сэрца: на набажэнства першых суботаў месяца. Абмеркаванню гэтага набажэнства Яна прысвяціла амаль усю сустрэчу з сястрою Люцыяй. Ва ўспамінах візіянеркі чытаем: «10 снежня 1925 года з’явілася Найсвяцейшая Панна ў Понтавэдра, а побач з Ёю было Дзіцятка ў бляску святла. Найсвяцейшая Панна паклала руку на плячо Люцыі і паказала Сваё абвітае цернем Сэрца, якое Яна трымала ў другой руцэ. Дзіцятка сказала: „Май спачуванне да Сэрца твае Найсвяцейшай Маці, абвітага цернем, якім няўдзячныя людзі яго зноў і зноў раняць, і няма нікога, хто б праз акт перапрашэння гэтыя церні павыцягваў“».

Потым Найсвяцейшая Панна сказала: «Дачка мая, узглянь, Сэрца Маё абвітае цернем, якім няўдзячныя людзі праз блюзнерствы і няўдзячнасць пастаянна раняць Яго. Хоць ты старайся прыносіць Мне радасць і аб’яві ад Майго імя, што Я прыбуду ў гадзіну смерці з ласкамі, патрэбнымі для збаўлення, да ўсіх тых, хто на працягу пяці месяцаў у першыя суботы прыступіць да споведзі, прыме святую Камунію, згаворыць адзін Ружанец і на працягу 15 хвілін разважання над ружанцовымі таямніцамі разам са Мной будзе маліцца, каб перапрасіць Пана Бога».

Мэтаю набажэнства першых суботаў не павінна быць выпрошванне якіх-небудзь асабістых ласкаў. Усё ў ім павінна быць перапрашэннем Сэрца Марыі. Нельга толькі фармальна выконваць умовы, звязаныя з абяцаннем Маці Божай, хоць яны з’яўляюцца вялікаю дапамогаю на нашым шляху да Бога. Калі хочам добра выканаць жаданні Маці Божай і атрымаць абяцанае, тады рэлігійным прак- тыкам павінна спадарожнічаць імкненне да перапрашэння і да штодзённага жыцця ў асвячальнай ласцы.

Разам з просьбамі, скіраванымі да кожнага верніка, – аб навяртанні, аб ружанцовай малітве і пакаянні – Маці Божая Фацімская прасіла прысвяціць Расію Яе Беззаганнаму Сэрцу і распаўсюдзіць па свеце набажэнства першых пяці суботаў месяца.

Просьба аб прысвячэнні Расіі ўжо выканана. 25 сакавіка 1984 г. Папа Ян Павел ІІ прысвяціў Беззаганнаму Сэрцу Марыі Расію і ўвесь свет, пасля чаго наступілі вялікія перамены ў Еўропе і ва ўсім свеце. Але набажэнства першых суботаў месяца яшчэ не распаўсюджана.

Ад 13 мая да 13 кастрычніка (апошняга дня аб’яўленняў Маці Божай Фацімскай) налічваецца пяць першых суботаў.

Кожная першая субота можа быць прысвечана перапрашэнню Беззаганнага Сэрца Марыі за адну знявагу:

1-я субота – набажэнства, прысвечанае перапрашэнню за знявагі супраць Беззаганнага Зачацця Марыі;

2-я субота – набажэнства, прысвечанае перапрашэнню за знявагі супраць Дзявоцтва Марыі;

3-я субота – набажэнства, прысвечанае перапрашэнню за знявагі супраць Божага Мацярынства Марыі;

4-я субота – набажэнства, прысвечанае перапрашэнню за блюзнерствы, якія сеюць у сэрцах дзяцей абыякавасць, пагарду і нават нянавісць да Марыі;

5-я субота – набажэнства, прысвечанае перапрашэнню за блюзнерствы, якія зневажаюць Марыю ў Яе святых выявах.

 
НЕАБХОДНАСЦЬ ПЕРАПРАШЭННЯ

Чалавецтва патанае ў грахах, яно не чуе словаў Маці Божай, не хоча навяртання. Жыве так, быццам Бога не існуе. Адзіны паратунак для грэшнікаў – вымаліць для іх ласку навяртання, перапрашаючы за ўчыненае імі зло, каб ураўнаважыць перад Богам цяжар зла шчодрым перапрашэннем. Сэрца Маці клапоціцца пра лёс сваіх дзяцей і таму Яна перадае сваё вялікае абяцанне, якое датычыць першых суботаў, і асабліва падкрэслівае іх інтэнцыю: «Не забывацца пра інтэнцыю перапрашэння – важны элемент першых суботаў».

«У словах з Фацімы, – піша Ян Павел ІІ, – выяўляецца тое вымярэнне Мацярынскай любові, якая ахоплівае ўвесь шлях чалавека да Бога; шлях, які вядзе праз гэты свет і які за яго парогам вядзе праз чысцец. Клопат Маці Збавіцеля – гэта клопат пра справу збаўлення; пра справу Яе Сына. Гэта клопат пра збаўленне, пра вечнае збаўленне ўсіх...

У святле любові Маці мы разумеем усё Пасланне Фацімскай Пані. Найбольшая перашкода на шляху чалавека да Бога – грэх, жыццё ў граху і, урэшце, адрачэнне ад Бога: свядомае выкідванне Бога са свету чалавечай думкі, адрыў ад Яго ўсяе зямной дзейнасці чалавека, адкідванне Бога чалавекам.

На самай жа справе вечнае збаўленне чалавека толькі ў Богу. Адкідванне Бога чалавекам, калі яно рашучае, лагічна вядзе да адкідвання чалавека Богам, да асуджэння.

Ці ж Маці, Якая з усёю любоўю, што абуджае ў Ёй Дух Святы, прагне збаўлення кожнага, можа маўчаць, калі падвяргаецца сумненню сама аснова збаўлення чалавека? Не, не можа».

Марыя заклікае нас і дае прыладу, якая дазваляе нам супрацоўнічаць з Богам у справе збаўлення сучаснага свету. Паколькі «клопат пра збаўленне, пра вечнае збаўленне ўсіх» павінен прысутнічаць у кожным з нас, мы абавязаны адгукнуцца на заклік Марыі і першыя суботы прысвяціць інтэнцыі перапрашэння за грахі свету.

 
Набажэнства першых суботаў павінна абудзіць у нас прагу пастаяннага перапрашэння Бога і Беззаганнага Сэрца Марыі за грахі, блюзнерствы і абыякавасць людзей. Тыя, хто практыкуе набажэнства першых суботаў, павінны вучыцца жыць у духу штодзённага перапрашэння, прыклад якога нам даюць фацімскія дзеці.

Глядзі таксама:

  • УМОВЫ ПЕРАПРАШЭННЯ БЕЗЗАГАННАГА СЭРЦА МАРЫІ
  • АСНОЎНЫЯ МАЛІТВЫ НАБАЖЭНСТВА ПЕРШЫХ СУБОТАЎ МЕСЯЦА