Працяг. Пачатак у № 1-2 за 2005 г. >>>

Хлеб і віно

Але яшчэ адзін, іншы шлях вядзе да Бога. Пра яго мы не маглі б гаварыць, калі б не ўказвалі на яго словы самога Хрыста і калі б не ішла ім так упэўнена літургія.

Яднацца можна не толькі праз сузіранне і любоў, праз ўсведамленне і настрой. Існуе таксама з’яднанне жывой істоты з Богам. Не толькі нашае пазнанне і воля імкнуцца да Яго, але таксама ўся наша істота. «Cэрца маё і цела радасна клічуць да Бога жывога», гаворыцца ў псальме, і мы супакойваемся толькі тады, калі таксама і ў сваім існаванні і жыцці з’яднаныя з Ім. Гэтае з’яднанне не азначае перамешвання быцця, пераблытвання жыцця. Сцвярджаць такое было б не толькі праяваю дзёрзкасці, але і бязглуздзіцаю, бо нішто створанае не можа перамяшацца з Боскасцю. І ўсё ж існуе іншае з’яднанне — не толькі злучэнне ў пазнанні і любові, а з’яднанне існуючага жыцця.

Мы страсна імкнемся да такога з’яднання, мы павінны мець яго. Для гэтага імкнення ёсць вельмі глыбокі вобраз. Само Святое Пісанне і літургія ўкладаюць нам яго ў вусны: мы хацелі б так злучыцца з Богам нашым асабістым жыццём, як нашае цела злучаецца з ежаю і напоем. Мы адчуваем голад, мы адчуваем смагу — мы прагнем Бога.

Нам хочацца не толькі пазнаць Яго, не толькі любіць. Нам хочацца ахапіць Яго, трымаць, мець; так, скажам гэта спакойна, мы хацелі б Яго спажываць, піць, цалкам убіраць у сябе, пакуль поўнасцю не насыцімся Ім, поўнасцю не супакоімся, не будзем напоўненыя Ім. Падчас урачыстай літургіі Цела і Крыві Пана мы чуем словы Пана: «Як паслаў Мяне жывы Айцец, і Я жыву Айцом, так і той, хто есць Мяне, будзе жыць Мною».

І сапраўды, ці не так гэта? Мы ж не пасмелі б патрабаваць такога па ўласным праве; нас павінен быў бы стрымліваць страх перад святатацтвам. Але калі сам Бог так гаворыць, то нашае сэрца кажа: «Так павінна быць». Яшчэ раз паўторым: тут няма ў думках нічога непачцівага. Нічога, што выглядала б так, нібыта мы хочам сцерці мяжу, якая аддзяляе нас, істотаў створаных, ад Бога.

Але мы можам прызнацца ў тым, што сам Бог уліў у нашыя сэрцы гэтае прагненне. Мы можам радавацца таму, чым адорвае нас Яго велізарная Дабрыня. Хрыстус кажа: «Цела Маё — праўдзівы спажытак, а кроў Мая — праўдзівы напой. Хто есць Маё цела і п’е Маю кроў, ува Мне ёсць, а Я — у ім. Як паслаў Мяне жывы Айцец, і Я жыву Айцом, так і той, хто есць Мяне, будзе жыць Мною». Есці Ягонае цела... піць Ягоную кроў... есці Яго... прымаць у сябе жывога Бога-чалавека, тое, чым Ён ёсць і што мае, — ці ж не больш гэта за тое, чаго мы самі ў стане былі б пажадаць для сябе? І нават больш яшчэ за тое, чаго мы павінны жадаць для сябе ў самых патаемных глыбінях нашай істоты?

І такое яснае ўвасабленне знаходзіць гэтая таямніца ў постацях хлеба і віна.

Хлеб — гэта спажытак. Спажытак высакародны, спажытак, які сапраўды насычае. Гэта моцны, здаровы спажытак, які ніколі не надакучае. Хлеб праўдзівы і добры — гэтыя словы выкарыстаны тут у іх глыбокім, поўным цеплыні сэнсе. І менавіта ў постаці хлеба Бог становіцца жывым спажыткам для нас, людзей. Святы Ігнацы з Антыёхіі піша да вернікаў у Эфес: «Мы пераламляем хлеб; няхай жа гэта стане для нас умацаваннем да несмяротнасці». Хлеб — гэта ежа, якая насычае нас жывым Богам і чыніць так, што мы — у Ім, а Ён — у нас.

Віно — гэта напой. Так, але я павінен удакладніць: не толькі напой, які наталяе смагу, такім напоем з’яўляецца вада. Віно дае нешта большае: яно «сэрца людзям весяліць», як гаворыцца ў Святым Пісанні. Сэнс віна не толькі ў тым, каб наталяць смагу, але ў тым, каб быць напоем радасці, паўнаты, перапоўненасці.

«Які ж прыгожы мой келіх, поўны ап’янення», — кажа псальміст. Ці разумееш ты, што гэта значыць? І што ап’яненне тут азначае нешта зусім іншае, чым стан празмерна выпіўшага? Віно — гэта прыгажосць, якая іскрыцца, гэта водар і сіла, якая ўсё раз’ясняе і распрасцірае ўшыр. І менавіта ў постаці віна дае нам Хрыстус сваю Боскую кроў. Не як напой, які прыдае храбрасці і разважлівасці, але дае гэтую кроў як празмернасць Боскай вытанчанасці. «Sanguis Christi, inebria me», «Кроў Хрыстова, напоўні мяне асалодаю», — маліўся Ігнацы Лаёла, чалавек з рыцарскім, гарачым сэрцам. А святая Агнешка казала пра кроў Хрыста як пра таямніцу любові і невымоўнай прыгажосці: «Малако і мёд піла я з Ягоных вуснаў, а кроў Ягоная ўчыніла прывабнымі шчокі мае», — так гаворыцца ў малітвах у дзень успаміну гэтай святой.

Хлебам стаў для нас Хрыстус і віном. Ежаю і напоем. Мы можам есці Яго і піць. Хлеб — гэта вернасць і непахісная моц. Віно — гэта адвага, радасць звыш усялякіх зямных мерак, водар і прыгажосць, шырыня і свабода дзеянняў без ніякіх межаў, ап’яненне жыццём і валоданнем, і шчодрасцю дару...

Пераклад з нямецкай мовы
Ірыны Бурак.