З 4 па 9 ліпеня ў іспанскім горадзе Валенсія адбыўся V Міжнародны кангрэс сям’і, на якім прысутнічаў Папа Бэнэдыкт XVI. Галоўнай тэмай кангрэса было «Пераказанне веры ў сям’і», таксама былі закранутыя вельмі актуальныя пытанні, звязаныя з сям’ёй (сусветны дэмаграфічны крызіс, выхаванне дзяцей).

Апроч свецкіх удзельнікаў на кангрэсе прысутнічалі таксама душпастыры. З Беларусі ў Валенсію прыехалі Апостальскі Адміністратар Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі біскуп Антоні Дзям’янка і ксёндз Пётр Бялевіч з Шуміліна. Амаль што з кожнай краіны была дэлегацыя. Шмат сем’яў прыехалі са сваімі дзецьмі, для якіх арганізатары кангрэса падрыхтавалі розныя забавы, спартыўныя, інтэлектуальныя гульні, заняткі для агульнага развіцця, выступленні артыстаў, клоунаў, гумарыстаў. У асобнай зале працавала выстава каталіцкіх арганізацый, выдавецтваў.

Кульмінацыйным момантам кангрэса стала святая Імша на чале са Святым Айцом, на якой прысутнічала каля 1,5 мільёна чалавек.

Мы атрымалі шмат прыемных уражанняў таксама ад горада, яго сярэднявечных храмаў і самой атмасферы, якая там панавала.

Але самым цудоўным перажываннем была малітва Ружанца на беразе Сяродземнага мора, дзе было пастаўлена 5 біблейных сцэнаў з жыцця Марыі і Езуса. Паміж таямніцамі гучаў вельмі прыгожы спеў, падчас якога ўсе прысутныя ўзнімалі запаленыя свечы, бо гэта было ўжо апоўначы.

 

Віталь Царык.
Фота аўтара.