Біскуп Антоні Дзям’янка:

Я прысутнічаў на сустрэчы са Святым Айцом у Варшаве ў першы дзень яго прыезду, на сустрэчы з духоўнымі і кансэкраванымі асобамі. На гэтай сустрэчы ў перапоўненай архікатэдры (найбольшай па памерах святыні горада), прысутнічала шмат духавенства. Прамова Святога Айца, скіраваная да прысутных і духавенства краіны, была аб тым, каб і ў нашыя часы сведкамі веры станавіліся ўсе, асабліва духоўныя і кансэкраваныя асобы. У сувязі з асэнсоўваннем і ацэнкаю паводзінаў у мінулай сістэме некаторых асобаў Папа звярнуў увагу на тое, што пры ацэнцы трэба ўлічваць становішча і Касцёла, і духавенства. Ён звярнуў таксама ўвагу на тое, што ў святле Божага Провіду належыць пакорліва падысці да пэўных паводзінаў у мінулым. Гаворачы аб вялікай колькасці пакліканняў да службы Божай у польскім народзе, ён заклікаў да таго, каб у Касцёле яшчэ больш узрастаў дух місійнасці, каб духоўныя і кансэкраваныя асобы прыйшлі з дапамогай у евангелізацыі народаў туды, дзе асабліва востра адчуваецца недахоп святароў.

Святы Айцец на сустрэчы з моладдзю ў Чэнстахове гаварыў аб шанаванні маладымі хрысціянамі Божых запаведзяў, а таксама аб унутранай свабодзе кожнага, хто змагаецца з заганамі, асабліва такімі, як наркаманія, п’янства, прастытуцыя. Ён заклікаў будаваць жыццё на скале, якой з’яўляецца Хрыстус.

Асаблівае ўражанне засталося, напэўна, у кожнага ўдзельніка пасля сустрэчы ў Кракаве на Блонях. Яна адбылася двойчы: у суботу вечарам — з моладдзю і ў нядзелю — з усімі вернікамі.

Вернікі з Беларусі таксама прымалі ўдзел у сустрэчы. Група вылучалася, між іншым, тым, што мела вялікіх памераў плакат з надпісам і сярод сотняў тысяч пілігрымаў можна было адшукаць беларусаў па плакаце, які адрозніваўся ад іншых не толькі вялікімі памерамі, але і змястоўнасцю інфармацыі аб пілігрымцы.

Хаця гэта была сустрэча з Папам — немцам па нацыянальнасці, — моўнага бар’ера не было: многія малітвы, а таксама гамілія, прамовы гучалі таксама на польскай мове.

Пілігрымы з Беларусі мелі магчымасць сустрэцца з католікамі не толькі з розных парафій Польшчы, але і іншых краінаў Еўропы: Славакіі, Чэхіі, Украіны, Расіі.

Сумесная малітва на ружанцы, Вяночак да Божай Міласэрнасці, малітва псальмамі, разважанні, якія праводзіў сам Святы Айцец, арганізатары і вядучыя сустрэчаў, яшчэ больш угрунтоўвалі ўсіх вернікаў у перакананні аб адзіным Касцёле і яго адзіным заснавальніку Езусе Хрысце, бачным Намеснікам якога з’яўляецца ў сучасным часе Папа Бэнэдыкт XVI. Да яго цяпер прыходзяць слухаць Добрую Навіну аб збаўленні вернікі-пілігрымы з усяго свету і тыя, хто яшчэ шукае Бога. Ён з’яўляецца тым, хто дае надзею сённяшняму свету, які перажывае расчараванне. Гэтая надзея нараджаецца ў прыняцці Бога, які любіць чалавека, які стварыў чалавека з любові дзеля яго самога.

Біскуп Антоні Дзям’янка