ДЛЯ ЎШАНАВАННЯ І ПЕРАПРАШЭННЯ НАЙСВЯЦЕЙШАГА СЭРЦА ЕЗУСА

Месяц чэрвень прысвечаны асабліваму ўшанаванню Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Культ Сэрца Езуса быў вядомы яшчэ ў Сярэднявеччы, праўда, напачатку ён меў прыватны характар, а з XVII стагоддзя становіцца «ўласнасцю» ўсіх вернікаў і ўсяго Касцёла. Садзейнічалі гэтаму двое святых: святы Ян Эўдэс (па ўласнай ініцыятыве) і святая Маргарыта Марыя Алякок – згодна з наказамі, якія яна атрымала ад самаго Пана Езуса.

Св. Ян Эўдэс (1601–1680 гг.) у дэкрэце аб гераічнасці цнотаў (1903 г.) названы «стварыцелем літургічнага культу Сэрца Езуса і Марыі». У беатыфікацыйным брэве напісана, што ён першы распачаў публічны культ Сэрца Езуса і Марыі, склаў афіцыум і св. Імшу на іх ушанаванне. Апрача таго, ён спалучыў набажэнства да Сэрца Езуса з набажэнствам да Сэрца Марыі, а таксама ўключыў гэтыя набажэнствы ў літургію Касцёла. Паставіўшы мэтаю свайго жыцця распаўсюджванне культу і набажэнства да Сэрца Пана Езуса і Сэрца Марыі, ён заснаваў законную супольнасць (1641 г.), святары якой павінны былі «прафесійна» займацца пашырэннем культу і набажэнства. Святы Эўдэс перадаў сваім духоўным сынам у спадчыну асаблівыя набажэнствы і малітвы, сярод якіх цудоўны заклік: «Вітай, Найсвяцейшае Сэрца, вітай, наймілейшае Сэрца Езуса і Марыі!». У 1643 г. ён прадпісаў свайму закону святкаваць урачыстасці Найсвяцейшага Сэрца Езуса (20 кастрычніка) і Найсвяцейшага Сэрца Марыі (8 лютага) і склаў афіцыум на гэтыя святы. У 1648 г. св. Ян Эўдэс выдаў кніжку «Аб набажэнстве да Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Марыі».

Святы Пій Х беатыфікаваў Яна Эўдэса ў 1909 годзе, а Папа Пій ХІ кананізаваў яго ў 1925 годзе.

Але галоўная заслуга ў распаўсюджванні набажэнства да Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса належыць сястры візітцы св. Маргарыце Марыі Алякок. Яна нарадзілася 22 ліпеня 1647 г. у Латкуры (Францыя). У 24 гады Маргарыта ўступіла ў закон Наведвання Найсвяцейшай Панны Марыі (сясцёр візітак) у Парэ-ле-Маньяль, дзе 27 снежня 1673 г. падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту ёй аб’явіўся Пан Езус, які паказаў ёй сваё поўнае агню Сэрца. Езус сказаў: «Маё Божае Сэрца так палае любоўю да людзей, што не магу больш утрымаць гэтага палаючага агню, закрытага ў маім лоне. Маё Сэрца прагне разліць гэты агонь пры тваім пасрэдніцтве і ўзбагаціць людзей сваімі Божымі скарбамі». Пасля гэтых слоў Пан Езус узяў сэрца сястры Маргарыты і сімвалічна змясціў яго ў сваім Сэрцы. Потым, ужо перамененае і палаючае, аддаў ёй. Яна пачула суцяшальныя словы: «Дагэтуль ты насіла толькі імя маёй слугі. Сёння даю табе новае імя — умілаванай вучаніцы Майго Сэрца».

Падчас другога аб’яўлення ў пачатку 1674 г. Маргарыта ўбачыла на троне Сэрца Пана Езуса, прамяністае, як сонца. Пан Езус аб’явіў, што хоча ўвесці новае набажэнства, каб выратаваць шмат душаў ад вечнай згубы, а для справядлівых быць шляхам іх большага асвячэння. Ён назваў дабрадзейнасці і ласкі, якія абяцаў шанавальнікам свайго Сэрца. «Гэтае набажэнства, — піша св. Маргарыта, — апошняе намаганне Яго любові, і будзе для людзей адзіным паратункам у апошнія часы». Сярод розных формаў ушанавання Пан Езус пажадаў таксама ўшанавання выяваў свайго Сэрца.

