Гэтыя словы сталі дэвізам 96-га Дня католікаў, што праходзіў з 24 па 28 траўня ў нямецкім горадзе Саарбрукен у паўднёва-заходняй частцы Германіі, зусім блізка ад Францыі. Каб прыняць удзел ва ўсіх мерапрыемствах у рамках Дня католікаў, якіх было больш за тысячу, у невялікі Саарбрукен прыехалі каля 26 000 наведвальнікаў з розных краін свету. Тэма справядлівасці перад абліччам Бога чырвонай стужкай прайшла скрозь усю праграму Дня католікаў, якая ахоплівала шырокі спектр мерапрыемстваў — ад набажэнстваў, малітваў, форумаў-дыскусій, дакладаў да канцэртаў і тэатральных паказаў. Арганізатарам Дня католікаў з’яўляюцца епіскапат Трыра і Цэнтральны камітэт нямецкіх католікаў, вышэйшы орган свецкіх людзей у Германіі.

Тэма справядлівасці ахоплівала чатыры сферы: «Справядлівасць — асноўнае паняцце біблейскай тэалогіі»; «Справядлівасць — пробны камень для краіны ў стане пералому», што знайшло адлюстраванне ў дакладзе на тэму «Агонь па краях — ці пагражае нам паўстанне лішніх?»; «Справядлівасць для новай Еўропы» (закраналася нават тэма капіталістычнай эканомікі супраць сацыяльнай рыначнай эканомікі) і «Справядлівасць — надзея людзей ва ўсім свеце», якая абмяркоўвалася пад назвай «Афрыка памірае ад СНІДу — што робіць астатняя частка свету?»

Але тэма экуменізму таксама ахоплівала ўсе аспекты тэматыкі Дня католікаў. У яе праграме, сярод іншага, былі набажэнствы, дыскусіі, выстаўкі і ўпершыню так званая праваслаўная школа. І ўсё сведчыла пра тое, што вялікая сустрэча ў гасцінным Саарбрукене стала самым еўрапейскім Днём католікаў. І не толькі таму, што адзін з чатырох аспектаў справядлівасці быў прысвечаны Еўропе, але і з-за блізкасці ад Францыі і Люксембурга (людзі з абедзвюх краін прыязджалі для ўдзелу ў Дне католікаў) і з-за ўдзелу епіскапату Люксембурга і Метца ў падрыхтоўцы праграмы.

Сярод мерапрыемстваў гэтай грандыёзнай сустрэчы можна адзначыць працу Цэнтра Бібліі, Духоўнага цэнтра, хрысціянска-юдэйскага дыялогу, працу Цэнтра моладзі, Форума шляхоў Якаба. Упершыню ў гісторыі Дзён католікаў працаваў «Цэнтр партнёрства ў Еўропе і ў Адзіным Свеце». Тым самым была ўлічана агульная дзейнасць нямецкага Каталіцкага Касцёла ў свеце і асобнае партнёрства епіскапату Трыра і Касцёла Балівіі. У праграму Дня католікаў таксама ўвайшлі так званая «Царкоўная міля», на якой былі прадстаўлены больш за 200 групаў, тры сцэны ў горадзе на тэмы «Адзіны Свет», «Карытас» і «Музыка», культурныя мерапрыемствы музычнага, літаратурнага і тэатральнага характару і павільён біскупаў.

Трэба адзначыць, што Дні католікаў і каталіцызм свецкіх вернікаў у Германіі непарыўна злучаны паміж сабой. Гэта бачна і з гісторыі нямецкіх Дзён католікаў. Гісторыя Дзён католікаў, а потым і гісторыя Цэнтральнага камітэта нямецкіх католікаў пачалася 3 кастрычніка 1848 года, у час першага генеральнага сходу каталіцкага аб’яднання Германіі. Першапачатковай мэтай у 1848 годзе было вызваленне ад дзяржаўнай апекі, бо перад сакавіцкай рэвалюцыяй 1848 года Касцёл падпарадкоўваўся князям адпаведных земляў і ім распараджаліся «як мытняй і падаткамі». Здабытыя ў выніку рэвалюцыі свабоды, у прыватнасці права арганізацыі кааліцый і аб’яднанняў, стварылі перадумовы для заснавання каталіцкіх аб’яднанняў. Вернікі і святары скарысталі гэтыя правы і заснавалі «Каталіцкае аб’яднанне Германіі». З цягам часу спектр тэмаў пашыраўся. Напрыклад, побач з патрабаваннем свабоды Касцёлу з’явіліся клопат пра католікаў у дыяспары, пра бедных і хворых, выступленне за захаванне каталіцкіх школ і пашырэнне хрысціянскай літаратуры.

У ходзе гісторыі аб’яднанне перажывала шматлікія цяжкія перыяды. У час панавання нацыянал-сацыялізму Дні католікаў увогуле былі забароненыя, Цэнтральны камітэт быў выключаны з грамадскага жыцця, а каталіцкія аб’яднанні распушчаны. Пасля другой сусветнай вайны шмат былых каталіцкіх аб’яднанняў было адноўлена, для выканання новых задач былі створаны новыя структуры. Першы пасляваенны Дзень католікаў адбыўся ў горадзе Майнц у 1948 годзе, а ў красавіку 1952 года зноў быў створаны Цэнтральны камітэт.

Адносіны паміж Касцёлам і дзяржавай змяніліся, асноўная задача пачатковага перыяду была дасягнута. Але і ў пасляваенны перыяд дзейнасць католікаў у грамадстве і палітыцы засталася галоўнай тэмай Цэнтральнага камітэта нямецкіх католікаў. Менавіта ў час правядзення Дзён католікаў зноў і зноў працягвалася і нават ініцыявалася развіццё значных тэндэнцый. Так, напрыклад, з іх ішлі імпульсы да прымірэння з Францыяй і Польшчай, а таксама стымул да заснавання біскупскай арганізацыі па аказанні дапамогі «Misereor».

У цэлым 96-ы Дзень католікаў прайшоў вельмі плённа. Ён падараваў цікавыя сустрэчы, даў новыя імпульсы для далейшай працы на карысць Богу і людзям, працы ў імя справядлівасці. З упэўненасцю можна сказаць, што госці гэтага Дня католікаў прывезлі дадому шмат добрых уражанняў і яшчэ больш актыўна будуць несці ў свет дабро, справядлівасць, надзею і Божае Слова.

Алена Сямёнава