На Мазырскім Палессі перамены: ксёндз дзекан Юзаф Дзеконьскі, пробашч касцёла св. Міхала Арханёла ў Мазыры, скончыў тут сваю душпастырскую дзейнасць і пераведзены ў Баранавічы. Шаснаццаць гадоў працы на Мазыршчыне – значная і вельмі адказная частка жыцця ксяндза Юзафа. Гэта быў перыяд адраджэння Касцёла на тутэйшай зямлі. Трэба было пачынаць з нуля, гуртаваць вернікаў, будаваць святыні, праязджаць сотні кіламетраў (бо абслугоўваў на пачатку сваёй дзейнасці ажно 9 раёнаў Гомельскай вобласці!). Шчыра кажучы, ксёндз Юзаф стаў часткаю Мазыршчыны, бо палюбіў гэтую зямлю, аддаў ёй многа сваіх сіл і энергіі. Католікі са шматлікіх парафій на Палессі таксама палюбілі свайго пастыра за яго самаадданую працу, за гатоўнасць заўжды прыйсці на дапамогу, за аўтарытэтнае слова і цеплыя, шчырыя адносіны. Са слязьмі на вачах сустрэлі парафіяне навіну аб пераводзе іх пробашча на іншае месца. Але на ўсё воля Божая, і нястомныя апосталы патрэбны ўсюды, бо «жніво Панскае» вельмі вялікае.

Ксёндз Юзаф Дзеконьскі нарадзіўся на Беласточчыне. Скончыў матэматычна-фізічны факультэт Беластоцкага педагагічнага інстытута. Атрымаў дыплом факультэта матэматыкі Варшаўскага універсітэта, быў студэнтам курса этнаграфіі гістарычнага факультэта. У 33 гады паступіў у Духоўную семінарыю св. Яна Хрысціцеля ў Варшаве, якую скончыў у 1986 г. З 1990 г. па 2006 г. працаваў на Мазырскім Палессі.

Прыехаўшы ў горад над Прыпяццю з каталіцкай Польшчы, ксёндз Юзаф убачыў плады ваяўнічага атэізму: ва ўсёй Гомельскай вобласці не было ні аднаго касцёла, вернікі былі разрозненыя, духоўнае жыццё амаль што знішчана. Але ксёндз Юзаф ведаў гісторыю гэтага краю, яго глыбокія каталіцкія традыцыі. Сапраўды, каталіцкая вера ў Мазыры зведала часы залатога росквіту, калі будаваліся і дзейнічалі кляштары цыстэрцыянцаў, бэрнардынцаў, марыявітак, базыльянаў, езуіцкая місія. Пры святынях працавалі школы для дзяцей і моладзі, старанна захоўваліся бібліятэкі. Уся гісторыя Мазыра непарыўна звязана з дзейнасцю каталіцкіх кляштараў, а захаваныя традыцыі духоўнасці – гэта адгалоскі той вялікай збаўчай працы, якую самаахвярна праводзілі святары і законнікі.

Ксёндз Юзаф хутка ўзяўся за працу. 24 кастрычніка 1990 г. будынкі былога касцёла і кляштара цыстэрцыянак былі перададзены новаўтворанай рыма-каталіцкай парафіі Мазыра. Але касцёл быў раней перабудаваны, падзелены на два паверхі. Апошнім часам тут размяшчалася музычнае вучылішча. Будынак, узведзены ў 1745 г., быў значна пашкоджаны – вада ды вецер рабілі сваю знішчальную справу шмат гадоў, а былыя нядбайныя гаспадары не вельмі клапаціліся пра культавае збудаванне. Пад кіраўніцтвам ксяндза пробашча Юзафа ў 1991 г. пачалася рэканструкцыя парафіяльнай святыні. Работы было шмат: трэба было ўмацаваць падмуркі, разабраць дабудаваныя паверхі, закласці прарэзаныя вокны, зрабіць новы дах. Унутранае аздабленне патрабавала вялікіх матэрыяльных укладанняў, доўгай карпатлівай працы, але заўсёды знаходзіліся дабрачынцы, якія духоўна і матэрыяльна дапамагалі маладой парафіі. Разам з будаўнікамі на рэканструкцыі працавалі і парафіяне, як кажуць, ад малога да вялікага. Пробашч праявіў сябе не толькі як цудоўны арганізатар, але і як добры муляр і цясляр. Па заканчэнні работ, 29 верасня 1995 года, адбылася рэкансэкрацыя святыні. Радасці вернікаў не было межаў! Нарэшце парафія мела свой касцёл! Гэта была першая святыня, якая пачала дзейнічаць у Гомельскай вобласці.

