З’яўленне Маці Божай у Будславе

Срэбная хмарка з галінкаю пальмы
з Рыму спяшае ў Будслаў заспаны.
Раннія зоркі таночак вялі,
зоркі з прамення вяночак сплялі.
Выткалі зёлкі жывы дыванок —
Срэбны аклад пад зорны вянок.

Нехта спяшаўся на золку ў барок.
Нехта змуціў праз Сэрвач брадок.
Скрыпнуў на Сэрвачы тонкі масток,
выткалі росы чысты слядок.

Здзіўлены ўкленчыў брат Бернардзін:
Ясная Панна не з дзікіх мясцін —
Божая Маці ў зорным вянку
з Дзіцяткам Божым на тым дыванку.

— Божая Маці, благаславі
Святасцю сэрца ўмацуй у любві!
Божая Маці ў промнях святла
з Дзіцем у ззянні на неба ўзышла.


 
           Абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі

Дзяўчынка Ясная Панна
на абразочку заспана:
маленькі Сын Божы, наш Пан,
цэлую ночку не спаў.

Правы Сынаў сандалік
згубіўся з ножкі дзіцячай,
левы Сынаў сандалік
шнурком зачапіўся за пальчык.

О, Панна благаславёна,
слязьмі вышывае карону,
слёзкі, бы ягадкі, спеюць,
дыямантамі камянеюць...

Слязінкі на промень ніжа,
сушыць іх свечкі агеньчык.
Анёлак трымае крыжык —
маленькі, з дзвюх папярэчак...


 
Пілігрымка ў Тракелі

Лютага гневу аж пеніўся келіх,
усе адпілі па глытку...
Пойдзем сям’ёй у святыя Тракелі
па сонейку, па халадку.

Лічба ружанцамі збройнага войска
процьма і цьма, Божы стан.
Брамы пільгрымам разнасцежыць вёска,
золак пасцеле туман.

Божанька пройдзе па вуліцы пешкі,
цёплы не колецца жвір.
Конь – белы воблак, плашч зорны – вершнік,
княжа святы Казімір.

Князь Казімір пачынае Ружанец:
«Поўная ласкі, вітай!»
Божая Маці ў святочной пашане
выйдзе, абніме наш край.

Данута Бічэль