Працяг. Пачатак у № 1-2 за 2005 г. >>>

Алтар

Розныя сілы ёсць у чалавеку. Пазнаючы, ён можа ахопліваць усё тое, што знаходзіцца навокал, — зоркі і горы, акіяны і рэкі, дрэвы і жывёлаў, а таксама чалавечыя істоты наўкола сябе — і ўбіраць іх у свой унутраны свет. Ён можа іх любіць, можа таксама ненавідзець іх і адпіхваць ад сябе; ён можа супрацьстаўляць сябе ім або імкнуцца да іх і прыцягваць іх да сябе. Ён можа авалодаць сваім атачэннем і фармаваць яго паводле сваёй волі. Шматлікія і такія разнастайныя хвалі радасці і смутку, тугі і любові, супакою і ўзрушанасці праходзяць праз яго сэрца. Аднак яго самая высакародная сіла — разумець тое, што над ім ёсць нешта вышэйшае; пакланяцца гэтаму Вышэйшаму і бачыць у гэтым сваё прызначэнне. Чалавек можа прызнаць Бога найвышэйшым, можа пакланяцца Яму і прысвячаць самога сябе для таго, «каб Бог быў услаўлены».

Але тое, што веліч Бога ззяе ў духу, што чалавек пакланяецца гэтай велічы, не замыкаецца сябелюбіва на ўласным «я», а ўзносіцца над сабой, прысвячае самога сябе для таго, каб Найвышэйшы быў услаўлены, — гэта ахвяра.

Найглыбейшае, што напаўняе душу чалавека, — гэта сіла ахвяры. У глыбіні душы чалавека прабывае той супакой і яснасць, з якога ахвяра ўзнімаецца да Бога.

Бачным знешнім знакам гэтага самага глыбокага, самага спакойнага і самага моцнага, што ёсць у чалавеку, з’яўляецца алтар. Ён стаіць у самым святым месцы касцёла, выдзелены шэрагам прыступак з астатняй прасторы, якая сама адасоблена ад абшару дзейнасці чалавека звонку, аддзелена як святыня душы. Трывала замацаваны на надзейным цокалі, як шчырая воля ў чалавеку, якая ведае пра Бога і прыняла рашэнне прысвяціць сябе Яму. А на цокалі ляжыць пліта, менса — месца, вельмі добра падрыхтаванае для складання ахвяры. Ніякіх загібаў, свабодная, роўная плоскасць. Няма тут ніякіх няясных практык, схаваных у паўценю, — усё адкрыта кожнаму позірку. Так, як у сэрцы павінна здзяйсняцца ахвяра — цалкам ясная перад Божым позіркам, без усялякіх агаворак і патаемных намераў.

Але абодва алтары звязаны адзін з адным — той, які знаходзіцца звонку, і гэты, унутраны. Той, бачны знешне, — сэрца касцёла; гэты, у грудзях, — найглыбейшае ў жывой святыні чалавека, унутраным храме, выразам і падабенствам якога з’яўляецца знешняя святыня з яе сценамі і скляпеннямі.

Працяг у нумары №9(137) 2006 >>>

Пераклад з нямецкай мовы
Ірыны Бурак.