Урачыстасць Спаслання Духа Святога — 4 чэрвеня 2006 г.

Чытанні: Дз 2, 1–11; Пс 104 (103);
1 Кар 12, 3b–7. 12–13.

Евангелле (Ян 20, 19–23):

Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя ад страху перад юдэямі, прыйшоў Езус і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: Супакой вам! І, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус сказаў ім: Супакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас. І, сказаўшы гэта, дыхнуў, і кажа: Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым застануцца.

Які ж прыгожы вобраз бачым мы ў сённяшнім Евангеллі! Да апосталаў, якія былі ў страху, прыходзіць уваскрослы Езус Хрыстус. Паказвае ім свае рукі і бок, пасля чаго адорвае супакоем, а сэрцы напаўняе радасцю і адвагаю. Потым, як быццам гэтага яшчэ недастаткова, дае ім дар Духа Святога. Гэты ўрывак з Евангелля нагадаў мне маё ўласнае бежмаванне і біскупа, які моцаю самога Езуса Хрыста прамовіў да мяне словы: «Прымі знак Духа Святога». Пасля гэтага я быў намашчаны алеем хрызмам і напоўніўся дарамі Духа Святога, якія дапамагаюць мужна вызнаваць веру, абараняць яе і жыць згодна з ёю. Напоўнішыся Святым Духам, апосталы выйшлі на вуліцу, каб сведчыць аб праўдзе. Яны не толькі самі жылі згодна з вучэннем Езуса, але таксама абвяшчалі гэтае вучэнне іншым людзям, а сваю веру пацвердзілі мучаніцкай смерцю. Сёння кожны з нас павінен задаць сабе пытанне: «Як я адношуся да веры?». На Інтэрнэт-старонцы www.catholic.by рэгулярна з’яўляюцца паведамленні пра тое, як у розных парафіях нашай краіны моладзь прымае сакрамэнт канфірмацыі. Гэта вялікая радасць, а разам з тым і вялікі абавязак сведчыць сваім жыццём, што мы —вучні Езуса Хрыста. Магчымасцяў для гэтага ў нас шмат, іх не трэба дзесьці спецыяльна шукаць. Таму настойліва просім сёння: «Прыйдзі, Духу Святы, напоўні сэрцы сваіх верных і запалі ў іх агонь Тваёй любові».

 
Урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы — 11 чэрвеня 2006 г.

Чытанні: Дрг 4, 32–34. 39–40;
Пс 33 (32); Рым 8, 14–17.

Евангелле (Мц 28, 16–20):

Адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею на гару, куды загадаў ім Езус. І калі Яго ўбачылі, пакланіліся Яму, але некаторыя засумняваліся. Тады Езус наблізіўся да іх і сказаў ім: Дадзена Мне ўсялякая ўлада на небе і на зямлі. Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку.

Калі глядзіш на захад сонца або на кветкі, што красуюць тысячамі колераў, спазнаеш таямніцу прыгажосці Бога. Калі бачыш малое дзіця, якое бездапаможна караскаецца на ручкі да мамы ці да таты, спазнаеш таямніцу дабрыні Бога. У хмарах і ўспышках маланак, пасля якіх чуваць выбухі грымотаў, бачыш Божую магутнасць. Калі чуеш, як пішчаць птушаняты ў гняздзечку, і бачыш, як яны бездапаможна цягнуць свае разяўленыя дзюбікі, а бацькі прыносяць ім ежу, спазнаеш таямніцу Божага Провіду. А калі бярэш у рукі Святое Пісанне і чытаеш сённяшняе Евангелле, спазнаеш Таямніцу самога Бога. Адзіны Бог у Трох Асобах: Айцец, Сын і Святы Дух, які разам з’яўляюцца Еднасцю. Гэта вялікая таямніца, і нам ніколі не ўдасца да канца яе спазнаць. Уваскрослы Езус Хрыстус атрымаў ад свайго Айца паўнату ўлады, моцаю якой Ён пасылае сваіх вучняў у свет, каб у еднасці Духа Святога з’яднаць з сабою ўсе народы. Падмуркам гэтай еднасці з’яўляецца святы хрост, які ўдзяляецца ў імя Найсвяцейшай Тройцы, а таксама навучанне. Можна сказаць, што чалавек становіцца вучнем Езуса Хрыста праз хрост, а застаецца ім толькі тады, калі жыве згодна з Яго вучэннем — так, як наказвае прынятая ім святая вера. Сам Езус паабяцаў апосталам, а таксама і нам, што заўсёды будзе з намі аж да таго часу, пакуль не настане паўната Божага Валадарства. Гэтая рэальная прысутнасць павінна ўмацаваць нас і заахвоціць да захавання вернасці Хрысту.

