У гісторыі Касцёла апосталы абвяшчалі слова Хрыста, імкнучыся без скажэнняў перадаць яго сваім паслядоўнікам, якія, у сваю чаргу, перадавалі яго наступным пакаленням, і так да нашага часу. Шмат вестуноў Евангелля аддалі жыццё за вернасць праўдзе Хрыстовага слова. Такім чынам, з клопату аб праўдзе сфармавалася Традыцыя Касцёла. Як было ў мінулыя стагоддзі, так і сёння ёсць людзі або супольнасці, якія, адыходзячы ад гэтай Традыцыі, хацелі б сказіць слова Хрыста і выключыць з Евангелля праўды, што, на іх думку, з’яўляюцца занадта нязручнымі для сучаснага чалавека. Яны імкнуцца стварыць уражанне, што ўсё — адносна, што праўды веры таксама залежаць ад гістарычнай сітуацыі і людской ацэнкі. Аднак Касцёл не можа дапусціць, каб змоўк Дух Праўды. За праўду Евангелля адказныя наступнікі апосталаў разам з Папам, а таксама і ўсе хрысціяне пакліканы да таго, каб узяць на сябе частку гэтай адказнасці, прымаючы яе аўтарытэтныя прадпісанні. Кожны хрысціянін павінен суадносіць свае асабістыя погляды з прадпісаннямі Евангелля і Традыцыі Касцёла, каб захаваць вернасць слову Хрыста, нават калі яно патрабавальнае і чалавеку яго цяжка зразумець. Мы не можам паддацца спакусе рэлятывізму ці суб’ектыўнага тлумачэння Святога Пісання. Толькі поўная праўда дасць магчымасць прыгарнуцца да Хрыста, які памёр і ўваскрос для нашага збаўлення.