У тым жа годзе было і трэцяе вялікае аб’яўленне. Падчас выстаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту сястра Маргарыта ўбачыла Пана Езуса, «прамянеючага хвалой, са стыгматамі пяці ранаў, яснеючымі, як сонца». Пан Езус ізноў паказаў сваё Сэрца ў паўнаце бляску. Ён пажадаў, каб за няўдзячнасць і знявагі, якія церпіць Яго Сэрца і Яго аказаная людзям любоў, пабожныя душы перапрашалі гэтае Сэрца, зраненае грахамі і людской няўдзячнасцю. Потым Пан Езус пажадаў, каб кожную ноч з чацвярга на першую пятніцу паміж 23 і 24 гадзінамі адбывалася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту на ўспамін Яго малітвы ў Садзе Аліўным (святая гадзіна, гл. малітоўнік «Ойча наш», с. 355), а таксама заахвоціў ахвяраваць святую Камунію ў першыя пятніцы месяца ў інтэнцыі перапрашэння Божага Сэрца за людскія грахі і абыякавасць.

Апошняе вялікае аб’яўленне адбылося ў пятніцу 10 чэрвеня 1675 г., пасля актавы Божага Цела. Калі сястра Маргарыта кленчыла перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, ёй аб’явіўся Пан Езус, які адсланіў сваё Сэрца і сказаў: «Вось Сэрца, якое так палюбіла людзей, што дзеля любові да іх не шкадавала нічога, аж да поўнага вынішчэння, і ўзамен за гэта ад большасці людзей атрымлівае толькі прыкрую няўдзячнасць, пагарду, непашану, знявагу, абыякавасць і святатацтвы, якімі яны раняць Яго ў гэтым Сакрамэнце Любові. Але найбольш Мяне раніць тое, што падобна да гэтага са Мною абыходзяцца сэрцы, асабліва прысвечаныя Маёй службе. Таму жадаю, каб з гэтага моманту першая пятніца пасля актавы Божага Цела была прысвечаная як асобнае свята на ўшанаванне Майго Сэрца і перапрашэнне праз Камунію і іншыя пабожныя практыкі за знявагі, якія цярплю... Узамен за гэта абяцаю табе, што Маё Сэрца разліе шчодрыя ласкі на ўсіх тых, хто такім чынам будзе Яго ўшаноўваць альбо садзейнічаць распаўсюджванню ўшанавання».

Езус Хрыстус даў св. Маргарыце Марыі Алякок абяцанні для тых, хто ўшаноўвае Яго Боскае Сэрца:

1. Дам ім усе неабходныя ласкі.

2. Згода і супакой будуць панаваць у іх сем’ях.

3. Буду суцяшаць іх у кожным смутку.

4. Буду для іх бяспечным прытулкам пры жыцці, а асабліва — у хвіліну смерці.

5. Удзялю шчодрае благаслаўленне ўсім іх пачынанням.

6. Грэшнікі знойдуць у Маім Сэрцы крыніцу бясконцай міласэрнасці.

7. Абыякавыя душы стануць адданымі.

8. Адданыя душы хутка дасягнуць вышыняў дасканаласці.

9. Абяцаю благаслаўляць дамы, дзе будзе знаходзіцца і ўшаноўвацца абраз Майго Сэрца.

10. Святарам дам сілу зрабіць чулымі самыя зацвярдзелыя сэрцы.

11. Імёны тых, хто будзе пашыраць гэтае набажэнства, будуць упісаны ў Маё Сэрца і застануцца ў ім назаўсёды.

12. Абяцаю ў шчодрай міласэрнасці Майго Сэрца, што ўсіх, хто на працягу дзевяці месяцаў у першыя пятніцы будзе прымаць святую Камунію, Мая ўсемагутная любоў адорыць ласкаю шчырага пакаяння; што не памруць ні без Маёй ласкі, ні без святых сакрамэнтаў, і што Сэрца Маё станецца для іх бяспечным прытулкам у хвіліну смерці (гл. малітоўнік «Ойча наш», с. 378).

