З 28 чэрвеня па 2 ліпеня ў Магілёве ў чатырнаццаты раз праходзіў міжнародны фестываль хрысціянскай музыкі «Магутны Божа». Сёлетні фестываль сабраў больш за 700 удзельнікаў з розных краінаў: каля 20 хораў, 8 моладзевых гуртоў і 9 салістаў, аркестры, інструментальныя гурты, харэаграфічныя, балетныя і тэатральныя трупы. Падчас фестывалю праходзілі тэатральныя спектаклі, мастацкія выставы, а таксама былі наладжаны экспазіцыі на рэлігійную тэматыку.

У адкрыцці фестывалю ў тэатральнай зале Дома культуры «Хімвалакно» прымалі ўдзел іерархі Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы, а таксама прадстаўнікі мясцовых уладаў. З прывітальным словам да арганізатараў, удзельнікаў і гасцей фестывалю звярнуўся Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч, які перадаў усім благаслаўленне Святога Айца Бэнэдыкта XVI. У цырымоніі адкрыцця прымаў удзел таксама Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, а таксама епіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі ўладыка Сафроній. 29 чэрвеня, ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла, на фестываль прыбыў Апостальскі Адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Антоні Дзям’янка, які адправіў урачыстую св. Імшу за ўдзельнікаў фестывалю.

Свята праходзіла ў атмасферы малітвы і радасці, кожны дзень цэлебравалася св. Імша з удзельнікамі фестывалю. Паслухаць прыгожыя спевы ў магілёўскую катэдру заўсёды збіралася шмат мясцовых жыхароў і гасцей горада.

Фестываль «Магутны Божа» стаў ужо добраю традыцыяй у рэлігійным жыцці Магілёва. Варта адзначыць, што ён карыстаецца вялікаю падтрымкай гарадскіх уладаў. Гэта яскравае сведчанне плённага супрацоўніцтва Касцёла і свецкай улады ў галіне адраджэння хрысціянскай культуры.

Арганізатарамі фестывалю з’яўляюцца магілёўская рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Пан-ны Марыі, Фонд адраджэння хрысціянскай культуры «Магутны Божа», а таксама аддзел па справах культуры Магілёўскага гарвыканкама. Фестываль «Магутны Божа» — адзіны ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе конкурс выканаўцаў класічнай і сучаснай прафесійнай хрысціянскай музыкі, якая прызначана для людзей розных пакаленняў. Артыстаў натхняе Евангелле, а іх творчасць з’яўляецца формаю сведчання веры.

Невыпадкова такі фестываль праходзіць менавіта ў Магілёве. За багатую гісторыю горада тут склаўся вельмі спрыяльны клімат для правядзенння экуменічных сустрэчаў, бо на магілёўскай зямлі замацаваліся розныя рэлігійныя і культурныя традыцыі. Немагчыма было ў гэтым куточку Еўропы абысці справы экуменізму, і таму з самага пачатку існавання фестывалю яго галоўнаю мэтаю было імкненне да адзінства і служэнне справе экуменізму.

Падрыхтаваў
кс. Раман Факсінскі