З адгартацыі Святога Айца Яна Паўла ІІ Familiaris consortio
пра заданні хрысціянскай сям’і ў сучасным свеце

Будучыня чалавецтва ідзе праз сям’ю! Таму існуе тэрміновая неабходнасць у тым, каб кожны чалавек добрай волі ўключыўся ў справу ратавання і падтрымкі каштоўнасцяў і патрэбаў сям’і. Я адчуваю сябе абавязаным прасіць сыноў і дачок Касцёла прыкласці для гэтага асаблівыя намаганні. Тыя, хто праз веру пазнае ў паўнаце цудоўную задуму Бога, маюць яшчэ адну нагоду для таго, каб прыняць у сваё сэрца рэчаіснасць сям’і ў наш час, гэты час выпрабавання і ласкі. Яны павінны асабліва любіць сям’ю. Гэта — канкрэтнае і адказнае заданне. Любіць сям’ю — гэта значыць умець цаніць яе каштоўнасці і магчымасці і заўсёды іх падтрымліваць. Любіць сям’ю — гэта значыць, пазнаць небяспекі і зло, што ёй пагражаюць, каб магчы іх пераадолець. Любіць сям’ю — гэта значыць старацца стварыць асяроддзе, спрыяльнае для яе развіцця. А асаблівая форма любові да сучаснай хрысціянскай сям’і, часта спакушанай расчараваннем, прыгнечанай нарастаннем цяжкасцяў, — гэта вяртанне ёй веры ў сябе, ва ўласнае багацце натуры і ласкі, у пасланніцтва, даручанае ёй Богам. «Трэба, каб сучасныя сем’і ізноў узняліся на вышыню! Трэба, каб яны ішлі за Хрыстом» (Ян Павел II, Пасланне Appropinquat iam, 1 [15 жніўня 1980 г. ]: AAS 72 [1980], 791).

Хрысціяне таксама маюць заданне радасна і пераканаўча абвяшчаць «добрую навіну» пра сям’ю — сям’ю, якая адчувае вялікую патрэбу слухаць кожны раз нанава і ўсё глыбей разумець праўдзівыя словы, што адкрываюць ёй яе ўласную тоеснасць, яе ўнутраныя багацці, важнасць яе пасланніцтва ў супольнасці чалавечай і ў Супольнасці Божай.

Касцёл ведае шлях, па якім сям’я можа дасягнуць глыбіні праўды пра сябе. Той шлях, які ён пазнаў у школе Хрыста і які на працягу гісторыі, паказанай у святле Святога Духа, не навязвае, але, адчуваючы ў сабе непераадольнае патрабаванне, прапануе ўсім без страху, а, хутчэй, з вялікім даверам і надзеяй, хоць ведае, што «добрай навіне» знаёмая таксама мова Крыжа. Але менавіта праз Крыж сям’я можа дасягнуць паўнаты свайго існавання і дасканаласці сваёй любові.

У завяршэнне я жадаю запрасіць усіх хрысціянаў да адваж- нага і сардэчнага супрацоўніцтва з усімі людзьмі добрай волі, якія ў сваім жыцці нясуць адказнасць за служэнне сям’і. Тыя, хто прысвяціў сябе яе дабру ва ўлонні Касцёла, ад яго імя і па яго натхненні, адзінкі, групы, рухі ці таварыствы, часта сустракаюць побач з сабою асобаў і інстытуты, якія працуюць дзеля таго самага ідэалу. У вернасці каштоўнасцям Евангелля і чалавечым каштоўнасцям, а таксама з павагаю да законнага плюралізму ініцыятываў, гэтае супрацоўніцтва можа паспрыяць больш хуткаму і поўнаму развіццю сям’і.

Цяпер жа, завяршаючы гэтае пастырскае пасланне, якое павінна звярнуць увагу ўсіх на сур’ёзныя, а таксама захапляльныя заданні хрысціянскай сям’і, я хачу заклікаць заступніцтва Святой Сям’і з Назарэта.

Па цудоўнай задуме Бога доўгія гады ў ёй скрыта жыў Сын Божы: таму яна з’яўляецца правобразам і прыкладам усіх хрысціянскіх сем’яў. Сям’я, адзіная на свеце, тая, якая вяла невядомае і ціхае жыццё ў невялікім мястэчку ў Палестыне; якая перажывала беднасць, пераслед, выгнанне, якая праслаўляла Бога непараўнальна ўзнёсла і часта, без прамаруджвання дапаможа ўсім хрысціянскім сем’ям, больш за тое, усім сем’ям у свеце ў вернасці штодзённым абавязкам, у пераадоленні неспакою і жыццёвых непрыемнасцяў, у велікадушным адкрыцці на патрэбы іншых, у радасным выкананні Божага плану.

Няхай святы Юзаф, «Муж Справядлівы», нястомны працаўнік, бездакорны апякун даручаных яму скарбаў, сцеражэ іх, апякуецца імі і заўсёды іх асвятляе.

Няхай Панна Марыя, якая з’яўляецца Маці Касцёла, будзе таксама Маці «хатняга Касцёла», каб дзякуючы Яе Матчынай дапамозе кожная хрысціянская сям’я магла сапраўды стаць «малым Касцёлам», у якім будзе адлюстроўвацца і жыць таямніца Касцёла Хрыстовага. Няхай Яна, Слуга Панская, будзе прыкладам пакорнага і велікадушнага прыняцця волі Божай; няхай Яна, Маці Балесная ля падножжа Крыжа, лагодзіць цярпенні і асушвае слёзы тых, хто пакутуе ад цяжкасцяў у сям’і.

А Хрыстус, Валадар сусвету, Валадар сем’яў, няхай прысутнічае так, як у Кане, у кожным хрысціянскім сямейным ачагу, каб даць яму святло, радасць, спакой і мужнасць. У дзень, урачыста прысвечаны Яго Валадарскай годнасці, я прашу Яго, каб кожная сям’я магла велікадушна зрабіць свой асабісты ўнёсак у прыйсце на свет Яго Валадарства, «Валадарства праўды і жыцця, святасці і ласкі, справядлівасці, любові і супакою» (Прэфацыя пра Езуса Хрыста, Валадара сусвету), да якога ідзе гісторыя.

Яму, Марыі і Юзафу я давяраю кожную сям’ю.