Св. Маргарыта пісала: «Вялікую ласку, якой я, безумоўна, не вартая, аказаў мне Пан Езус, які падараваў мне сваё Сэрца разам са сваім крыжам і сваёй любоўю». Візіі працягваліся да 1689 г., а памерла св. Маргарыта 16 кастрычніка 1690 г.

Толькі пасля карпатлівых даследаванняў Апостальская Сталіца дала дазвол на адзначэнне свята, а таксама на ўшанаванне выяваў Сэрца Езуса ў тых формах, якія цяпер усюды распаўсюджаны. Паўторна Касцёл пацвердзіў аб’яўленні, дадзеныя св. Маргарыце Марыі Алякок, калі яна была бэатыфікавана ў 1864 г., а кананізавана 13 мая 1920 г. У касцёле сясцер візітак у Парэ-ле-Маньяль у Францыі ёсць капліца св. Маргарыты Марыі Алякок, у алтары якой знаходзяцца яе рэліквіі.

У 1765 г. Папа Клеменс ХІІІ (амаль праз 100 гадоў пасля аб’яўленняў) зацвердзіў набажэнства да Сэрца Пана Езуса, а таксама ўстанавіў свята для некаторых манаскіх супольнасцяў і дыяцэзій. Папа Пій ІХ у 1856 г. пашырыў свята Сэрца Пана Езуса, зацвердзіўшы яго адзначэнне ва ўсім Касцёле. 31 снежня 1899 г. Папа Леў ХІІІ аддаў у апеку Сэрцу Езуса увесь Касцёл і ўсё чалавецтва, і ў гэтым жа годзе была зацверджана Літанія да Найсвяцейшага Сэрца Езуса, амаль што ўсе заклікі якой паходзяць са Святога Пісання, а таксама апублікавана энцыкліка Annum Sacrum. У гэтай энцыкліцы Папа заклікае ўсіх вернікаў, каб, ахвяруючы сябе, па ўласнай волі аддаліся ўладзе Хрыста – уладзе праўды, справядлівасці, а перадусім — уладзе любові. Ісціна ў тым, што самі па сабе мы не здольныя ахвяраваць Пану нічога, што б не належала Яму. Тым не менш, у сваёй бязмежнай дабрыні і любові Ён не адкідвае таго, што належыць Яму, але прымае тое, што мы вяртаем і ахвяруем Яму так, як бы гэта належала нам; больш за тое, Езус не толькі не адкідвае, але просіць аб гэтым: «Сын, ахвяруй Мне сваё сэрца».

У 1928 г. Пій ХІ у энцыкліцы Miserentissimus Redemptor заахвоціў развіваць культ Сэрца Езуса і перапрашэння Яго за грахі, а таксама кожны год узнаўляць акт аддання Найсвяцейшаму Сэрцу Пана Езуса, складзены Львом ХІІІ, і аддаваць у апеку ўсе сем’і.

У набажэнстве да Сэрца Езуса Касцёл бачыць знак любові Бога да людзей і праз яго хоча абудзіць у людскіх сэрцах любоў да Бога. Сам Хрыстус надаў гэтаму набажэнству перапрашальны сэнс: яно павінна зрабіць нас чуйнымі на грэх, мабілізаваць нас у імя любові Хрыста да барацьбы з грахом, а таксама да перапрашэння за тых, хто найбольш раніць Божае Сэрца. Хто любіць Божае Сэрца, той будзе імкнуцца перапрашаць Яго за грахі братоў.

Бог ёсць любоўю. З любові Божага Сэрца існуюць гэты свет і чалавецтва. Хоць чалавечы род здрадзіў Пану Богу, свайму Стварыцелю, Бог не перастаў яго любіць. Доказам гэтай неспасцігальнай любові было ахвяраванне свайго Сына. Увасабленнем гэтай найвялікшай Божай любові з’яўляецца Сэрца Езуса. Менавіта гэтая любоў да людзей загадала Езусу прыйсці на зямлю, прыняць дзеля збаўлення чалавецтва бязлітасную муку і смерць. З любові гэтага Сэрца паўсталі Касцёл і святыя сакрамэнты, а сярод іх — Сакрамэнт Любові — Эўхарыстыя. Жахлівае цярпенне Езуса ў Садзе Аліўным было не бояззю мучэнняў на крыжы, а пагружэннем у бездань зняважанай любові, якая аддае людзям усю бясконцасць Божай Асобы, а людзі яе нават не заўважаюць. Толькі логіка любові можа вытлумачыць набажэнства да Сэрца Езуса і неабходнасць перапрашэння Езуса за зняважаную любоў. Той, хто разумее гэтую логіку, мае непераадольную патрэбу перапрашаць Езуса за гэты боль.

