З паслання Святога Айца Яна Паўла ІІ з нагоды стагоддзя прысвячэння чалавецтва
Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса


(Варшава, 11 чэрвеня 1999 г.)

(…) Я таксама шмат разоў заклікаў маіх братоў біскупаў, святароў, законнікаў і вернікаў у сваім жыцці развіваць найбольш аўтэнтычныя формы культу Сэрца Езуса. (…) Хачу нагадаць словы, якія я напісаў у энцыкліцы Dives in misericordia: «Касцёл асаблівым чынам вызнае і ўшаноўвае Божую міласэрнасць, звяртаючыся да Хрыстовага Сэрца, бо менавіта набліжэнне да Хрыста ў таямніцы Яго Сэрца дазваляе нам апынуцца ў гэтым як быццам цэнтральным і разам з тым па-чалавечы найбольш даступным пункце аб’яўлення міласэрнай любові Айца, якое сталася асноўным сэнсам месіянскага пасланніцтва Сына Чалавечага». З нагоды ўрачыстасці Найсвяцейшага Сэрца Езуса і прысвечанага яму месяца чэрвеня я часта заахвочваў вернікаў, каб яны няспынна ўдзельнічалі ў гэтым кульце, які «мае ў сабе надзвычай важнае пасланне для нашага часу», бо «з Сэрца Божага Сына, які памёр на крыжы, забруіла спрадвечная крыніца жыцця, што дае надзею кожнаму чалавеку. З Сэрца ўкрыжаванага Хрыста нараджаецца новае чалавецтва, адкупленае ад граху. Чалавеку 2000 года неабходна Сэрца Хрыста, каб пазнаваць Бога і сябе самога; яно неабходна яму, каб будаваць цывілізацыю любові»2.

(…) Дагматычная Канстытуцыя пра Касцёл аўтарытэтна навучае: «ахрышчаныя (…) праз адраджэнне і намашчэнне Святым Духам асвячаюцца як дом духоўны і святое святарства, каб праз усе хрысціянскія ўчынкі прыносіць духоўныя ахвяры і абвяшчаць моц Таго, хто паклікаў іх з цемры ў сваё цудоўнае святло (пар. 1 П 2, 4–10). Таму ўсе вучні Хрыста, прабываючы ў малітве і супольна праслаўляючы Бога (пар. Дз 2, 42–47), павінны прыносіць саміх сябе ў ахвяру жывую, святую, прыемную Богу (пар. Рым 12, 1) і паўсюль павінны сведчыць пра Хрыста, а тым, хто патрабуе, няхай дадуць справаздачу аб сваёй надзеі на вечнае жыццё (пар. 1 П 3, 15)»3. Калі перад хрысціянінам паўстае заданне новай евангелізацыі і ён пачынае ўглядацца ў Сэрца Хрыста, Валадара часу і гісторыі, прысвячаючы Яму самога сябе і сваіх братоў, ён нанава адкрывае, што носіць у сабе Яго святло. Ажыўлены Ягоным духам служэння, ён спрыяе таму, каб перад усімі людзьмі адкрылася перспектыва ўздыму да паўнаты асабовага і грамадскага існавання. «Такім чынам, сэрца чалавека вучыцца ў Сэрца Хрыста пазнаваць сапраўдны і адзіны сэнс свайго існавання і прызначэння, разумець вартасць сапраўды хрысціянскага жыцця, асцерагацца кепскіх схільнасцяў чалавечага сэрца, яднаць сыноўнюю любоў да Бога з любоўю да бліжняга»4.