Другім месцам душпастырскай працы ксяндза Юзафа былі Хойнікі. Рэлігійнае жыццё тут пачало адраджацца ў 1990 годзе, калі з Мазыра стаў рэгулярна прыязджаць ксёндз Юзаф, які і згуртаваў мясцовых вернікаў. У хуткім часе была створана парафія, але святая Імша цэлебравалася ў дамах вернікаў, бо сваёй святыні парафіяне не мелі. Ксёндз Юзаф вырашыў распачаць будоўлю касцёла, і ў 1997 годзе кардынал Казімір Свёнтэк асвяціў крыж на пляцоўцы і першы камень у падмурку хойніцкай святыні. У хуткім часе пад кіраўніцтвам пробашча пачалося будаўніцтва касцёла. Жыхары Хойнікаў заўсёды бачылі святара актыўным будаўніком то на сценах за ўкладкаю цэглы, то на ўзвядзенні даху. Асвячэнне новай святыні адбылося 18 кастрычніка 2003 года. Кансэкрацыю правёў біскуп Казімір Велікаселец. Гэта быў незабыўны дзень для ксяндза Юзафа і хойніцкіх парафіянаў, якія шчыра дзяліліся радасцю з гасцямі свята. Біскуп Казімір асвяціў ікону Маці Божай Юравіцкай – копію славутага цудатворнага абраза апякункі Мазырскага Палесся.

Асаблівым і адказным перыядам для ксяндза Юзафа і ўсіх мазырскіх парафіянаў быў 2000 год. Касцёл святога Міхала Арханёла быў аб’яўлены юбілейным. Юбілейную святыню наведвалі шматлікія вернікі з парафій Мазырскага дэканата (ён уключае ўсю Гомельскую вобласць) і розных куткоў Беларусі, замежныя госці.

Ксёндз Юзаф часта прысвячаў свае казанні тэме паклікання. Сам ён расказваў пра сябе: «Заўсёды маліўся, каб Бог дапамог выразна ўбачыць тую дарогу, па якой Ён хоча мяне весці. Аднойчы паехаў у Непакалянаў і запісаўся ў Рыцарства Беззаганнай, а праз некаторы час крочыў пешым пілігрымам у Чэнстахову, да Маці Божай Яснагурскай. У дарозе яшчэ не ведаў, што і як будзе, нават не ўяўляў сабе, што пілігрымка пераменіць маё жыццё. Унутраны адказ прыйшоў падчас святой Імшы на Яснай Гары: „Іду ў Духоўную семінарыю». Гэта цяпер я разумею, што Бог праз Маці Божую адарыў мяне святлом свайго Святога Духа, каб я ўбачыў дарогу жыцця». Пакліканыя на служэнне Богу ёсць і сярод яго парафіянаў. Прысвяціў сваё жыццё Пану ксёндз Віталіс Мышона, які пасля заканчэння семінарыі працуе пробашчам у Лельчыцах. Сярод францішканаў ёсць мазыранін брат Валера, мазыранкі Таццяна і Алена сталі законнымі сёстрамі. Ксёндз Юзаф не пераставаў узносіць малітвы, просячы Бога аб новых пакліканнях на Мазырскім Палессі.

Яшчэ ксёндз Юзаф любіць паэзію. Нават сам піша цудоўныя вершы на польскай, беларускай і рускай мовах. Убачыла свет некалькі кніжак паэта ксяндза Юзафа Дзеконьскага. Толькі іх назвы гавораць пра многае: «Вершы з-над Прыпяці», «Ярдану водгаласы над Прыпяццю», «Prostowaж њcieїki nad w Prypeci№». Яго вершы — гэта глыбокі філасофскі роздум на духоўныя тэмы, асабістыя перажыванні, малітвы.

Ані солі, ні хлеба
Ў каліту браць не мушу,
А малітву - ялмужну,
Каб мой шлях не зглуміўся
Між зямлёю і небам.

Цудатворны абраз Маці Божай Юравіцкай заўсёды вельмі ўшаноўваўся ксяндзом Юзафам. Як і мясцовыя католікі, святар бачыў цуды Юравіцкай Багародзіцы і ў нашыя дні. Самы вялікі цуд — адраджэнне Касцёла на Мазырскім Палессі. Пацверджанне гэтаму — крыжы над святынямі ў Мазыры, Хойніках, Нароўлі, Грушаўцы, Лельчыцах, Калінкавічах, Петрыкаве, Капаткевічах, Брынёве. Копіі цудатворнага абраза месцяцца ў галоўных алтарах касцёлаў у Мазыры і Хойнікаў. Ксёндз Юзаф штогод арганізоўваў пешыя пілігрымкі Мазыр—Юравічы—Мазыр, якія ўзмацнялі веру, праслаўлялі Маці Божую Юравіцкую.

Прыйдзі да нас, Пані,
дзетак чарнобыльскіх Маці,
пабач, як матулям выпала
тут гараваці.
Дай, каб здаровымі
выйшлі ў жыццё нашы дзеці,
воблік Твой ясны
няхай нашы сэрцы асвеціць.

Шаснаццаць гадоў правёў ксёндз Юзаф у горадзе над Прыпяццю. Гэтыя гады цяжкай святарскай працы на хвалу Бога — быццам шаснаццаць прыступак да неба ў жыцці святара.

Католікі Мазырскага Палесся дзякуюць Богу, Маці Божай Юравіцкай за вялікую ласку – адроджаны Хрыстовы Касцёл на іх зямлі, за свае святыні – касцёлы, дзе заўсёды чакае міласэрны Езус, за ксяндза Юзафа — апостала Палесся, які кожнаму верніку пакінуў кавалачак свайго сэрца.

Жадаем ксяндзу Юзафу моцнага здароўя і шчодрага Божага благаславення на новым месцы душпастырскага служэння.

Парафіяне Мазыра і Хойнікаў