* * *

Дыхаю Тваім небам.
Тварам у твар з Табою,
Я адчуваю: не трэба
Руйнаваць Твайго супакою.
Няхай silentium sacrum;
Вежы — ходнікі ў вечнасць;
Узнёсласць і светлыя мары
Хістаюць мае межы.
Усё, што было трывалым,
Раптам ў няіснасць зыходзіць —
Мы пры Тваёй браме —
Каменьчыкі на дарозе...

         

 
           * * *

Сонца ўзыходзіць, спіць мястэчка,
Роўна дыхае, бачыць сны,
Лье супакой і гукае вечнасць
Будслаў несвяточны, але святы.
Б’ецца сэрцам маёй Беларусі,
Спевам птушыным недзе ў раллі,
Крыжам лунае, як белы бусел,
Будслаў несвяточны, але святы.
Маці з пяшчотай дзіця люляе,
Каб адхіліць, аддаліць ад бяды.
Позірк яе назаўжды ўтрымае
Будслаў несвяточны, але святы.
Калі, маладая альбо старая,
Стамлюся ад тлуму ды барацьбы,
У хвілі апошняй сваёй узгадаю
Будслаў несвяточны, але святы.


 
* * *

У ноч па дарозе — світанне пачнецца няхутка.
Пытаецца хтосьці, ці будзе калісь яно?
Пранізлівы вецер халоднай імжой ахутаў
Зганьбаваную веру, забітую гвалтам любоў...
У цемры пакутнай міжволі збіваюцца крокі
I голаў паволі схіляе долу туга
Па некім здабытай і страчанай намі волі,
Вольнай і цвёрдай, як Бог запаведаў нам.
У маўклівых нябёсах звоняць званы жалобу
Па кожнаму з нас, бо не ўмеем трывалымі быць.
Бо веру, і мову, і праўду свае аддалі на згубу,
Вучыліся больш ненавідзець, а не любіць...
Магутны Божа, які над сусветам уладарыш,
Трываеш у вечнасці й глыбі сэрцаў малых,
Стварэнням сваім, каб у пакутнай імжы не блукалі,
Агеньчык надзеі, як свечку ўначы, запалі!
Прымі ў сваю ласку такіх, няўдзячных і слабых,
Няшчырых, нядбалых у смутку абранай душы,
Застыла адданых сабе і толькі ў сябе закаханых,
Паверыць Табе, не шукаючы ран, навучы...


 
* * *

Чыстая ўзнёсласць лёгкіх святых скляпенняў
Задыхае раптам, быццам абуджана з мараў,
Вусны ўзнясуць урачыстыя словы малення:
Regina caeli, letare!
Смутку няма ў абліччы Асветленай Панны,
Травеньскі вэрхал змяняе Твой супакой,
Бо quia quem meruisti portare
Ужо не пакіне апекі сваёй над зямлёй.
Смерці няма, пераможанай Боскай ахвярай —
Хто мае вушы, няхай гэты вокліч пачуе.
Хай пойдзе у свет і няспынна яму абвяшчае:
Resurrexit, sicut dixit! Alleluja!
3 сонечных светлых муроў каталіцкай святыні,
Якія ўзняліся пад сінім крывіцкім небам,
Марыя з Будслаўя, Маці Белай Краіны,
Ora pro nobis Deum!

Юлія Шэдзько