Увечары 13 мая ў віцебскім катэдральным касцёле святой Барбары праходзіў урачысты сход, прысвечаны памяці Слугі Божага Папы Яна Паўла ІІ Вялікага.

Дзень быў выбраны невыпадкова: роўна 25 гадоў таму на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане адбыўся замах на жыццё Папы, але заступніцтва Маці Божай Фацімскай уратавала тады Святога Айца ад смерці. Сярод шматлікіх гасцей на сходзе прысутнічалі губернатар Ватыкана кардынал Эдмунд Казімір Шока разам з папскім цырыманіярыем пралатам Конрадам Краеўскім, якія прыбылі ў нашую краіну па запрашэнні Віцебскага біскупа Уладзіслава Бліна, а таксама Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Марцін Відавіч.

Падчас сходу адбыўся канцэрт з удзелам беларускіх і польскіх дзеячаў культуры, арганізаваны намаганнямі консула пасольства Польшчы ў Мінску Кшыштафа Свідэрэка.

Напачатку з прывітальным словам да прысутных і выканаўцаў звярнуўся кардынал Эдмунд Казімір Шока, які падкрэсліў вялікую ролю Яна Паўла ІІ у справе яднання людзей, яго важкі ўнёсак у развіццё гуманістычных традыцый Касцёла. Высокі госць распавёў таксама пра свае беларускія карані (яго продкі паходзілі з Гродзеншчыны) і падзякаваў віцябчанам і біскупу дыяцэзіі Уладзіславу Бліну за магчымасць наведаць зямлю продкаў.

Затым да прысутных звярнуўся Нунцый Марцін Відавіч, які, у прыватнасці, сказаў: «Імя Слугі Божага Папы Яна Паўла ІІ стала сінонімам павагі да чалавека і сцвярджэння яго годнасці, сінонімам міру і супрацоўніцтва паміж людзьмі і народамі. Ён заўсёды праяўляў вялікую прыхільнасць да Беларусі і да ўсіх, хто жыве ў гэтай краіне, заўсёды меў у сэрцы жыхароў гэтай зямлі, якая дваццаць гадоў таму так моцна пацярпела ад ядзернай катастрофы ў Чарнобылі. Калі ў мінулыя гады Ян Павел ІІ Вялікі быў сябрам Касцёла і народа Беларусі, сёння ён з’яўляецца іх заступнікам у небе». Нунцый таксама выказаў падзяку католікам Віцебскай дыяцэзіі і ўсім, хто прычыніўся да правядзення такой цудоўнай малітоўна-культурнай сустрэчы.

Праграму канцэрта склалі творы розных часоў і розных музычных кірункаў, але агульным для іх усіх быў высокі ўзровень выканаўчага майстэрства. Выдатна выступіў гурт старадаўняй музыкі катэдральнага касцёла святой Барбары ў Віцебску. Уразіла каларытнаю манераю спеву і цудоўным сапрана Агата Марцэвіч-Шыманьска. Хвіліны радаснага далучэння да сапраўднага мастацтва падаравала слухачам група «Веnе». Удала дапоўніў музычную частку канцэрта чытаннем уласных твораў святар і паэт Вацлаў Бурыла. Сярод гасцей, што прыйшлі паслухаць знакамітасцяў, былі прадстаўнікі польскага Сейму і віцебскіх уладаў, міністэрства замежных справаў Рэспублікі Польшча, консульства Латвіі ў Віцебску і консульскага аддзела пасольства Польшчы ў Мінску, творчай інтэлігенцыі Беларусі і Польшчы.

Такім чынам у дзень Маці Божай Фацімскай католікі з розных краін і ўсе, хто прычыніўся да правядзення гэтага міжнароднага сходу, выказалі сваю падзяку Слугу Божаму Яну Паўлу ІІ з надзеяй і верай, што насуперак усім выклікам жыцця Яе «Беззаганнае Сэрца ўрэшце затрыумфуе».

Францішак Дубраўскі.
Фота Карнэлія Консэка.