1. О, мой Езу, Ты сказаў: «і Я кажу вам: прасіце, і будзе дадзена вам; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчыняць вам», выслухай мяне, бо стукаю, шукаю і прашу аб ласцы...
Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу...
Салодкае Сэрца Езуса, на Цябе спадзяюся.

2. О, мой Езу, Ты сказаў: «Сапраўды кажу вам: калі чаго ў імя Маё папросіце ў Айца, дасць вам», выслухай мяне, бо прашу ў імя Тваё аб ласцы...
Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу...
Салодкае Сэрца Езуса, на Цябе спадзяюся.

3. О, мой Езу, Ты сказаў: «Сапраўды кажу вам: неба і зямля прамінуць, а словы Мае не прамінуць», выслухай мяне, бо, натхнёны Тваімі словамі, прашу аб ласцы...
Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу...
Салодкае Сэрца Езуса, на Цябе спадзяюся.

О, салодкае Сэрца Езуса, для Цябе толькі адна рэч з’яўляецца немагчымаю: не мець літасці да засмучаных. Таму акажы літасць нам, бедным грэшнікам, і ўдзялі нам ласку, аб якой просім Цябе праз балеснае і Беззаганнае Сэрца Марыі, Тваёй і нашай чулай Маці. Амэн. Вітай, Каралева, Маці Міласэрнасці... Святы Юзаф, Апякун Езуса Хрыста, маліся за нас.

 

Акт асабістага прысвячэння сябе
Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса паводле
святой Маргарыты Марыі Алякок

Я, N, аддаю і прысвячаю сябе Найсвяцейшаму Сэрцу Пана нашага Езуса Хрыста: сваю асобу і сваё жыццё, свае ўчынкі, цяжкасці і цярпенні, каб ад гэтага часу толькі ўшаноўваць, любіць і праслаўляць гэтае Сэрца.

Цвёрда вырашаю цалкам належаць Яму і чыніць усё з любові да Яго, выракацца ўсім сэрцам усяго, што магло б Яму не падабацца. Цябе, о Найсвяцейшае Сэрца, я абіраю як адзіны аб’ект сваёй любові, як абаронцу майго жыцця, як гарантыю майго збаўлення, як лякарства ад маёй слабасці, як выпраўленне ўсіх памылак майго жыцця і як надзейны прытулак у хвіліну маёй смерці. О, Сэрца Езуса, поўнае дабрыні, будзь маім перапрашэннем у Бога Айца і адхілі ад мяне Яго справядлівы гнеў.

О, Сэрца Езуса, поўнае любові, на Цябе я цалкам спадзяюся, бо ўсялякага магу асцерагацца з-за маёй схільнасці да зла і адначасова спадзяюся цалкам на Тваю дабрыню. Вынішчы ўва мне ўсё, што можа Табе не падабацца ці супраціўляцца. Няхай Твая Боская любоў так глыбока пранікне маё сэрца, каб я ніколі не забываўся пра Цябе і ніколі не адлучаўся ад Цябе. Малю Цябе праз невымерную Тваю дабрыню, няхай маё імя будзе запісана ў Табе, бо я прагну, каб найвялікшым маім шчасцем і радасцю было жыць і паміраць як Твой верны слуга. Амэн.

 
Для таго, каб прысвяціць сябе Найсвяцейшаму Сэрцу паводле парадаў святой Маргарыты Марыі Алякок, неабходна пасля споведзі і святой Камуніі ў першую пятніцу месяца (альбо ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца ці Хрыста Валадара) прачытаць тэкст акту прысвячэння і з гэтага часу пастаянна насіць яго пры сабе разам з выявай Найсвяцейшага Сэрца, штодзённа да Яго маліцца, а ў кожную першую пятніцу месяца аднаўляць сваё ахвяраванне пасля святой Камуніі.

Глядзі таксама:

  • НАБАЖЭНСТВА ПЕРШЫХ ПЯТНІЦ МЕСЯЦА
  • НАВЭННА ДА НАЙСВЯЦЕЙШАГА СЭРЦА ПАНА ЕЗУСА