 
Урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста — 15 чэрвеня 2006 г.

Чытанні: Зых 24, 3–8;
Пс 116В (115); Гбр 9, 11–15.

Евангелле (Мк 14, 12–16. 22–26):

У першы дзень Праснакоў, калі ахвяравалі Пасху, кажуць Езусу вучні Ягоныя: Дзе хочаш, каб мы пайшлі і прыгатавалі Табе з’есці Пасху? І пасылае дваіх з вучняў сваіх і кажа ім: Ідзіце ў горад; там сустрэне вас чалавек, які будзе несці збан вады. Ідзіце за ім і там, куды ўвойдзе, скажаце гаспадару дому: Настаўнік кажа: дзе святліца, у якой Я мог бы з’есці Пасху з вучнямі Маімі? І ён пакажа вам вялікі верхні пакой, засланы і падрыхтаваны; там прыгатуеце нам. І пайшлі вучні Ягоныя, і прыйшлі ў горад, і знайшлі, як сказаў ім; і прыгатавалі Пасху. І калі яны елі, Езус, узяўшы хлеб, благаславіў, ламаў і даваў ім, кажучы: Бярыце, гэта Цела Маё. І, узяўшы келіх, падзякаваў і даў ім; і пілі з яго усе. І сказаў ім: Гэта Мая Кроў запавету, якая за многіх праліваецца. Сапраўды кажу вам, што ўжо не буду піць ад плоду вінаграднай лазы да таго дня, калі буду піць яго новым у Валадарстве Божым. І, праспяваўшы гімн, яны пайшлі на гару Аліўную.

Сёння для нас становіцца вельмі блізкаю сцэна, апісаная ў Евангеллі святым Маркам. Вялікі засланы пакой — Вячэрнік, за сталом сядзяць апосталы, а паміж імі — Хрыстус. На стале — хлеб і віно, звычайныя штодзённыя прадукты, якія наталяюць голад і смагу. І незвычайныя словы Езуса Хрыста, які ўстанаўлівае новую рэчаіснасць — рэчаіснасць Эўхарыстыі. «Бярыце і ешце, гэта Цела Маё; бярыце і піце, гэта Кроў Мая». Гэтыя словы, сказаныя амаль дзве тысячы гадоў таму, сёння гучаць зноў і зноў па ўсім свеце на розных мовах падчас кожнай святой Імшы. Словы, якімі святар «нараджае» на алтары Хрыста, а потым раздае Яго вернікам. Гэта сапраўдны цуд! Але каб Яго прыняць, патрэбна моцная вера, здольнасць бачыць нябачнае, сэрца, поўнае любові, і светлы розум, які зможа ўзвысіцца над усім зямным. Гэта цуд, перад якім усе мы падаем на калені, каб у паставе адарацыі і праслаўлення ўшаноўваць Хрыста, які дае сябе нам у маленькім кавалачку хлеба. Ён, вялікі Бог, стаў такім маленькім і пакорным, што, як напісаў калісьці святар і паэт Ян Твардоўскі, нават самая маленькая дзяўчынка ў белай сукенцы змагла б лёгка схаваць Яго ў сваёй далоньцы. Ён, Валадар усёй зямлі і неба, стаў «вязнем табэрнакулюма», каб быць разам з намі ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Ва ўрачыстасць Божага Цела мы ідзем у эўхарыстычнай працэсіі. Удзел у гэтай працэсіі з’яўляецца выразам нашай веры ў Бога, любові і ўшанавання ў адносінах да Езуса, скрытага ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. І калі мы будзем так ісці па вуліцах нашых вёсак і гарадоў, паглядзім навокал і ўбачым, што мы не самотныя на дарозе веры! Разам з намі ідуць таксама іншыя людзі; з намі ідзе Хрыстус, які заўсёды чакае сустрэчы менавіта з табою.

