такі быў дэвіз пілігрымкі Святога Айца Бэнэдыкта XVI у Польшчу з 25 па 28 мая.

Разам з амаль трыма тысячамі беларускіх пілігрымаў былі таксама іерархі нашага Касцёла. Яны дзеляцца сваімі ўражаннямі.

 
Напярэдадні візіту Святога Айца Бэнэдыкта XVI у Польшчу — думаю, не толькі мяне, але большасць, а можа, і ўсіх, — хвалявала думка: якім будзе гэты візіт Папы тут, у Польшчы? Немагчыма было ясна ўявіць, як палякі прымуць новага Папу пасля страты любага Папы Яна Паўла ІІ. Як прымуць яны новага Папу, немца, пасля таго, як страцілі свайго — суайчынніка, паляка? Але, з іншага боку, хвалявала мяне таксама і тое, як сам Бэнэдыкт XVI распачне сваю першую пілігрымку ў Польшчу, якія яго думкі? Бо ён прыехаў пасля Яна Паўла ІІ, бо ён — немец.

 
Ужо ў Варшаве пачалі знікаць мае сумненні, што, можа, не ўсё пойдзе так, як хацелася б, і ўсе яны цалкам рассеяліся пасля візіту Папы ў Кракаў. Гэта было нешта незвычайнае!.. Яшчэ ў Варшаве можна было адчуць відавочнае набліжэнне палякаў да Папы Бэнэдыкта XVI і такое ж выразнае набліжэнне Папы да палякаў. Як гэта растлумачыць? Напэўна, палякі ўсё ж такі перамаглі ў сабе перакананне, што акрамя Папы Яна Паўла ІІ ніхто іх не задаволіць. У іх настолькі моцнае пачуццё веры, адчуванне годнасці Папы, што яны адразу праявілі павагу да новага Папы і — нягледзячы на тое, што гэта іншы Папа, што ён належыць да іншай нацыі, — яскрава засведчылі, што яны — шчырыя католікі, што яны шануюць новага Папу і прызнаюць Апостальскую Сталіцу. А што ж сам Папа? А ён, напэўна, таксама разумеў, што чым часцей будзе спасылацца на Яна Паўла ІІ, тым больш будзе здабываць сімпатыю ў палякаў. І таму амаль з першых словаў ён распачаў гаварыць ад Яна Паўла ІІ, а не ад сябе. І такім чынам праблема цудоўна вырашылася — і з боку Папы, і з боку палякаў. Дайшло да таго, што Папа сказаў: «Я люблю палякаў» і пачуў у адказ: «Мы любім цябе, Ойча!».

Большасць на гэтай сустрэчы складала, безумоўна, моладзь, якой на Кракаўскіх Блонях сабралося звыш 600 тысяч. Я бачыў, як натоўпы, дзесяткі тысяч, пешшу ішлі на Блоні, бо іх аўтобусы затрымліваліся перад Кракавам. Аўтамабіль, на якім я ехаў, таксама затрымалі, папрасіўшы нас пачакаць каля пятнаццаці хвілін: «Мы шануем годнасць кардынала, але найперш мы прапусцім моладзь». Яна, моладзь, заняла ўсю праезную частку: усё ішлі і ішлі, у адным напрамку. Увесь рух быў затрыманы. І, урэшце, калі з’явілася невялікая «шчыліна», нам адразу адкрылі дарогу.

А ўжо на стадыёне моладзь паказала, што акрамя свайго горача любімага Яна Паўла ІІ яна можа горача палюбіць і гэтага новага Папу — Бэнэдыкта XVI. А ён са свайго боку стараўся на кожным кроку праявіць сваю добразычлівасць: усміхаўся, падымаў рукі ўгору, узрушана вітаючы іх. На маю думку, тыя бар’еры, пра якія я ўзгадваў на самым пачатку і якія маглі б перашкаджаць гэтаму візіту, даволі хутка зніклі. І тое, што еўрапейскае тэлебачанне падавала, нібыта палякі прынялі Папу холадна, — абсалютная няпраўда... Магчыма, яны мелі на ўвазе надвор’е! (Смяецца.) Так, сапраўды было холадна — і дождж, і вецер. Але ж калі казаць пра прыём, то ні ў якім выпадку нельга сказаць, што ён быў халодны. Вельмі хутка разагрэліся сэрцы і ў Папы і, тым больш, у моладзі.

Пазней адбылася святая Імша на Кракаўскіх Блонях. Не так ужо часта здаралася, каб і Ян Павел ІІ збіраў мільён на стадыёне! Варшава, нават калі б вельмі хацела, не магла прыняць такую колькасць людзей, проста не хапіла б месца, а Кракаўскія Блоні змясцілі мільён і, магчыма, нават больш. І таму мне здаецца, што гэты візіт, несумненна, зблізіў палякаў і Бэнэдыкта XVI. Калі Папа ўваходзіў ужо ў самалёт (я бачыў гэта і думаў, азірнецца ці не азірнецца?), ён азірнуўся і зноў усе ўбачылі гэты яго жэст. (Паказвае.) Такую выразную кропку над «і» паставіў Святы Айцец, засведчыўшы, што ён сапраўды палюбіў палякаў.

Гэта першыя мае ўражанні ад візіту Папы ў Польшчу. Можна яшчэ дадаць, што ўсе прамовы Папы былі падрыхтаваны проста выдатна.

Напрыклад, Папа сказаў: «Мне ўзгадваюцца словы з Евангелля, дзе Пан Езус кажа: “Дзе двое альбо трое сабраліся ў імя Маё, там Я сярод іх”. А тут сабралася крыху болей...» Моладзь проста гудзела... Але таго непасрэднага, вольнага, што было ў Яна Паўла ІІ, калі ён часам адкладваў свае паперы і распачынаў дыялог, — гэтага не было. Бэнэдыкт XVI усё зрабіў дакладна, сцісла, ніводнага слова не дадаўшы да таго, што было напісана. Ці гэта мінус?..

Я не лічу, што гэта мінус, проста гэта своеасаблівы, характэрны стыль прамовы, стыль паводзінаў, стыль выказвання думак і г. д. Можа, гэта і добра: усё ж такі гэта было б штучна, калі б ён стараўся сказаць, зрабіць штосьці так, як рабіў Папа Ян Павел ІІ.

Калі ўсё скончылася, я ўжо ў гасцініцы прыгадаў словы, якія напісаў адзін з заходніх карэспандэнтаў: «Гэта быў першы візіт Бэнэдыкта XVI у Польшчу і апошні».

Цяперашні Папа, вядома, ужо ў пажылым узросце (Ян Павел ІІ значна больш маладым распачынаў свае падарожжы), можа таму і гаворыцца, што гэта быў, магчыма, апошні візіт у Польшчу Бэнэдыкта XVI, бо колькі ж яшчэ краінаў на зямным шары, і, напэўна, дастаткова, што адзін раз Папа наведаў Польшчу. Я дзякаваў Богу за тое, што хаця б яшчэ адзін раз мог быць пры Папе — не важна, ці гэта быў Ян Павел ІІ, ці гэта Бэнэдыкт XVI. Дзякую за гэта Богу!

Кардынал Казімір Свёнтэк