У суботу 6 мая на 68-м годзе жыцця і 21-м годзе святарскага служэння адышоў у вечнасць ксёндз Мечыслаў Лабяк, пробашч парафіі ў Чэрвені Мінскай вобласці і душпастыр парафіі ў Мар’інай Горцы.

Святой памяці ксёндз Мечыслаў нарадзіўся ў мнагадзетнай каталіцкай сям’і на Львоўшчыне (Украіна). Пасля сумных падзей напрыканцы Другой сусветнай вайны, калі ў яго роднай парафіі ў выніку нацыяналістычных хваляванняў загінулі пробашч і вікарый з ордэна бэрнардынцаў і яшчэ 30 католікаў мужчын, сям’я пераехала ў Польшчу.

Спачатку будучы ксёндз працаваў ветэрынарным доктарам. Потым, пачуўшы Божае пакліканне да святарства,паступіў у духоўную семінарыю ў Лодзі. Пасля заканчэння семінарыі працаваў у розных парафіях Польшчы.

У Беларусь прыехаў шэсць гадоў назад, працаваў у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі – спачатку ў парафіі святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл), а затым быў прызначаны пробашчам парафіі ў Чэрвень. Навакольныя парафіі — Суцін, Блонь, Мар’іна Горка, Шабуні, Шацк і іншыя – пасля рэпрэсій і перыяду атэізму не мелі душпастыраў на працягу амаль 80 гадоў, таму для новапрызначанага святара было шмат не толькі душпастырскай, але і арганізацыйнай працы. Ксёндз Мечыслаў арганізаваў пастаяннае душпастырства навакольных мясцовасцяў, з дапамогай дабрачынцаў распачаў будову касцёла ў Чэрвені.

...Яшчэ раніцаю ў суботу ксёндз Мечыслаў быў на будоўлі і цешыўся, гледзячы, як будаўнікі крыюць дах касцёла дахоўкай. Потым пайшоў у памяшканне, дзе працаваў і дзе была капліца, у якой ужо збіраліся вернікі на малітву. На жаль, набажэнства не адбылося – сэрца святара перастала біцца.

Разам з вернікамі парафій, дзе працаваў руплівы святар, усе католікі Каталіцкага Касцёла Беларусі смуткуюць з прычыны смерці ксяндза Мечыслава. Адышоў у вечнасць руплівы душпастыр, які нястомна дапамагаў людзям знайсці Бога.

Дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскі Антоні Дзям’янка, які ў нядзелю, 7 мая, правёў жалобнае набажэнства ў парафіях Чэрвеня і Мар’інай Горкі, выказаў вернікам ад імя арцыпастыра кардынала Казіміра Свёнтка спачуванне з прычыны адыходу духоўнага настаўніка, душпастыра і будаўніка святыні.

8 мая а 17-й гадзіне ў мінскім касцёле святых Сымона і Алены адбылася жалобная святая Імша за памерлага святара, якую цэлебраваў Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Марцін Відавіч. У канцэлебры жалобнай Імшы прынялі ўдзел святары не толькі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, але і іншых дыяцэзій Беларусі.

Пахаваны ксёндз Мечыслаў Лабяк у Польшчы, у горадзе Лодзь.

Вечнае спачыванне дай яму, Пане, а святло вечнае няхай яму свеціць...