 
ХІ звычайная нядзеля — 18 чэрвеня 2006 г.

Чытанні: Эзх 17, 22–24;
Пс 92 (91); 2 Кар 5, 6–10.

Евангелле (Мк 4, 26–34):

Езус сказаў народу: Валадарства Божае, нібы чалавек, што кідае зерне ў зямлю. І спіць, і ўстае ноччу і днём, а як зерне ўзыходзіць і расце, ён не ведае. Бо зямля прыносіць плён сама па сабе: спачатку зеляніну, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе. Калі ж саспее плод, адразу пасылае серп, таму што настала жніво. І казаў: З чым параўнаем Валадарства Божае? Ці ў якой прыпавесці выявім яго? Яно — як гарчычнае зерне: калі яго сеюць у зямлю, яно найменшае з усяго насення на зямлі. Калі ж пасеяна, узыходзіць і становіцца большым за ўсялякую зеляніну, і пускае вялікае галлё, так што пад ценем ягоным могуць хавацца птушкі нябесныя. У многіх такіх прыпавесцях прапаведаваў ім слова, колькі яны маглі слухаць. І без прыпавесці не казаў ім, а сваім вучням сам-насам тлумачыў усё. У сённяшнім Евангеллі святы Марк пераказвае нам дзве апошнія прыпавесці Езуса, у якіх Збаўца тлумачыць таямніцу Божага Валадарства. У абедзвюх гэтых прапавесцях гаворка ідзе пра зерне. Яно трапляе ў зямлю, незаўважна для чалавека прарастае, ператвараецца ў расліну і прыносіць плён. Штосьці падобнае адбываецца і з Божым Валадарствам у нас. У кожным чалавечым сэрцы, часам вельмі глыбока, залягае такі пласт урадлівай глебы, які можа прынесці багаты плён чуласці, дабрыні і высакароднасці. Менавіта туды, у гэтую глебу, Бог кідае зерне Валадарства Любові, якое развіваецца незаўважна для іншых і нават для самога чалавека, але гэта заўсёды бачыць Бог. Здараецца, што чалавек сам, часам нават свядома, ускладае на сябе маску, якая ахоўвае багацце яго ўнутранага свету. Аднак сапраўдная любоў заўсёды дасягае таго плённага пласту і пачынае на ім сваё ўзрастанне. Нават тады, калі чалавек гэтага не заўважае, калі яго знешнія ўчынкі ствараюць адваротнае ўражанне, любоў верыць, што чалавечае сэрца, якое стварыў і любіць Бог, мае ў сабе той урадлівы, шчодры пласт, які раней ці пазней прынясе багаты плён. Важна, каб мы ніколі не забываліся пра тое, што ў кожным сэрцы ёсць кавалачак жыццядайнай глебы, на якім узрастае Божае Валадарства, — у кожным! Нават у гэтага нязноснага мужа, цешчы ці суседа… Нават у найбольшага грэшніка. Яно ўзрастае ў сэрцы кожнага і калісьці абавязкова прынясе цудоўны плён.

 
Урачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса — 23 чэрвеня 2006 г.

Чытанні: Ос 11, 1. 3–4. 8с–9;
Пс: Іс 12, 2–6; Эф 3, 8–12. 14–19.

Евангелле (Ян 19, 31–37):

Юдэі ж, паколькі была пятніца, каб не заставаліся целы на крыжы ў суботу, бо гэта быў вялікі суботні дзень, папрасілі Пілата, каб укрыжаваным паламалі голені і знялі іхнія целы. І прыйшлі жаўнеры, і паламалі голені першаму і другому, якія былі ўкрыжаваныя разам з Ім. Калі падышлі да Езуса і ўбачылі, што Ён ужо мёртвы, не ламалі Яму голені, толькі адзін з жаўнераў прабіў дзідаю Ягоны бок, і адразу выцекла кроў і вада. А той, хто ўбачыў, засведчыў, і сведчанне яго праўдзівае. І ён ведае, што кажа праўду, каб і вы паверылі. Бо сталася гэта, каб збылося Пісанне: Косць Ягоная не будзе зламаная. І ў іншым месцы Пісанне кажа: Будуць глядзець на таго, каго прабілі.

