Усё пачыналася дажджом. Выйшлі з катэдры пасля святой Імшы, а неба разлівалася вадою – яшчэ адно пакрапенне ў дарогу пілігрымам да Кракава. Здалося, дождж, ачышчаючы звонку, быў напамінкам, каб ачысцілі сэрцы ад непатрэбнага тлуму, ад пылу, нанесенага штодзённымі справамі ды клопатамі, каб адчынілі іх, звычайна шчыльна прычыненыя, насустрач адзін адному, насустрач Святому Айцу, да якога ехалі, насустрач Богу…

Накіраваліся адразу да Кракаўскіх Блоняў, дзе павінна было праходзіць чуванне і наступным днём Імша з удзелам Святога Айца. Шчыра здзівіла незлічонасць сцягоў і сцяжкоў — польскіх, марыйных, папскіх — у кожным вакне, на кожным балконе. Напраўду, Кракаў гэтымі днямі ззяў рознакаляровай святочнасцю, і прыемна было, што й нашы сцягі, лунаючы ў паветры, дадавалі сваю звонкую ноту ў гэты суцэльны спеў сонца, ветру, вулачак пад сінюткім небам, кветак, стужак, сцягоў, колераў і водараў, і крокаў, і рытмаў, і галасоў.

На Блонях ужо поўна было людзей і амаль немагчыма было знайсці хоць бы лапік вольнага месца, каб прысесці — усё поле было скрозь засланае адным дываном заплечнікаў, коўдраў, карыматаў, намётаў. За гэтай мітуснёй і ўзрушаннем прыхаванымі здаліся напачатку духоўнасць, з’яднальны сэнс самой сустрэчы, але ўсё гэтае вонкавае нібы дым знікла, варта было разнесціся чутцы, што да Блоняў пад’язджае Святы Айцец. Увесь натоўп дыхаў і жыў адным, у адным рытме біліся сэрцы, пляскалі далоні ды ўсклікалі вусны: «Benedetto!!! Deo te electo!!!», «Kochamy Cię!», «Niech żyje Papież!». Насамрэч урачыста загучалі, падхопленыя маладымі галасамі, простыя словы гімну сустрэчы: «Nie lękajcie się!.. Trwajcie mocni w wierze!». Неба, дагэтуль шчыльна закрытае хмарамі, працялі голкі апошніх сонечных промняў, паветра разлілося нечаканым спакоем і сабранасцю.

Спатканне з Папам злучыла разам не толькі моладзь, але й шмат дзетак, сем’і, людзей сталых і нават пажылых. Супольна з моладдзю Папу віталі прадстаўнікі розных хрысціянскіх рухаў і супольнасцяў, узносячы да Бога ўрачыстыя словы малітвы падзякі. Мяне ж найбольш уразіла малое дзяўчо. Відавочна спужаная грандыёзнасцю таго, што адбываецца, падышоўшы да мікрафону, дрыготкім голасам яна вымавіла: «Кахаю Цябе, Пане Езу» — і менавіта гэтыя чатыры словы найбольш трапна адлюстравалі, на маю думку, настрой, які панаваў тым вечарам на Кракаўскіх Блонях.

«…Дык вось, кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і выконвае іх, прыпадобніцца да мужа разумнага, які збудаваў свой дом на камені; і паліўся дождж, і разліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і рынуліся на той дом; і ён не ўпаў, бо пастаўлены быў на камені…» (пар. Мц 7, 24–25) Чалавек у кожным моманце свайго жыцця пастаўлены перад выбарам: дабро альбо зло, воля альбо няволя… А ў паўсядзённасці нам часта бракуе прыкладу святасці, шляхетнасці, праўдзівасці, і таму мы, хрысціяне, павінны будаваць жыццё сваё на камені, якім ёсць Хрыстус, маючы Яго за прыклад, наследуючы Яго, кожны дзень пачынаючы са словаў: «Езу, давяраю Табе!» — вось адна з асноўных думак сустрэчы. І не дарэмна ўсіх адорваў сваім бласлаўленнем Езус Міласэрны з абраза ў глыбіні бочнага алтара.

«…Прыступаючы да Яго, каменя жывога, людзьмі адкінутага, але Богам выбранага, каштоўнага, і самі, як жывыя камяні, будуйце з сябе дом духоўны, святарства святое, каб прыносіць духоўныя ахвяры, любасныя Богу праз Езуса Хрыста...» (пар. 1П 2, 4—6) — сімволіка каменя, трывалага фундаменту прысутнічала ва ўсім: у тэкстах спеваў і ўрыўках з Евангелля, у пасвячэнні Святым Айцом вуглавога каменя пад моладзевы Цэнтр імя Яна Паўла II, у самой яго прысутнасці як Пятра нашых часоў.

— Трывайце моцныя ў веры — яна пройдзе выпрабаванні і, жывая, будзе ўзрастаць, супрацьстаючы нявер’ю, у якім чалавек часам адкідвае Таго, хто палюбіў яго да канца… Не бойцеся быць з Хрыстом, жыць з Ім і дзеля Яго. Будуйце сваё жыццё з Тым, хто заўсёды верны, хто схіляецца над вашым сэрцам, кажучы: « Я цябе не кіну…», з Тым, хто працягвае вам рукі з Крыжа са словамі: «Люблю цябе…», з Тым, хто аддаў за вас жыццё і нічога не робіць супраць… — так прамаўляў Святы Айцец да тых, хто прыйшоў на сустрэчу з ім. Прамаўляў проста і натхнёна, як да добрых сваіх сяброў, і нам таксама здавалася, што ведаем яго хіба сто гадоў, такім сваім ён пачуваўся сярод нас. І як меўся ўжо ад’язджаць, выпраўлялі яго супольным цёплым:«Sto lat!»

