Ужо даўно Святыя Айцы заўважылі незвычайнае падабенства паміж жыццём Збаўцы і Яго Маці. Такую аналогію можна правесці і паміж урачыстасцямі, якія Ім прысвечаны. Кожнае свята, звязанае з імем Збаўцы, рэхам адгукаецца на ўрачыстасці Панны Марыі. Свята Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны яскрава адлюстроўвае гэта. Першыя згадкі пра ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі вядомыя яшчэ з глыбокай старажытнасці. Аднак абвяшчэнне догмату пра Яе ўнебаўзяцце адбылося толькі ў 1950 г. у буле Папы Пія ХІІ «Munificentissimus Deus». Менавіта з гэтага моманту з’яўляецца догмай тое, што Марыя «з целам і духам была ўзята да нябеснай хвалы». Урачыстасць Унебаўзяцця — гэта дзень трыумфу Марыі, Яе хвалы, а таксама ўзнагароды за цярпенне і працу зямнога жыцця.

Рэпертуар польскамоўных песняў на ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі досыць малы. Магчыма, гэта звязана з яшчэ нядаўнім прыняццем догмату. Некаторыя з песняў падкрэсліваюць догмат Унебаўзяцця, такі, напрыклад, спеў «Matko niebieskiego Pana», які паходзіць з ХVIII cт. Большасць песняў па гэтай тэматыцы ўзнікла ў ХІХ — пачатку ХХ ст. Сярод іх вядомыя «Dzisiaj pozdrawiamy», «O Maryjo, w niebo uniesiona», «Њwiкta Maryjo, biaіo lilijo». У асобных строфах некаторых спеваў, напрыклад, «Ciebie na wieki» ці «Maryjo z dnia Zwiastowania», таксама сустракаюцца згадкі пра Унебаўзяцце Маці Божай.

На беларускай мове спецыяльна прызначаных на гэтае свята песняў, на жаль, няма ўвогуле, таму падчас набажэнстваў св. Імшы ці Нешпараў мы раім выкарыстоўваць звычайныя марыйныя спевы і найперш лацінскі гімн «Ave Maris stella» альбо яго беларускі адпаведнік «Вітай, зорка мора», а таксама «Вітай, Марыя», «Маці будзем мы вітаці...» і інш. песні са спеўніка «Цябе, Бога, праслаўляем». У далейшым мы будзем спадзявацца, што секцыя касцёльнай музыкі ў хуткім часе выдасць збор песняў, у якім пачэснае месца зоймуць спевы на ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Святлана Шэйпа