Я хачу выказаць словы падтрымкі і заахвочання тым, хто ў Касцёле ў любым выглядзе практыкуе, паглыбляе і распаўсюджвае культ Сэрца Хрыста, выкарыстоўваючы мову і формы, дастасаваныя да нашага часу, каб перадаць яго наступным пакаленням у тым самым духу, які заўсёды яго ажыўляў. Таксама сёння неабходна такім чынам весці вернікаў, каб яны з ушанаваннем углядаліся ў таямніцу Хрыста — Бога-Чалавека — і такім чынам станавіліся людзьмі ўнутранага жыцця, якія чуюць і рэалізуюць пакліканне да новага жыцця, да святасці, да перапрашэння, якое з’яўляецца апостальскім саўдзельніцтвам у справе збаўлення свету; людзьмі, якія рыхтуюцца да новай евангелізацыі і бачаць у Сэрцы Хрыста сэрца Касцёла: свет абавязкова павінен зразумець, што хрысціянства — гэта рэлігія любові.

Сэрца Збаўцы заахвочвае звярнуцца да любові Айца, які з’яўляецца крыніцаю кожнай сапраўднай любові: «У тым праявілася любоў, што не мы палюбілі Бога, а Ён сам палюбіў нас і паслаў Сына свайго як уміласціўленне за грахі нашыя» (1 Ян 4, 10). Ад Айца, шчодрага на міласэрнасць і спачуванне, Езус няспынна атрымлівае любоў, якою адорвае людзей (пар. Эф 2, 4; Як 5, 11). У Ягоным Сэрцы асабліва праяўляецца велікадушнасць Бога ў адносінах да грэшніка. У адказ на грэх Бог не змяншае сваю любоў, а пашырае яе ў жэсце міласэрнасці, які перараджаецца ў ініцыятыву адкуплення.

Сузіранне Сэрца Езуса ў Эўхарыстыі схіліць вернікаў да таго, каб шукаць у гэтым Сэрцы неспасцігальную таямніцу святарства Хрыста і святарства Касцёла. У еднасці з братамі дасць ім магчымасць адчуць смак духоўнай слодычы любові, зачэрпнутай з самой яе крыніцы. Дапамагаючы кожнаму з іх нанава адкрыць таямніцу ўласнага хросту, дасць ім больш глыбокае ўсведамленне апостальскага характару іх жыцця, які трэба рэалізаваць праз пашырэнне любові і праз евангелізацыйную місію. Кожны з іх яшчэ больш палымяна далучыцца да малітвы да Валадара жніва (пар. Мц 9, 38), каб Ён даў Касцёлу «пастыраў паводле свайго сэрца» (пар. Ер 3, 15), якія маюць вялікую любоў да Хрыста, Добрага Пастыра, прыпадабняюць свае сэрцы да Яго Сэрца і гатовыя пайсці па шляхах свету, каб усім абвяшчаць, што Ён — Дарога, Праўда і Жыццё5. Гэтаму павінна спадарожнічаць канкрэтная дзейнасць, мэта якой у тым, каб шмат маладых людзей, якія слухаюць голас Духа Святога, дзякуючы адпаведнай фармацыі маглі сёння ў глыбіні сваіх сэрцаў адказаць на вялікія спадзяванні Касцёла і чалавецтва і прыняць заклік Хрыста да прысвячэння сябе разам з Ім «за жыццё свету» (Ян 6, 51), з энтузіязмам і радасцю.

(…) У кульце Сэрца Езуса набылі рэальную форму прарочыя словы, згаданыя святым Янам: «Будуць глядзець на таго, каго прабілі» (Ян 19, 37; пар. Зах 12, 10). Гэта — кантэмплятыўнае бачанне, якое імкнецца дасягнуць глыбіні пачуццяў Езуса, сапраўднага Бога і сапраўднага чалавека. У гэтым кульце веруючы чалавек мацней і глыбей прымае таямніцу ўцелаўлення, праз якую слова стала салідарным з людзьмі, каб даць ім сведчанне, што Айцец іх шукае. Гэтае шуканне бярэ пачатак з нутра Бога, які «любіць» чалавека «спрадвеку ў Слове і жадае ўзнесці яго ў Хрысце да годнасці ўсыноўленага дзіцяці»6. Разам з тым культ Сэрца Езуса пранікае ў таямніцу адкуплення, каб адкрыць у ёй вымярэнне любові, якая схіліла Яго прынесці збаўчую ахвяру.