Набажэнства да Сэрца Езуса ўскладае на нас таксама і абавязкі. Чалавек не павінен злоўжываць дабрынёй Божага Сэрца, ён павінен бязмежна давяраць гэтаму Сэрцу, звяртацца да гэтага Сэрца ў кожнай патрэбе. Але найперш мы павінны старацца не раніць зноў гэтае Сэрца грахамі. Калі ж чалавечая слабасць усё ж піхне нас у багну граху і няволю сатаны, мы заўсёды маем права давяраць Божай Міласэрнасці, гатовай у кожны момант прыйсці нам на дапамогу. Набажэнства да Сэрца Езуса прыспешвае наследаваць цноты Езуса, а перадусім заклікае да любові ва ўсіх яе праявах.

Практыка дзевяці першых пятніц заключае ў сабе праграму новага, паглыбленага, навяртання. Яно павінна адбыцца Божаю моцаю, а не праз людскія пастанаўленні і намаганні, таму цэнтральным у гэтай практыцы з’яўляецца значэнне сакрамэнтаў. З іншага боку, час (9 месяцаў), прызначаны на духоўнае аднаўленне, дастатковы для таго, каб чалавек мог умацавацца ў сваім навяртанні. Існуе слушная надзея на тое, што католік, які на працягу дзевяці месяцаў вытрываў і шчыра паглыбляў сваю веру, ніколі ўжо не сыдзе са шляху Божага, і смерць, хоць бы і прыйшла неспадзявана, не застане яго адвернутым ад Бога.

Многія вернікі ўсё сваё жыццё стараюцца ў першую пятніцу месяца прыступаць да перапрашальнай споведзі і святой Камуніі. І гэта натуральны рытм працы над сабой, у выніку якой перастае быць важным, ці дзевяць пятніц ужо «скончыліся», ці іх «набралася» больш. Лічыцца любоў і воля трывання пры Пану, каб перапрасіць і ўшанаваць Яго.

Але набажэнства першых пятніцаў не з’яўляецца нейкай магічнай практыкай. Чалавек не павінен стаць самаўпэўненым: «Адбыўся мой удзел у набажэнствах дзевяці першых пятніц, і неба мне ўжо гарантаванае, то цяпер... гуляй, душа!». Зусім не. Чалавек, слабы па сваёй натуры, заўсёды можа выбраць зло і грэх, а ў выніку — вечнае асуджэнне. Езус адорвае шматлікімі ласкамі тых, хто годна прымае Найсвяцейшы Сакрамэнт і спавядаецца ў першыя пятніцы месяца, каб іх выбарам было неба. Сапраўднае набажэнства першых пятніц — гэта адказ на любоў Сэрца Езуса сваёй любоўю, як кажа святы Аўгустын: «Мера любові Бога — любіць Яго без меры».

Асаблівай ўвагі заслугоўваюць асабістыя альбо грамадскія прысвячэнні Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса, праз якія чалавек аддаецца Богу цалкам і беззваротна. Практычным праяўленнем асабістага прысвячэння з’яўляецца штодзённае ахвяраванне Божаму Сэрцу сваіх малітваў, працы і цярпенняў. Да грамадскага прысвячэння Божаму Сэрцу адносяцца прысвячэнні сям’і, законных супольнасцяў, парафій, дыяцэзій, гарадоў.

Матэрыял падрыхтаваны
паводле рэлігійных сайтаў у Інтэрнэце.

Глядзі таксама:

  • НАВЭННА ДА НАЙСВЯЦЕЙШАГА СЭРЦА ПАНА ЕЗУСА
  • ВЯНОЧАК ДА НАЙСВЯЦЕЙШАГА СЭРЦА ПАНА ЕЗУСА