Сёння Касцёл урачыста ўзгадвае Сэрца, якое стала вельмі блізкім для кожнага хрысціяніна — Сэрца Езуса. У Бібліі сэрца азначае сутнасць чалавека, але яна праяўляецца не ў тым, што можна ўбачыць вачыма, а ў тым, што крыецца ўнутры. Таму Бог глядзіць не так, як чалавек. Мы часта ацэньваем чалавека, кіруючыся яго знешнім выглядам або паводзінамі, а Бог у той час глядзіць на чалавечае сэрца. Ад таго, якое чалавек мае сэрца, залежыць, які ён сам. Аўтар кнігі Прыпавесцяў кажа: «Радаснае сэрца робіць радасным аблічча, а калі сум у сэрцы, тады дух маркотны» (Прып 15, 13). У Сярэднявеччы ў хрысціянстве сэрца стала сімвалам любові, таксама і ў рэлігійным значэнні. Пабожнае ўшанаванне Найсвяцейшага Сэрца Езуса, якое з’явілася ў містыкаў, напрыканцы той эпохі распаўсюджвалася пры дапамозе абразкоў з выяваю прабітага сэрца — сімвала любові і цярпенняў Збаўцы. У сённяшнім Евангеллі святы Ян паказвае нам тое, што адбылося на Галгоце адразу пасля смерці Езуса. Адзін з жаўнераў прабіў дзідаю Найсвяцейшае Сэрца Збаўцы. Гэта сталася для таго, каб споўнілася Пісанне. Сёння і мы становімся пад крыжам Езуса, прагнучы прынесці ў ахвяру Хрысту нашыя сэрцы, зраненыя грахамі. Ён любіць нас, а крыж і Яго прабітае Сэрца — найлепшыя доказы гэтай бязмежнай любові, такія выразныя і пераканаўчыя. Езу, дай нам сёння новае сэрца, сэрца з цела, а забяры сэрца каменнае. Учыні, каб мы заўсёды імкнуліся прыпадабняць свае сэрцы да Твайго Боскага Сэрца. Езу лагодны і пакорны сэрцам, учыні сэрцы нашыя да Твайго падобнымі!

 
Урачыстасць нараджэння святога Яна Хрысціцеля — 24 чэрвеня 2006 г.

Чытанні: Іс 49, 1–6; Пс 139 (138);
Дз 13, 22–26.

Евангелле (Лк 1, 57–66. 80):

Альжбеце надышоў час нарадзіць, і яна нарадзіла сына. І пачулі суседзі і сваякі яе, што Пан праявіў да яе такую вялікую міласэрнасць, і радаваліся разам з ёю. На восьмы дзень прыйшлі абразаць дзіця і хацелі назваць яго імем бацькі ягонага, Захарыем. Але маці ягоная сказала ў адказ: Не, але будзе названы Янам. І сказалі ёй, што няма нікога з сям’і яе, каго б называлі такім імем. І пыталіся на мігах у бацькі ягонага, як бы хацеў назваць яго. Ён папрасіў таблічку і напісаў: Ян імя Яго. І ўсе здзівіліся. У гэты момант адразу адкрыліся вусны ягоныя, і развязаўся язык ягоны, і ён загаварыў, праслаўляючы Бога. Усіх іхніх суседзяў ахапіў страх, і расказвалі яны пра ўсё гэта па ўсёй горнай краіне Юдэі. Усе, хто чуў, разважалі пра ўсё гэта ў сэрцах сваіх і казалі: Што ж гэта будзе за дзіця? Бо рука Пана была з ім. А дзіця расло і ўзмацнялася духам, і заставалася ў пустыні да дня з’яўлення свайго перад Ізраэлем.

