2 ліпеня 2006 года арцыбіскуп Мітрапаліт архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве адзначае срэбраны юбілей свайго святарства. На сённяшні дзень гэта вялікая па тэрыторыі каталіцкая архідыяцэзія Расіі, да якой належыць не толькі Масква. У яе межах таксама знаходзяцца такія буйныя і вядомыя свету гарады, як Калінінград, Санкт-Пецярбург, Петразаводск, Мурманск, Волагда, Архангельск, Перм, Курск, Ніжні Ноўгарад, Бранск, Смаленск, Разань, Арол, Твер, Тула, Калуга, Яраслаўль.

Калі 15 гадоў таму былі адноўлены каталіцкія структуры ў Расіі і калі тагачаснага Апостальскага адміністратара для католікаў у Беларусі біскупа Тадэвуша Кандрусевіча прызначылі Апостальскім адміністратарам для католікаў заходняй часткі Расіі, на гэтай тэрыторыі было толькі два касцёлы: св. Людвіга ў Маскве і Маці Божай з Люрда ў Санкт-Пецярбурзе. Афіцыйна душпастырамі працавалі толькі два святары. На сёняшні дзень у архідыяцэзіі працуюць 134 святары.

Сёння там зусім іншая сітуацыя. Божы Провід паслужыўся нашым земляком такім чынам, каб у гэтай частцы Расіі ўваскрос да новага жыцця Каталіцкі Касцёл, які знішчаўся дзяржаўнай атэістычнай сістэмай больш за 80 гадоў.

Срэбраны юбілей святарства Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, які як святар, а потым і як біскуп працаваў у Беларусі, наводзіць таксама і на роздум пра той шлях, які Добры Пастыр прызначае свайму слузе дзеля духоўнага дабра прысвечаных яго апецы душаў.

Святарская і душпастырская фармацыя Мітрапаліта Тадэвуша складалася пад уздзеяннем традыцый некалькіх народаў: польскага, літоўскага, беларускага. Вядома, што духоўная фармацыя пачынаецца з бацькоўскага дома. Нарадзіўся ён 3 студзеня 1946 года ў Адэльску, каля Гродна, дзе ў мясцовай парафіі атрымаў першыя Божыя дары. У 1962 годзе скончыў школу ў Гродне і паступіў у Гродзенскі педагагічны інстытут, які быў вымушаны кінуць з-за нападкаў на яго веру. У 1964 годзе паступіў у Ленінградскі політэхнічны інстытут, які выдатна скончыў у 1970 годзе, і пасля, да 1976 года, працаваў у Вільнюсе інжынерам. За гэты час Тадэвуш Кандрусевіч канчаткова вырашыў стаць святаром і паступіў у Каўнаскую духоўную семінарыю.

31 мая 1981 года, пасля заканчэння семінарыі, ён прыняў святарскае пасвячэнне. З 1981 года да 1986 года служыў вікарыем у Вострай Браме ў Вільні, потым — вікарыем у касцёле Маці Божай Кармэліцкай у Друскінінкаі, вікарыем у касцёле Святога Духа ў Вільні. Завочна вучыўся ў Каўнаскай семінарыі на факультэце тэалогіі, абараніў магістэрскую дысертацыю па матэрыялах ІІ Ватыканскага Сабору, а пасля стаў доктарам Кананічнага Права.

З 1988 года быў прызначаны пробашчам у парафію Маці Божай Анёльскай у Гродне і пасля 28-гадовага перапынку ўзнавіў рэгулярнае душпастырства ў гродзенскім Фарным касцёле.

5 ліпеня 1989 года, едучы ў Марыйны санктуарый у Гудагаі, Тадэвуш Кандрусевіч даведаўся аб сваім прызначэнні Апостальскім адміністратарам для католікаў Беларусі. Кансэкрацыя адбылася 20 кастрычніка 1989 года ў базыліцы св. Пятра ў Рыме. Дэвіз яго пастырскага служэння: «Quis ut Deus?» («Хто ж, калі не Бог?»).

Так распачаўся новы, надзвычай руплівы, праўда, кароткі, перыяд у яго пастырскай дзейнасці. Гэта ўжо быў час перабудовы, калі ўзнаўлялася душпастырства ў парафіях на захадзе Беларусі, а таксама на ўсходзе, дзе ўжо амаль 70 гадоў не было каталіцкіх парафій. Упершыню пасля доўгіх гадоў перапынку духоўнага жыцця ў Віцебск, Полацк, Оршу, Магілёў, Гомель, Бабруйск, Мозыр, Барысаў і іншыя гарады і мястэчкі прыехалі святары з Польшчы. Была створана Духоўная семінарыя ў Гродне, першая ў Беларусі пасля 1939 года.

13 красавіка 1991 года біскуп Тадэвуш Кандрусевіч быў прызначаны Апостальскім адміністратарам для католікаў еўрапейскай часткі Расіі і атрымаў тытул арцыбіскупа.

