Анягож, пабылі-ткі мы з Фэляй на фэсце! Усё ж дапялі! Як ні бурчэў на мяне мой чалавек – не здалася! «Каб я ды не даляцела на фэст – не можа такога быць!» – вырашыла і паставіла на сваім. А Фэля тэж малайчына. Ейны Цімахвей таксама дражніўся:«Во, – кажа, – як на фэст, дык і мая Фэлюся выпрасталася, і спіна ёй перастала балець. Ледзь ногі ўжо валачыла, ледзьве не рачком карову хадзіла даіць, а як пачула пра фэст – куды што падзелася! Кашміроўку – на плечы, газоўку – на галаву ды бягом!».

Балабол ён, гэты Цімахвей, як і мой Пятрок. Ды мы з Фэляй занадта не прыймаемся. Сабраліся, перажагналіся – і ў дарогу! І ні я, ні Фэля ані, скажу я вам, не шкадуем, што настоялі на сваім. Бо добры быў фэст, нічога не скажаш, добры. Шмат мы з кім перавідзеліся. Вельмі шмат. Я і цётку Тэклю з дочкамі, якой ужо не памятаю колькі не бачыла, спаткала там, і Вэрцю – Марысіну хросную, і Антука з Падлесся, і Васіліху з Залесся, і Петрачыху з Загацця, і Сямёна Гараўскога, і Франука Забалацкога, і Васіля з Падліпнікаў, і Адэлю з Пераброддзя, і Марцэлю з... не памятаю ўжо, адкуль яна. Вельмі шмат каго ўбачыла. Ды каб не фэст, я і за год, дзе там за год – за пяць гадоў столькі б людзей не пабачыла!

І не менш я таксама пачула. У Сямёна нядаўна кабылу ўкралі, у Васіля ўнучка блізнятаў нарадзіла, а Адэліна нявестка, бессаромныя ейныя вочы, на Марцэлінага меншага пачала заглядацца. Ці то гэта не нявестка? Вот жа ў яе, мусі быць, нявесткі няма-а-а... А хто іх!.. Можа, дачка ці ўнучка? Не, на дачку ці ўнучку Адэлька б не вымкнулася. Суседка, можа?.. Ну, яны сабе!

Але ж во і памяць зрабілася, людцы вы мае!.. Гэта ж, раней было, як з фэсту прыеду – усё чысценька памятаю і каму хочаш, калі хочаш перакажу. Хоць ты сярэдначы мяне паднімі з ложка – усё прыпомню. А цяпер?! Яшчэ во й спаць не клалася, а ўжо Адэліну дачку з нявесткай ці то ўнучкай, ці то суседкай зблытала. Ох, не тая ўжо галоўка!

Але фэст быў добры! І дужа добра цяпер прыдумалі, што галоўная Імша не ў касцёле, а на дварэ. А то ж дзе б там у касцёле з кім перавідзеўся ды пагаманіў? А тут – вольна, прасторна. І прайсціся можна. Казанне было вельмі добрае: доўгае-доўгае. Дык я за той час, колькі ксёндз навуку казаў, прайшлася ўдоўжкі і ўпоперак.

Праўда, не адна я такая разумная аказалася: Фэля тэж шмат каго спаткала на казанні. А з Волькай Васілішкай дык мы ледзьве ілбы не расхвасталі, стукнуўшыся. Змянілася Волька, ой, змянілася. Пастарэла, пасівела, забывацца пачала. Мяне вунь таксама не пазнала, дык я ўжо і не набівалася надта – дзе там ужо з усімі перагаворыш.

А моладзь якая цяпер пайшла, скажу я вам!.. Ну-у-у, няма слоў! Яны ж ужо нас, старэйшых, гатовыя павучаць! Гэліна дачка як зашыкала на нас з ейнай маткай: «Цішэй вы! Праз вас нічога не чуваць». Якія ўжо ў іх там вушы, у гэтых маладых, калі ўжо цяпер нічога не чуюць? І ці паверыце: нізавошта ж, назола, не дала нам пагаманіць! Ледзь шапнем слоўка-другое, а яна вывернецца ды так выразна зырк-зырк на нас. У-у-у, якая!

І Вэрцін сын таксама як сыкне на нас з ягонай маткай: «Плёткі, мілыя цёткі, у іншым месцы пляціце». Во да чаго ўсё дайшло: яны ўжо нас вучаць! Самі яшчэ зусім нядаўна катэхізмоўку ў рукі ўзялі, а ўжо нас, старэйшых, выхоўваць бяруцца. Ужо й слова хутка пры іх не скажаш, ужо яны і рот табе гатовыя заткнуць!

А якія мы там з Вэрцяй плёткі разводзілі? Нічога там асаблівага й не было! Проста яна яшчэ не чула, што Анэлін старэйшы ўжо ўзяў сабе другую. Ну я ёй і сказала. А яна ж глухаватая, дык давялося разы тры паўтарыць. Ну а сын, бач, до-о-бра чуе: «Плёткі, – кажа, – у іншым месцы...». Ці ж гэта плёткі? Я ж ёй чысценькую праўду...

Не, добры быў фэст, нічога не скажаш – добры. І людзей было шмат, і машын, і аўтобусаў, і ксяндзоў. Я, праўда, ксяндзоў дык не паспела палічыць. Спачатку як занялася іншым, дык і прызабыла, а потым ужо й часу не было: то з адным спаткалася, то з другім, то з трэцім – так і не палічыла. А шкада. Бабы ў вёсцы цікавяцца, а мне й сказаць няма чаго. Трэба ў Фэлі запытацца: можа, яна злічыла?..

Арына Гаваркая