3 чэрвеня:
святога Караля Луангі і паплечнікаў, мучанікаў.

Нарадзіўся ў 1865 г. у Буліму (Уганда). Быў кіраўніком груп маладых пажоў пры двары мясцовага караля. У 1885 г. прыняў хрост і навярнуў у хрысціянскую веру шмат іншых пажоў. Праз пэўны час у краіне распачаўся пераслед хрысціянаў, у выніку якога Караль быў забіты. Яго і яшчэ 31 хрысціяніна спалілі ў Намугонга. Пій ХІ абвясціў святога Караля Луангу апекуном афрыканскай моладзі.

 
5 чэрвеня:
святога Баніфацыя, біскупа і мучаніка.

Нарадзіўся каля 674 г. у Вэсэксе (Англія). Быў выхаванцам бэнэдыктынцаў. Праз пэўны час Баніфацый сам уступіў у ордэн бэнэдыктынцаў і ўзначаліў адну з манаскіх школаў. Ва ўзросце 40 гадоў пачаў займацца навуковай дзейнасцю, складаючы першую пісьмовую ангельскую граматыку. У 718 г. Папа Грыгорый ІІ скіраваў Баніфацыя з евангелізацыйнай місіяй у паганскую ў тыя часы Цюрынгію. Некалькі гадоў Баніфацый паспяхова працаваў па ўсёй Германіі, абвяшчаючы Божае слова і засноўваючы дыяцэзіі. Усяго на нямецкіх землях ён заснаваў 7 дыяцэзій. У 722 г. Баніфацый быў кансэкраваны як біскуп-місіянер, а праз 10 гадоў стаў арцыбіскупам і папскім вікарыем у Германіі. 5 чэрвеня 754 г. падчас аднаго з місіянерскіх падарожжаў на тэрыторыі Нідэрландаў Баніфацый разам з 52 паплечнікамі быў забіты паганамі. Сваёй дзейнасцю святы Баніфацый заклаў падмурак еднасці хрысціянскай Еўропы, і таму яго называюць «апосталам Германіі» і «заснавальнікам Захаду і Еўропы». Да рэліквій святога, якія спачываюць у заснаваным ім кляштары ў Фулдзе, на працягу стагоддзяў прыходзілі і працягваюць прыходзіць шматлікія пілігрымы. Баніфацый з’яўляецца апекуном краўцоў і півавараў.

 
9 чэрвеня:
святога Эфрэма, дыякана і доктара Касцёла.

Нарадзіўся каля 396 г. на тэрыторыі сучаснай Турцыі. Напачатку Эфрэм узначальваў хрысціянскую супольнасць у сваім родным горадзе і лічыўся аўтарытэтным дарадчыкам. Пасля нападу персаў перабраўся ў Эдэсу, дзе хутка стаў прызнаным настаўнікам тэалогіі і дзе да яго таксама звярталіся па парады. Найбольшую славу Эфрэму прынеслі яго каментары да Святога Пісання, а таксама гімны, якія ён складаў. Калі ў тых мясцінах здарыўся моцны голад, ён арганізаваў дапамогу і апекаваўся хворымі. Да канца жыцця Эфрэм жыў у сваёй манаскай кельі ў Эдэсе, дзе і памёр 9 чэрвеня 373 г. Яго лічылі святым ужо пры жыцці, а Папа Бэнэдыкт XV абвясціў святога Эфрэма Сірына доктарам Касцёла. Святы Эфрэм лічыцца адным з найбольшых паэтаў сірыйскага Касцёла, і яго называюць «Божаю арфай».

 
21 чэрвеня:
святога Алаізія Ганзагі, законніка.

Нарадзіўся 9 сакавіка 1568 г. на поўначы Італіі. Нягледзячы на сваё высокае паходжанне, ва ўзросце 17 гадоў адмовіўся ад спадчыны і ўступіў у Рыме ў Таварыства Езуса (ордэн езуітаў). Глыбокая пабожнасць і суровы лад жыцця спалучаліся ў Алаізія з вялікаю любоўю да хворых і да ўсіх, каму была патрэбная дапамога. Падчас эпідэміі чумы, якая лютавала ў Рыме, ён аддана дапамагаў хворым і клапаціўся пра годнае пахаванне тых, хто загінуў ад пошасці. У выніку Алаізій заразіўся сам і памёр 21 чэрвеня 1591 г. ва ўзросце 23 гадоў. Яго рэліквіі спачываюць у рымскім касцёле святога Ігнацыя. Святы Алаізій Ганзага з’яўляецца апекуном моладзі і студэнтаў, а таксама тых, хто выбірае свой жыццёвы шлях. Яго заступніцтва просяць пры заразных хваробах і хваробах вачэй.

 
28 чэрвеня:
святога Ірэнэя, біскупа і мучаніка.

Нарадзіўся каля 130 г. у Малой Азіі. Хутчэй за ўсё, быў выхаванцам святога Палікарпа. Вядома, што са 170 г. Ірэнэй быў прэзбітэрам у Ліёне (Францыя). Там у той час узнікла хрысціянская супольнасць і шмат вернікаў прынялі мучаніцкую смерць у выніку пераследу. Праз нейкі час Ірэнэй стаў біскупам Ліёна. Ён паспяхова займаўся евангелізацыяй на ўсходзе і поўдні Галіі, імкнуўся да паразумення з Касцёлам на Усходзе. Ірэнэй памёр на мяжы 200–202 гг. у Ліёне (паводле некаторых звестак ён быў замучаны). Яго рэліквіі доўгі час захоўваліся ў Ліёне і былі ў вялікай пашане, пакуль іх не знішчылі гугеноты. Святы Ірэнэй Ліёнскі па праве лічыцца адным з найбольшых тэолагаў і пісьменнікаў Заходняга Касцёла раннехрысціянскіх часоў.