У касцёльным календары ёсць два ўспаміны святога Яна Хрысціцеля. Сёння, 24 чэрвеня, мы святкуем дзень яго нараджэння — прыйсця на свет, а 29 жніўня адзначаем успамін яго мучаніцтва — нараджэння для неба. З нараджэннем кожнага хлопчыка ў тагачасным Ізраэлі былі звязаныя пэўныя абрады: абразанне і наданне імені. Абрад абразання, заснаваны на прадпісаннях Закону, меў асаблівае значэнне. Праз яго дзіця ўваходзіла ў запавет з Богам, становячыся ўдзельнікам абяцанняў, дадзеных праайцам, а таксама далучалася да супольнасці ізраэльскага народа. Аднак у сённяшнім Евангеллі апавядаецца пра другі абрад — пра наданне імені. У адпаведнасці з традыцыяй, імя выбірала маці. Для ізраільцянаў імя вызначае сутнасць асобы, а таксама характар і прызначэнне чалавека. Паводле традыцыі, дзіцяці давалася імя ягонага бацькі або кагосьці з продкаў. Альжбета парушыла гэты звычай. Ёй падалося недастатковым, каб імя яе дзіцяці сведчыла толькі пра тое, што Бог памятае пра яе (менавіта такі сэнс імя Захарыя). Яна жадае, каб імя яе сына было сведчаннем канкрэтнага дару Бога, бо Пан не толькі памятаў пра яе, але і ўчыніў ёй ласку (Ян азначае «Бог ласкавы»). З яе воляю згаджаецца таксама і бацька дзіцяці, святар Захарыя. Нараджэнне Яна Хрысціцеля — гэта знак, які выяўляе міласэрную прысутнасць Бога сярод свайго народа.

 
ХІІ звычайная нядзеля — 25 чэрвеня 2006 г.

Чытанні: Ёв 38, 1. 8–11; Пс 107 (106);
2 Кар 5, 14–17.

Евангелле (Мк 4, 35–41):

У той дзень, калі настаў вечар, Езус сказаў сваім вучням: Пераправімся на той бок. Адпусціўшы людзей, яны забралі Яго з сабою, калі быў у чоўне. І былі з Ім іншыя чаўны. І ўзнялася вялікая бура. Хвалі залівалі човен, так што човен ужо напаўняўся. А Ён спаў на карме каля ўзгалоўя. Будзяць і кажуць Яму: Настаўнік, не хвалюе Цябе, што мы гінем? І, устаўшы, Ён забараніў ветру і сказаў мору: Замоўкні і супакойся. І вецер сціх, і настала вялікая ціша. Тады сказаў ім: Чаго вы такія баязлівыя? Яшчэ не маеце веры? Яны напоўніліся вялікім страхам і гаварылі паміж сабой: Хто Ён такі, што і вецер, і мора слухаюцца Яго?

Сённяшні евангельскі аповед перадае нам атмасферу страху, у якой апынуліся апосталы, калі на возеры, па якім яны плылі, нечакана ўзнялася бура. Ноч, моцны вецер, хвалі кідаюць човен, як шкарлупінку… А Езус спіць. Наогул, бура на Галілейскім возеры не была нейкаю надзвычайнаю з’яваю. Яна часта ўзнімалася нечакана, пагражаючы патапіць невялікія рыбацкія чаўны. Але бура ў сённяшнім Евангеллі — гэта не самае галоўнае. Святы Марк распавядае нам пра тое здарэнне, каб паказаць моц Езуса. У даўнія часы людзі верылі, што толькі Бог з’яўляецца Валадаром такіх стыхіяў, як вецер і мора. Псальміст піша, што Бог «перамяніў буру ў цішу і супакоіў хвалі. І весяляцца, бо яны сціхлі, а Ён прывёў іх да жаданае прыстані» (пар. Пс 107 (108), 29–30). Мы бачым, што і Езус мае ўладу над стыхіямі, таму Ён патрабуе ад сваіх вучняў веры і даверу да Яго, бо той, хто заўсёды з Езусам і бясконца давярае Яму, можа не баяцца ніякай небяспекі. Хрыстус нясе ў нашае жыццё супакой і цішу. Як жа часта сучаснаму чалавеку не хапае менавіта цішыні! Мы прызвычаіліся да жыцця ў шуме. Прыходзячы дадому, адразу ўключаем музыку або тэлевізар, або і тое, і другое адразу. На вуліцы і ў транспарце бачым шмат людзей з навушнікамі, якія бясконца штосьці слухаюць. Чалавек пачынае баяцца цішыні. Часта нават на адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту мы спрабуем «загаварыць» Бога сваім словамі, ні на хвіліну не застаючыся ва ўнутранай цішыні, каб і Ён мог штосьці сказаць нам. Няхай Езус суцішыць у нас вялікія буры, каб мы маглі атрымаць асалоду ад цішы, каб у цішыні маглі пачуць Ягоны голас.

