На пачатку чэрвеня ў Віцебску на базе Дзяржаўнага медыцынскага універсітэта прайшла ІІ Міжнародная медыцынская канферэнцыя «Праблемы ўрачэбнай этыкі ў сучасным свеце». Як і папярэдні, што адбыўся 4 чэрвеня мінулага года, форум быў ініцыяваны Віцебскай каталіцкай дыяцэзіяй і сабраў для абмеркавання надзённых пытанняў азначанай у назове тэмы ўрачоў-хрысціянаў, прадстаўнікоў духавенства, усіх, хто цікавіцца падобнай тэматыкай, якая з’яўляецца актуальнай ва ўсе часы і ва ўсіх краінах незалежна ад узроўню духоўнага развіцця, канфесійнай прыналежнасці насельніцтва ці палітычных або эканамічных умоваў.

Адметнасцю сёлетняй канферэнцыі было пашырэнне геаграфіі яе ўдзельнікаў. Гэта адзначыў у прывітальным слове ардынарый дыяцэзіі біскуп Уладзіслаў Блін, гэта пацвердзілі выступленні ўрачоў-практыкаў з розных краін. Правядзенне канферэнцыі спансавалі фірмы BERLIN-CHEMIE і NYCOMED, непасрэднай арганізацыйнай працай займаліся ўрачы Віцебскай абласной клінічнай бальніцы, парафіяне віцебскай парафіі Святога Духа Людміла Ярмолава і Сяргей Сіпайла.

Урач – сябар чалавека: пакліканы да лекавання цела, ён не можа заставацца абыякавым да болю душы – гэтыя словы Яна Паўла ІІ, прыведзеныя першым выступоўцам, ксяндзом Міхаілам Цвячкоўскім МІС у дакладзе на тэму «Духоўныя аспекты біяэтыкі», сталі лейтматывам усяго мерапрыемства.

З цікавымі развагамі пра ролю ўрача-верніка ў свеце, дзе штодня клопат пра культуру жыцця ўсё больш навязліва падмяняецца мітуснёй вакол культуры смерці, выступіла старшыня Літоўскай асацыяцыі Сусветнай арганізацыі ўрачоў «За жыццё чалавека» доктар медыцыны Аліна Шаўлаўскене. Гінеколаг-акушэр паводле спецыялізацыі, яна падзялілася досведам працы ў плане абароны права чалавека на жыццё, пазнаёміла ўдзельнікаў і гасцей канферэнцыі з абноўленым тэкстам клятвы Гіпакрата, паводле якога ў суседняй краіне ўжо працуюць каля 3 тысяч медыкаў. Яе калега, сп. Яніна Тарцілене, распавяла пра станоўчыя зрухі ў літоўскай дзяржаве ў кірунку спынення тэндэнцыі да скарачэння насельніцтва, пра супольныя намаганні грамадства, медыкаў і Касцёла па змяншэнні колькасці абортаў, абароны правоў дзяцей, якія яшчэ знаходзяцца ў мацярынскім лоне і далейшы лёс якіх цалкам залежыць ад волі бацькоў. Ажыўленне ў зале выклікала паведамленне гасцей з Літвы пра існаванне ў сталіцы краіны помніка цяжарнай жанчыне, пра правядзенне такіх агульнанацыянальных мерапрыемстваў, як Дзень жыцця, Дзень хворага і інш.

Даклад доктара медыцыны Антуна Лісеца з Харватыі быў прысвечаны тэме паводзінаў медыцынскага работніка перад выпрабаваннем сумлення. Багата насычаны звесткамі з асабістай прафесійнай практыкі, а таксама асобнымі тэзамі дакументаў Каталіцкага Касцёла («Casti Conubii», «Humanae Vitae», «Donum Vitae»), ён закранаў пытанні недапушчальнасці такіх распаўсюджаных сёння з’яваў, як стэрылізацыя, штучнае апладненне, эўтаназія, звярнуў увагу на неабходнасць ва ўсіх сферах дзейнасці, у тым ліку і медыцыне, прытрымлівацца тых маральных прынцыпаў, якія ўстанавіў для чалавека Бог. «Нават пры невылечных хваробах людзям трэба дапамагаць і лекаваць іх, — зазначыў дакладчык. – Што да сумлення медыка, то яго нельга падзяляць на сумленне, звязанае з прафесіяй, і тое, якім ён кіруецца ў прыватным жыцці. Медыцынскі работнік, як і кожны чалавек, павінен імкнуцца быць маральным ва ўсіх сітуацыях і пры ўсіх выкліках сумлення». Асобнаю падтэмай прагучала ў выступленні доктара Лісеца праблема амаральнай адукацыі і неабходнасці барацьбы з ёю.

Тэме фармавання сістэмы сямейных каштоўнасцяў як асновы прафілактычнай працы з моладдзю прысвяціла свой даклад псіхолаг з Мінска, старшы выкладчык Беларускай нацыянай акадэміі мастацтваў Наталля Пан. Як супрацьстаяць росту фактараў, што перашкаджаюць фармаванню такой сістэмы, як зрабіць, каб маладыя людзі ад маленства прасякаліся значнасцю яе складнікаў, якім чынам бараніць дзіцячую душу ад марнатраўства і спажывецкага падыходу да жыцця? На ўсе гэтыя няпростыя пытанні выступоўца пастаралася адказаць, грунтуючыся на досведзе працы ў Місіі Маці Божай Фацімскай і палажэннях праграмы, скіраванай на фармаванне ў моладзі альтэрнатыўнай (адносна спажывецкай) мадэлі сацыяльнай паспяховасці праз павышэнне статуса сямейных каштоўнасцяў, прафілактыку абортаў, ранніх і выпадковых палавых сувязяў, бяздумнага падыходу да ўзаемаадносінаў паміж жанчынай і мужчынам.

На тэму фактараў ужывання маладымі людзьмі алкаголю і наркотыкаў як перадумовы развіцця цяжкіх фізічных і псіхічных захворванняў разважала прадстаўніца Віцебскага дзяржаўнага універсітэта імя П.М.Машэрава Наталля Мядзвецкая. Яе даклад, заснаваны на выніках шматлікіх апытанняў сярод маладых людзей, паказаў, што грамадства так дагэтуль і не адшукала дзейсных шляхоў да вырашэння балючых праблем сучаснасці.

Выступілі і іншыя ўдзельнікі канферэнцыі: ксёндз Анджэй Бочар з Відзаў, што на Браслаўшчыне, урач-анэстэзіёлаг абласной клінічнай бальніцы Сяргей Сіпайла. Прачулым і па-навуковаму строгім было выступленне прафесара Віцебскага медуніверсітэта Міхаіла Нікольскага. Таццяна Ярошкіна, прадстаўніца фірмы «NYCOMED» у Віцебскай вобласці, пазнаёміла прысутных з асноўнымі кірункамі сучаснай фармакатэрапіі і прэпаратамі, якія могуць садзейнічаць паляпшэнню якасці жыцця хворага чалавека. Заключнае слова сказаў на закрыцці форуму дзекан Віцебскага дэканата кс. Адам Дынак.

З тэзісамі канферэнцыі зацікаўленыя асобы могуць пазнаёміцца, набыўшы адпаведную брашуру, выдадзеную накладам 250 асобнікаў выдавецтвам «Про Хрысто». Магчыма, гэта стане для кагосьці штуршком узяць удзел у наступным форуме, які адбудзецца ў Віцебску на пачатку лета 2007 года.

Францішак Дубраўскі.
Фота Мікалая Новікава.