У Сэрцы Хрыста адбываецца жывое дзеянне Святога Духа, якога Езус прызнаў натхняльнікам сваёй місіі (Лк 4, 18; пар. Іс 61, 1) і прыйсце якога прадказаў на Апошняй Вячэры. Дух дапамагае ўбачыць усё багацце, што крыецца ў знаку прабітага боку Хрыста, з якога ўзнік Касцёл7. «З прабітага Сэрца Збаўцы, — пісаў Павел VI, — Касцёл нарадзіўся і адтуль атрымлівае пажыву, бо Хрыстус палюбіў Касцёл і выдаў за яго самога сябе, каб яго асвяціць, ачысціўшы воднаю купеллю, якая суправаджаецца словам (Эф 5, 25–26)»8. Таксама праз справу Духа Святога любоў, што пранікае Сэрца Езуса, разліваецца ў чалавечых сэрцах (пар. Рым 5, 5) і заахвочвае іх да адарацыі яго «неспасцігальнага багацця» (пар. Эф 3, 8), а таксама да таго, каб узносіць сыноўскія і даверлівыя малітвы да Айца (пар. Рым 8, 15–16) праз Уваскрослага, які «заўсёды жыве, каб заступацца за іх» (Гбр 7, 25).

(…) Увесь культ Сэрца Езуса ва ўсіх яго праявах глыбока эўхарыстычны; праяўляецца ў пабожных практыкаваннях, якія пабуджаюць вернікаў да жыцця ў гармоніі з Хрыстом «ціхім і пакорным сэрцам» (пар. Мц 11, 29), і паглыбляецца праз адарацыю. Гэты культ караніцца і дасягае сваёй кульмінацыі ў святой Імшы, асабліва нядзельнай, падчас якой сэрцы вернікаў, сабраных у братняй і радаснай супольнасці, слухаюць Божае слова, вучацца разам з Хрыстом прыносіць у ахвяру саміх сябе і ўсё сваё жыццё9, наталяюцца за пасхальным сталом Целам і Крывёю Адкупіцеля і праз поўны ўдзел у любові, што пульсуе ў Ягоным Сэрцы, стараюцца ўсё ў большай ступені быць вестунамі Евангелля і сведкамі салідарнасці і надзеі.

Падзякуем Богу, нашаму Айцу, які аб’явіў нам сваю любоў у Сэрцы Хрыста і асвяціў нас праз намашчэнне Святым Духам10 такім чынам, каб мы, яднаючыся з Хрыстом, пакланяючыся Яму на кожным месцы і паступаючы па-Божаму, прысвячалі Яму ўвесь свет11 і новае тысячагоддзе.

Усведамляючы гэтае вялікае пакліканне, якое стаіць перад намі, будзем прасіць дапамогі Найсвяцейшай Панны, Маці Хрыста і Маці Касцёла. (…) Няхай Яна асаблівым чынам дапамагае кожнаму хрысціяніну велікадушна і паслядоўна рэалізоўваць у жыцці сваю адданасць Хрысту, якая грунтуецца на сакрамэнце хросту, а належнае пацвярджэнне знаходзіць у асабістым ахвяраванні сябе Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса, бо толькі ў Ім чалавецтва можа знайсці прабачэнне і збаўленне.

 


  1. Энцыкліка Dives in misericordia, 13.
  2. Insegnamenti, XVII, 1 [1994], 1152.
  3. Lumen gentium, 10.
  4. Пасланне да Таварыства Езуса, 5 кастрычніка 1986 r.: Insegnamenti, IX, 2 [1986], 843.
  5. Пар. Pastores dabo vobis, 82.
  6. Tertio millennio adveniente, 7.
  7. Пар. Sacrosanctum Concilium, 5.
  8. Ліст Diserti interpretes.
  9. Sacrosanctum Concilium, 48.
  10. Пар. Lumen gentium, 10.
  11. Тамсама, 34.