Хоць сітуацыя з каталіцкімі святарамі ў Беларусі ў той час была вельмі няпростая, разам з арцыбіскупам на душпастырскую працу ў Расію выехалі некалькі святароў, якія дапамагалі і цяпер дапамагаюць яму ў выкананні душпастырскіх абавязкаў.

У 1998 годзе ў Расіі былі арганізаваны яшчэ дзве адміністратуры. 11 лютага 2002 года Апостальская Сталіца ўзвысіла адміністратуру да рангу Мітраполіі, узняўшы арцыбіскупа да годнасці Мітрапаліта.

Ці патрэбны былі каталіцкія душпастыры ў Расіі? Ці трэба было ствараць адміністрацыйныя структуры у Расіі? Так, безумоўна. У мінулыя стагоддзі і дзесяцігоддзі многія нашы суайчыннікі, у тым ліку і католікі, апынуліся ў Расіі ў якасці ці то зняволеных, ці то высланых, ці то размеркаваных на працу пасля вну. Толькі ў Маскве ў 1990 годзе, згодна з афіцыйнымі дадзенымі, пражывала каля 22000 жыхароў польскай нацыянальнасці, і гэта ў большасці былі католікі. Так склалася ў тыя часы, калі людзей хацелі пазбавіць іх нацыянальнай самасвядомасці і стварыць адзіны утапічны савецкі народ. А колькі было яшчэ католікаў іншых нацыянальнасцяў, у тым ліку беларусаў! У той час існавала працоўная міграцыя на ўсход, а цяпер — на за- хад, і нашы браты праваслаўныя арганізуюць душпастырства на захадзе для вернікаў, якія паехалі туды ў пошуках працы і лепшых жыццёвых ўмоваў, і ў гэтым няма нічога незвычайнага.

Калі ў паўсюдным Каталіцкім Касцёле рэформы ІІ Ватыканскага Сабору былі на завяршальным этапе, у Расіі яны толькі распачаліся пад кіраўніцтвам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Было шмат працы. Так, былі перакладзены на рускую мову Рымскі Імшал, Лекцыянарый, з’явіліся спеўнікі, іншыя неабходныя ў душпастырстве літургічныя кнігі. З’явілася першая каталіцкая газета «Свет Евангелия», нязменным рэдактарам якой на працягу гэтых гадоў застаецца наш зямляк з Ліды Віктар Хруль. З вялікімі цяжкасцямі быў вернуты і адрэстаўраваны касцёл, які пабудавалі ў 1910 годзе палякі (цяпер гэта архікатэдра). Будуецца курыя для патрэбаў Мітраполіі. Радасцю расійскіх католікаў стала адкрыццё ў 1993 годзе семінарыі ў Санкт-Пецярбурзе, якую скончылі некаторыя юнакі з Беларусі, што і цяпер працуюць у парафіях у Расіі. Быў адкрыты каталіцкі каледж імя св. Тамаша Аквінскага, які з’яўляецца вялікаю дапамогаю ў атрыманні навуковай ступені па касцёльных навуках.

У 1999 годзе арцыбіскуп быў абраны Старшынёю Каферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Расіі і ўзначальваў яе дзейнасць на працягу двух тэрмінаў. Ён з’яўляецца членам Папскай Рады па праблемах аховы здароў’я, членам Асобай Рады па справах Еўропы Генеральнага Сакратарыята Сінода Біскупаў Рыма-каталіцкага Касцёла, членам Рады па ўзаемадзеянні з рэлігійнымі арганізацыямі пры Прэзідэнце Расіі, сустаршынёю Хрысціянскага міжканфесійнага кансультацыйнага камітэта, ганаровым доктарам некалькіх замежных універсітэтаў.

Яшчэ будучы Апостальскім адміністратарам у Беларусі, на асвячэнні вуглавога каменя пад будову новага касцёла ў Мастах, біскуп Тадэвуш Кандрусевіч сказаў, што Pontifex Maximus называюць таго, хто наводзіць масты. Так стала і ў яго служэнні — ён, паслухмяны Апостальскай Сталицы, будаваў масты да Бога на працягу 25-ці гадоў для ўсіх тых, хто імкнуўся да Пана.

Ён клапоціцца пра тое, каб каталіцкія парафіі былі раўнамерна размеркаваны па ўсёй тэрыторыі Расіі, даверанай Апостальскай Сталіцай яго пастырскай дзейнасці. Ён стаў тым моцным звяном, якое злучае братнія Касцёлы, і менавіта ён запрасіў з іншых краінаў душпастыраў для працы ў Расіі.

Шматлікія сімпозіумы, канферэнцыі, сустрэчы, як на дыяцэзіяльным, так і на міждыяцэзіяльным узроўнях, сведчаць аб разуменні Мітрапалітам важнасці выкарыстання новых формаў евангелізацыі ва ўмовах секулярызацыі.

