25 гадоў таму адбыўся замах на Яна Паўла ІІ

13 мая падчас традыцыйнай малітвы Regina caeli на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане Папа Бэнэдыкт XVI згадаў пра падзеі, якія адбыліся тут роўна чвэрць стагоддзя таму, калі ў выніку замаху на жыццё Святога Айца Яна Паўла ІІ ён быў цяжка паранены. Бэнэдыкт XVI таксама нагадаў пра фацімскае прароцтва Найсвяцейшай Панны Марыі і выказаў упэўненасць у тым, што менавіта Яе Матчына рука ўратавала тады яго Папярэдніка ад смерці. У памяць тых падзеяў з Фацімы ў Рым была прывезена цудоўная фігура Маці Божай, а на тым месцы плошчы, дзе пралілася кроў Яна Паўла ІІ, быў усталяваны мемарыяльны знак.

Нагадаем, што 13 мая 1981 г., калі Ян Павел ІІ у адкрытым аўтамабілі аб’язджаў плошчу Святога Пятра, вітаючы пілігрымаў, грамадзянін Турцыі Мехмет Алі Агджа некалькі разоў стрэліў у Святога Айца. Лекарам рымскага шпіталя Джэмэллі, куды адразу быў дастаўлены паранены Папа, удалося ўратаваць яму жыццё, аднак з гэтага моманту моцнае дагэтуль здароўе Яна Паўла ІІ пачало пагаршацца. Выйшаўшы са шпіталя, Святы Айцец наведаў у вязніцы чалавека, які хацеў яго забіць, і прабачыў яму гэты ўчынак.

У Беларусі таксама ўзгадвалі гадавіну замаху на Яна Паўла ІІ і яго ўратавання. З гэтай нагоды ў Віцебску адбыўся малітоўна-культурны сход, у якім узялі ўдзел губернатар Ватыкана кардынал Эдмунд Казімір Шока разам з папскім цырыманіярыем пралатам Конрадам Краеўскім, якія прыбылі ў нашую краіну па запрашэнні Віцебскага біскупа Уладзіслава Бліна, а таксама Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч. Пра гэту падзею чытайце на старонках 25–26.

 
Цуд праз заступніцтва Слугі Божага Яна Паўла ІІ

У апошнім нумары штомесячнага часопіса Totus Tuus, які асвятляе беатыфікацыйны працэс Слугі Божага Яна Паўла ІІ, змешчана сведчанне французскай законніцы, якая была аздароўлена ад цяжкай хваробы дзякуючы заступніцтву Слугі Божага. Сведчанне запісаў пастулатар беатыфікацыйнага працэсу кс. Славамір Одэр.

Імя аздароўленай законніцы не называецца, паколькі з 17 сакавіка ў Францыі вядзецца кананічны працэс даследавання цуду, аднак вядома, што ёй каля 40 гадоў. У 2001 г. сястры быў пастаўлены дыягназ «хвароба Паркінсона».

«Сімптомы паступова станавіліся ўсё больш цяжкімі: узмацняліся дрыжанне, сутаргі, болі, бяссонніца…», — узгадвае сястра. Смерць Яна Паўла ІІ вельмі моцна яе ўразіла: «Я згубіла сябра, які мяне разумеў і дадаваў мне сілы, каб не пераставаць змагацца. Разам з тым я заўсёды была ўпэўнена ў яго жывой прысутнасці», — гаворыць законніца. 13 мая мінулага года сястра даведалася, што Бэнэдыкт XVI даў згоду датэрмінова распачаць беатыфікацыйны працэс Слугі Божага Яна Паўла ІІ. Праз дзень усе супольнасці яе кангрэгацыі ў Францыі і Афрыцы пачалі маліцца, просячы аздараўлення для сваёй сястры. Ужо праз некалькі гадзінаў хворая адчула сябе значна лепш. Праз два месяцы пасля смерці Папы яна змагла ўначы самастойна ўстаць і сама пайшла ў капліцу, дзе правяла некалькі гадзінаў у адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса пасля заканчэння святой Імшы яна ўжо была ўпэўнена, што здаровая. Яе неўролаг не мог схаваць свайго здзіўлення. «Мне здаецца, што я нанава нарадзілася. Магу сказаць, што мой сябра, які пайшоў з гэтага свету, цяпер вельмі блізкі майму сэрцу. Тое, што Пан Бог падараваў мне праз заступніцтва Слугі Божага Яна Паўла ІІ, з’яўляецца для мяне вялікаю таямніцаю. Гэта цяжка растлумачыць словамі, але для Бога няма нічога немагчымага».

 
Cустрэча Папы Бэнэдыкта XVI з мітрапалітам Кірылам

19 мая ў Рыме адбылося асвячэнне новай праваслаўнай царквы, пабудаванай на тэрыторыі пасольства Расійскай Федэрацыі ў Італіі. Асвяціў новы храм у гонар св. Кацярыны Александрыйскай мітрапаліт Смаленскі і Калінінградскі Кірыл, кіраўнік аддзела знешнецаркоўных сувязяў Маскоўскага патрыярхата.