Ноч не была лёгкай, але самы моцны дождж не здольны быў загасіць ні агню знічоў, ні агню маладых сэрцаў — амаль усю ноч доўжылася чуванне з удзелам каталіцкіх музычных гуртоў.

Голас з дажджовай цемры:

— Але іншым цяпер горай.

— Чаму?

— Бо іх тут няма…

Раніцою Святога Айца на полі сустрэлі словамі, якія скіраваў Езус да апостала Пятра: «Tu es Petrus». Сустрэлі, як калісь самога Апостала сустракалі першыя хрысціяне ў Рыме, толькі на Кракаўскіх Блонях нас была не адна тысяча, а нашмат болей… Benedictus qui venit in nomine Domini! Узнёслыя гукі Імшы разагналі хмары, і нябёсы над Блонямі заўсміхаліся дзіўнай вясёлкай — яна застыла ў небе, не абапіраючыся на зямлю… Затрапяталі вясёла на вятры сцягі, і мы ўрэшце расцягнулі транспарант, які прывезлі з Мінска, з запрашэннем да Святога Айца наведаць Беларусь. Маем надзею, што ён не застаўся незаўважаны, і ў хуткім часе ў нас будзе магчымасць усклікаць: «Беларусь вітае цябе, Святы Айцец, на сваёй зямлі!». Нават калі Папа Бэнэдыкт і не мог бачыць з алтара словы нашага запрашэння, то добры Бог пэўна прачытаў гэтае прагненне ў нашых сэрцах і пачуе нашыя малітвы ў гэтай інтэнцыі. «Trwajcie mocni w wierze!» А пакуль у нас панавала вялікая радасць з магчымасці знаходзіцца там і дзяліць са Святым Айцом гэтыя цудоўныя хвілі еднасці, надзеі, веры, любові і дзіўнага, вельмі трывалага адчування Божай апекі і Яго Волі ў тым, што адбываецца.

Гэтае адчуванне не знікла і па заканчэнні Імшы, калі Папа ўжо выехаў у Ватыкан і поле паступова апусцела. Цуды працягваліся. Так, крыху зблудзіўшых пілігрымаў з Беларусі напаткаў паважаны пан Павел і, правёўшы да аўтобусаў, быў так ласкавы, што яшчэ й наладзіў нам вандроўку па старажытным Кракаве. Паблукаўшы па надзвычай прыгожых вуліцах, завітаўшы да колькіх неапісальна прыгожых святыняў ды, безумоўна, падняўшыся на Вавель, у рэшце рэшт, стомленыя, усхваляваныя ўбачаным і перажытым, прыціхлыя, мы рушылі далей у накірунку Чэнстаховы.

Па дарозе не маглі не заехаць у Вадавіцы. Мястэчка ўражвала нейкай незвычайнай сакральнасцю, проста разлітай у паветры, на вузкіх вулачках, у невялічкім будынку касцёла. Трывала моцнае адчуванне, што тут людзі жывуць незаблытаныя ў будзённым тлуме ды мітусні, бліжэй да нябёсаў, да Бога, да Вечнасці, чым хтосьці з нас. Гэтае адчуванне падмацоўваў і надпіс на сцяне касцёла над старым сонечным гадзіннікам: «Czas ucieka, wieczność czeka». Міжволі ўзнікла разуменне, што Вадавіцы — адна з сапраўды нешматлікіх мясцінаў, дзе мог нарадзіцца такі чалавек, як Ян Павел ІІ — без сумневу, тут ёсць пачатак ягонай святасці ў штодзённасці...

У чэнстахоўскім санктуарыі Маці Божай для нас мелася быць святая Імша а восьмай раніцы, але ж паднялася большасць нашмат раней, каб трапіць на ўрачыстае адкрыццё цудоўнага абраза а шостай. Шлях да Яснай Гары нялёгкі, тым больш з ранку, калі ногі яшчэ гудзяць ад учарашняй стомы ды халоднае паветра прымушае злёгку дрыжэць. Да таго ж мы троху спазняліся і йшлі даволі хутка. Аж стому як ветрам здзмухнула, калі ўкленчылі ў капліцы цудоўнага абраза. Людзей было гэтулькі, колькі можа змясціць невялікае памяшканне, такіх жа крыху заспаных, але шчаслівых… Пасля Імшы на адкрыццё абраза было колькі часу, каб павандраваць па дворыках ды будынках санктуарыя, завітаць у капліцу адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і нават памаліцца Гадзінкі да Божай Маці ў адным з музейных пакояў. Імша для беларускай групы адпраўлялася на лаціне, і яе надзвычайная ўзнёсласць, лёгкасць і нябеснасць кранула літаральна ўсіх. Урачыстыя старажытныя словы малітвы, адбіваючыся ад старажытных сценаў, прымушалі расці за спінай крылы...

Так скончылася нашае невялічкае падарожжа. Шмат чаго можна яшчэ дадаць, шмат чаго ўзгадаць, бо кожны, без сумневу, мае ў душы нешта асабістае аб гэтых днях, нешта, што захавае на працягу ўсяго жыцця… Дзякуй Богу за гэты цудоўны час і кожнаму з пілігрымаў за тое, што дзялілі са мною гэтую вандроўку.

Юля Шэдзько.
Фота ўдзельнікаў пілігрымкі.

Р.S. У часе нашага прабывання ў Чэнстахове адышоў да Бога адзін з пілігрымаў. Ласкава просім аб малітве за супакой ягонай душы.