Не меншае значэнне Мітрапаліт надае адпаведнаму падыходу да выкарыстання сродкаў масавай інфармацыі дзеля пашырэння евангелізцыі. Шматлікія прэс-канферэнцыі з удзелам карэспандэнтаў розных тэлерадыёкампаній — яскравае сведчанне таго, што ва ўмовах секулярызацыі Касцёл можа і павінен як мага больш эфектыўна выкарыстоўваць сучасныя сродкі камунікацыі.

Кіруючы архідыяцэзіяй Маці Божай у Маскве, Мітрапаліт прыклаў вялікія намаганні да таго, каб католікі Расіі, якія перажылі пераслед веры і жалезную заслону атэізму, маглі мець сувязі з католікамі іншых краінаў. На многіх хрысціянскіх міжнародных сустрэчах прысутнічаюць таксама католікі з Расіі. Яны выказваюць свае сведчанні аб мінулых выпрабаваннях, а таксама свае меркаванні пра тое, як быць сведкамі Хрыста ў сучасным свеце, ва ўмовах секулярызацыі, якая шырокімі хвалямі захоплівае ўсё больш людзей і, здараецца, ператварае пабожныя ў недалёкім мінулым каталіцкія краіны ў постхрысціянскія.

Час паслугі Мітрапаліта прыпаў на перыяд збірання сведчанняў аб прыкладах хрысціянскай сталасці вернікаў Каталіцкага Касцёла ва ўмовах пераследу рэлігіі. Духоўныя і свецкія асобы адпаведнай кваліфікацыі збіралі сведчанні аб тых, хто пацярпеў за Хрыста. Вынікам гэтай працы стаў зборнік з біяграфічнымі звесткамі пра такіх людзей — мучанікаў веры.

Так, як і на Беларусі, у Расіі з часоў кастрычніцкай рэвалюцыі не было каталіцкай прэсы, і Касцёл не меў доступу да друку. Развіццё каталіцкага друку стала мажлівым толькі з прыходам біскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Быў створаны інфармацыйна-выдавецкі цэнтр «Истина и жизнь», салезіянскае і францішканскае выдавецтвы, Духоўная бібліятэка, што дало магчымасць для больш актыўнага духоўнага развіцця вернікаў. Быў зроблены падмурак для развіцця каталіцкай лексікі. За гэты час выйшлі ў свет два тамы каталіцкай энцыклапедыі. Як літургічныя кнігі, так і энцыклапедыя, а таксама і прэса, сталі важнымі сродкамі для пашырэння евангелізацыі рускамоўнага насельніцтва не толькі ў Расіі, але і ў іншых постсавецкіх краінах.

Таксама былі дасягнуты значныя поспехі ў галіне катэхізацыі. На рускую мову быў перакладзены Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, што дало магчымасць душпастырам сучаснаю моваю гаварыць вернікам аб праўдах веры Каталіцкага Касцёла, перадаваць святло Хрыста пасля доўгай начы атэізму.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч з’яўляецца прэзідэнтам дыяцэзіяльнай арганізацыі «Карытас», якая была створана ў Расіі пры яго падтрымцы. Дзякуючы яму, арганізацыі «Карытас» і замежным дабрачынцам былі рэалізаваны многія праекты па дапамозе людзям, якія апынуліся ў бядзе. Зазначым, што менш чым праз год пасля выдання Ватыканам Кампендыума сацыяльнага вучэння Касцёла быў зроблены яго пераклад на рускую мову і выдадзены асобнай кнігай.

Праходзіць час, і змяняюцца ўмовы і абставіны служэння Касцёлу. Так, калі на пачатку існавання Духоўнай семінарыі яе выкладчыкамі былі замежныя святары, то сёння, пасля заканчэння каталіцкіх універсітэтаў у Еўропе, гэтыя абавязкі выконваюць таксама і мясцовыя святары. Яны выкладаюць як у семінарыі, якая з 2000 года з’яўляецца філіялам Папскага Латэранскага універсітэта, так і ў каледжы св. Тамаша Аквінскага. Але заданне, якое калісьці паставіў Хрыстус Апосталам, для святароў, а асаблива для біскупа, які мае поўню святарства, застаецца нязменным: «Ідзіце і навучайце ўсе народы».

Юбілей — гэта час для таго, каб агледзець і ацаніць усё зробленае. Але гэта таксама час падзякі за дары і ласкі, атрыманыя ад Пана Бога. Мы ўдзячныя Богу за нашага земляка, якім Ён паслужыўся для аднаўлення дзейнасці Каталіцкага Касцёла ў Расіі.

Жадаем арцыбіскупу Мітрапаліту Тадэвушу Кандрусевічу шчодрых Божых дароў і ахвярных супрацоўнікаў — духоўных, кансэкраваных і свецкіх асобаў — для выканання той місіі, якую яму вызначыў Бог.

Біскуп Антоні Дзям’янка