Напярэдадні ўрачыстасці праваслаўнага іерарха прыняў у Ватыкане Папа Бэнэдыкт XVI. У выніку сустрэчы было выказана жаданне аб’яднаць намаганні Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы для абароны і ўмацавання інстытута сям’і і каштоўнасці чалавечага жыцця. Была таксама прызнана карыснай выпрацоўка агульнай пазіцыі па пытаннях біяэтыкі. Мітрапаліт Кірыл пазнаёміў Святога Айца са зместам нядаўна прынятай Дэкларацыі Сусветнага рускага народнага Сабору пра правы і годнасць чалавека, а таксама падзяліўся ўражаннямі ад канферэнцыі «Даць душу Еўропе. Місія і адказнасць Цэркваў», якая праходзіла ў Вене 3–5 мая і падчас якой прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы абмяркоўвалі праблемы правоў, годнасці і маральнай адказнасці асобы.

Праваслаўны іерарх перадаў Святому Айцу вуснае прывітанне патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Алексія ІІ, якое Папа з удзячнасцю прыняў і ў адказ папрасіў перадаць кіраўніку Рускай Праваслаўнай Царквы найлепшыя пажаданні ў ягоным служэнні.

 
«Код да Вінчы» — пасрэдны дэтэктыў і нізкаякасны фільм

У сярэдзіне мая на экраны выйшаў фільм, зняты па кнізе Дэна Браўна «Код да Вінчы», у якой аўтар скажае не толькі факты зямнога жыцця Езуса Хрыста, але і само разуменне Яго місіі. З-за скандальнага сюжэта кніга і фільм выклікалі вялікі ажыятаж у сродках масавай інфармацыі і рэзкі пратэст часткі вернікаў.

Рэакцыя з боку іерархаў Касцёла была стрыманай, але адназначнай: кніга і фільм Дэна Браўна — гэта цынічная хлусня. Так, адзін з кіраўнікоў Дзяржаўнага Сакратарыята Ватыкана арцыбіскуп Джаванні Лаёло сказаў: «У гэтым фільме ўсё — хлусня. Ён абражае веру рэлігійных людзей і з’яўляецца здзекам з іх пачуццяў». Іерарх падкрэсліў, што свабода слова не дае ніякіх падставаў парушаць іншыя правы і свабоды асобы, абражаць пачуцці вернікаў.

Падчас канферэнцыі па пытаннях рэлігіі і літаратуры, якая праходзіла ў гэтыя дні ў Рыме, кіраўнік Папскай рады па культуры кардынал Поль Пупар адзначыў, што ў сваёй кнізе Дэн Браўн сур’ёзна скажае гісторыю Касцёла і злоўжывае недасведчанасцю многіх людзей у пытаннях веры, моцна дэзарыентуючы іх. «Недахоп базавых ведаў у галіне веры перашкаджае некаторым католікам адрозніць праўду ад фантазіі, а таксама не дае ім асэнсаваць напады на гісторыю і каштоўнасці Касцёла», — сказаў кардынал Пупар.

Паколькі фільм «Код да Вінчы» супярэчыць Новаму Запавету, сакратар Кангрэгацыі веравучэння арцыбіскуп Анджэло Амато заклікаў вернікаў да байкоту стужкі. Аднак на пытанне, ці можна католікам глядзець гэты фільм, кардынал Пупар адказаў: «Калі ёсць разуменне, што гэты фільм не мае нічога агульнага з праўдай і ўспрымаецца як забава, чаму б не? Але я баюся, што сумленныя людзі, якія не атрымалі належнага рэлігійнага выхавання, могуць прымаць гэты нонсэнс за праўду».

Старшыня італьянскай канферэнцыі біскупаў і Папскі вікарый Рыма кардынал Каміллё Руіні таксама не пагадзіўся з іерархамі, якія заклікалі да байкоту фільма, і выказаў меркаванне, што фільм дае шанц данесці да свету праўду пра хрысціянства. Разам з тым ён рэзка асудзіў раман Дэна Браўна «Код да Вінчы», назваўшы яго «радыкальным і цалкам беспадстаўным аспрэчваннем сутнасці веры». На думку кардынала Руіні, гэтая кніга з’яўляецца «сімптомам нянавісці да Каталіцкага Касцёла, якая пашыраецца ў заходнім грамадстве. Але, — дадаў ён, — нельга паддавацца песімізму. У рэшце рэшт, праўда заўсёды больш прыцягальная, чым ілюзія, а сёння людзі вельмі моцна прагнуць праўды. Таму Касцёл павінен выкарыстаць зацікаўленасць, выкліканую фільмам, і дапамагчы людзям адрозніць сапраўдныя факты паходжання і гістарычнага развіцця хрысціянства ад вымыслу і фальшу».

Прэм’ерны паказ фільма «Код да Вінчы» адбыўся напярэдадні адкрыцця Канскага фестывалю. У Канах карціна атрымала вельмі нізкую ацэнку кінакрытыкаў і журналістаў. У прыватнасці, было адзначана, што фільм пазбаўлены ўсялякай інтрыгі, рэжысёр дае занадта шмат тлумачэнняў, даследаванне герояў адбываецца механічна, а ігра актораў пазбавіла персанажы ўсялякага зместу. Пасля дэманстрацыі карціны ў зале замест воплескаў пачуўся свіст. У Беларусі для прагляду фільма «Код да Вінчы» экспертнай камісіяй было ўведзена ўзроставае абмежаванне, але пазней у сувязі са шматлікімі пратэстамі вернікаў каталіцкага і праваслаўнага веравызнанняў карціна была ўвогуле знятая з пракату.

Падрыхтавана паводле матэрыялаў
інфармацыйных агенцтваў.