 
Урачыстасць святых Пятра і Паўла, апосталаў — 29 чэрвеня 2006 г.

Чытанні: Дз 12, 1–11; Пс 34 (33);
2 Цім 4, 6–8. 17–18.

Евангелле (Мц 16, 13–19):

Прыйшоў Езус у межы Цэзарэі Філіпавай і пытаўся ў вучняў, кажучы: Кім людзі лічаць Сына Чалавечага? Яны ж сказалі: Адны – Янам Хрысціцелем, другія ж – Іллёю, а іншыя – Ераміяй ці адным з прарокаў. Ён кажа ім: А вы кім лічыце Мяне? Сымон Пётр адказаў: Ты – Хрыстус, Сын Бога Жывога. Тады Езус сказаў яму ў адказ: Шчаслівы ты, Сымоне, сын Ёнавы, бо не цела і кроў адкрылі табе гэта, але Айцец Мой, які ў нябёсах. І Я кажу табе, што ты, – Пётр (скала), і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не пермогуць яго. І дам табе ключы Валадарства Нябеснага, і што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў небе, а што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана ў небе.

Сёння, калі мы ўзгадваем у літургіі двух найбольшых стаўпоў Касцёла — святых апосталаў Пятра і Паўла, — падчас святой Імшы чытаецца Евангелле, у якім апавядаецца пра вызнанне Пятра. Паразважаем крыху глыбей над гэтым фрагментам Святога Пісання. Тое, пра што піша святы евангеліст Мацвей, адбылося непадалёк ад Цэзарэі Філіпавай — горада, размешчанага на паўночным усходзе Палестыны, каля вытокаў Ярдану. Езус пытаецца ў сваіх вучняў, кім лічыць Яго просты люд, вольны ад фарысейскай няшчырасці. Тое, што Езус — гэта хтосьці незвычайны, прызнавалі ўсе, але хто Ён на самай справе — не ведаў ніхто. Праўду пра Езуса Хрыста ад імя ўсіх апосталаў вызнаў Пётр: «Ты — Хрыстус, Сын Бога Жывога». Езус пацвердзіў словы Пятра, падкрэсліваючы, што спазнаць гэта чалавечым розумам немагчыма — для гэтага неабходныя звышнатуральнае святло і Божая ласка. Спазнанне праўдаў веры магчыма толькі праз ласку. Пазнаўчыя магчымасці чалавека тут яўна недастатковыя, таму нельга звязваць з імі жыццё веры — гэта значыць, верыць толькі ў тое, што можна да канца спазнаць і зразумець. Езус таксама абяцае, што духоўная святыня Касцёла выстаіць перад націскам згубных сілаў зла, бо яе фундаментам будзе Пётр, названы скалою. Аднак у гэтым вызначэнні маюцца на ўвазе не нейкія надвычайныя чалавечыя магчымасці Пятра, а яго вера і ўнутраная моц, дадзеныя яму ад Бога для выканання гэтай місіі. Езус таксама акрэсліў абсяг улады Пятра ў Касцёле. Пётр установіць у ім законы, абавязковыя для ўсіх, і тое, што ён установіць на зямлі, будзе замацавана таксама не небе. Гэтую ўладу атрымліваюць усе наступнікі Пятра, таму сёння ў нашых малітвах будзем памятаць пра ўвесь Касцёл, збудаваны на падмурку апосталаў, пра Папу Бэнэдыкта XVI, а таксама пра нашых біскупаў і святароў.

Падрыхтаваў
айцец Артур Папроцкі CSMA