З 8 па 11 чэрвеня ў Глыбокім, што на Віцебшчыне, праходзіў ІІ Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnificat».

Гэты фестываль заснаваны курыяй Віцебскай дыяцэзіі, каталіцкай асацыяцыяй для камунікацый «Signis-Беларусь», культурна-рэлігійным часопісам «Дыялог» і кіна-відэа студыяй «Стоп-кадр». Фестываль актыўна падтрымліваецца Глыбоцкім райвыканкамам.

Распачаўся каталіцкі фэст традыцыйнай святою Імшой, якую цэлебраваў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч разам з ардынарыем Віцебскай дыяцэзіі біскупам Уладзіславам Блінам, святарамі Глыбоцкага дэканату і святарамі-удзельнікамі фестывалю. Імша праходзіла ў касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў вёсцы Удзела.

Менавіта там, у беларускім Непакалянаве, каля помніка св. Максімільяну Кольбэ, быў зроблены сімвалічны першы дубль. Фестываль адкрыўся фільмам «Бог дзейнічае праз людзей» пра мосарскага ксяндза Юзафа Бульку.

У мосарскім касцёле св. Ганны, на другі дзень свята, адбыўся і вечар, прысвечаны памяці Слугі Божага Яна Паўла ІІ. Святая Імша аб хуткай беатыфікацыі Вялікага Папы, вершы Караля Вайтылы ў выкананні Алега Вінярскага і канцэрт камернага хору Рэспублікі Беларусь закранулі людскія сэрцы. «Ах, як хораша спяваюць, ажно ў небе чутно! – казалі мосарскія парафіянкі, – шкада толькі, што фільмаў замала».

Галоўныя кінапаказы праходзілі ў мястэчку Глыбокае.

На фестывалі былі прадстаўленыя 28 дакументальных фільмаў і тэлепраграм з 8 краінаў. Упершыню прайшоў майстар-клас з удзелам Віктара Аслюка і Юрыя Гарулёва.

У дыскусіі пра шляхі развіцця хрысціянскага кіно ставіліся надзённыя пытанні. Каго паказваць у хрысціянскім кіно? Як зрабіць так, каб жыццё святароў, манахаў не выглядала на экране саладжавым і нудным? Як перадаць таямніцы сакрамэнтаў? І як праз штодзённае жыццё свецкага чалавека выявіць Боскія законы й хрысціянскую ісціну?

Як і летась, Гран-пры было вырашана не прысуджаць. Найлепшым дакументальным фільмам прызнаная стужка чэшскіх аўтараў «Уганда, пакутная перліна Афрыкі». Фільм Леаша Рышкі распавядае пра краіну, што раздзірае грамадзянская вайна. Бунтаўнікі крадуць дзяцей і вучаць іх забіваць, а місіянеры розных канфесій апякуюцца ўцекачамі і дапамагаюць вярнуцца дзецям да нармальнага жыцця.

Фільм Дар’і Юркевіч «Бог дзейнічае праз людзей» адзначаны галоўным прызам як лепшая тэлепраграма. Гэты выпуск «Існасці», прысвечаны святару Юзафу Бульку, адметны трапнымі назіраннямі.

Прыз каталіцкай асацыяцыі для камунікацый «Signis-Belarus» атрымала стужка Міхаіла Якжэна «Родная душа» інфармацыйнага агенцтва Беларускай Праваслаўнай Царквы. Карціна распавядае пра ігумена Нікана, мучаніка за Хрыстовую веру.

Айцы францішкане ўпадабалі фільм Мікалая Князева «Серафімавы браты», у якім паказваецца жыццё праваслаўных манахаў. Стужку Беларускага відэацэнтра адзначылі «за яскравае ўвасабленне вобраза святара – настаўніка, лекара чалавечых душ».

Братэрскі фэст «Непакалянаў» зацікавіла карціна Уладзіміра Бокуна «Сям’я Скробат». У выпуску з тэлецыкла «Лёс чалавека» гаворыцца пра цудоўныя падзеі ў сям’і, звязаныя з выратаванай статуяй Дзевы Марыі.

А Глыбоцкаму райвыканкаму спадабаўся просты беларускі фільм Вольгі Марокавай і Максіма Міхальцова «Палоннікі схільнасцяў» – на актуальную тэму барацьбы з наркаманіяй і алкагалізмам.

Расейская стужка на тую ж тэму — «Я сустрэў Бога ў цемры» — адзначаная гільдыяй кінакрытыкі Беларускага саюза кінэматаграфістаў «за цэласнасць змястоўнага і вобразнага вырашэння сацыяльнай тэматыкі».

А чорна-белы латышскі дыямент Інэсы Клявы «Пасля слова „Амэн„» быў адзначаны адмысловым прызам журы. Рэжысёрка супаставіла тэатральна-атэістычную індустрыю пахавальных кантораў і ціхае слова пастыра.

Прызёрка леташняга кінафэсту Галіна Адамовіч была ўхваленая за высокі прафесійны ўзровень карціны «Завядзёнка» — пра шматдзетную палескую сям’ю.

«Magnificat» – толькі трэці фестываль у свеце, які займаецца хрысціянскім кіно. Роля беларускага кінафоруму ў сцвярджэнні хрысціянскіх каштоўнасцяў была падкрэсленая ў пасланні Старшыні Папскай Рады грамадскіх камунікацый арцыбіскупа Джона Патрыка Фолія, ліст якога быў зачытаны на закрыцці кінафэсту.

Андрэй Расінскі