Дзённік пілігрыма

25 чэрвеня. Дзень першы.

Чаму я іду ў Будслаў не з Полацка, а ажно з Друі? Не толькі таму, што гэты шлях на цэлыя два дні даўжэйшы, хоць і гэта, лічу, немалаважна. І не толькі таму, што люблю старадаўнюю Друю ды выкарыстоўваю момант лішні раз пабыць у ёй. Ну, і не толькі таму, што з гэтай пілігрымкай ідзе мой сын, а за дарослым сынам кожнай маці, мабыць, хацелася б, як нітка за іголкай... Самы сур’ёзны аргумент: мне цалкам адпавядае духовасць марыянаў, якія вядуць гэтую пілігрымку.

Ранішняя нядзельная Імша ў касцёле, блаславенне на дарогу каля ягоных дзвярэй. Нас, пілігрымаў, роўна 100. Кіраўнік пілігрымкі, айцец Міхаіл Цвячкоўскі — сто першы. Каб і хацеў лепш прыдумаць — не змог бы. Першы пілігрымскі спеў, вядома ж, «Маці Будслаўская». Першы прыдарожны крыж на выездзе з Друі. Молімся каля яго ды развітваемся з друйскімі парафіянамі, якія нас сюды праводзілі, — такая тут завядзёнка. Наперадзе ў нас дзве сотні кіламетраў.

Першы кароткі адпачынак ужо на тэрыторыі Мёрскага раёна, мінуўшы не надта лёгкі кавалак рабрыстай гравейкі. З задавальненнем расцягваемся на сакавітай траве, але радасць ціхага адпачынку нядоўгая: айцец Міхаіл запрашае паслухаць праграму пілігрымкі і першыя разважанні. Кожны дзень будзе прысвечаны пэўнаму сакрамэнту, сёння — гаворка пра сакрамэнт хросту. Айцец Міхаіл нагадвае пра адказнасць хрысціяніна, разумнае выкарыстанне ім свабоды, якую дае чалавеку Пан Бог. Разважанні заканчваюцца аптымістычным:«А цяпер — у дарогу!». Падымаемся, выстройваемся і распачынаем Ружанец, якім кіруе сястра Ісмэна з Оршы. Адметнасць друйскай пілігрымкі ў тым, што ў ёй удзельнічаюць вернікі з Оршы, Барысава, Верхнядзвінска, заўтра прыедуць і далучацца з Жодзіна... Нас, з Наваполацка, трое: я і мае спадарожніцы, спадарыні Святлана ды Яніна.

Набліжаемся да мілай майму сэрцу Ідолты з яе блакітна-зялёным возерам, ціхамірным лесам каля касцёла Маці Божай Шкаплернай, невялікім старым касцялком на паўвостраве, з яе балючымі магіламі — ксяндза Баляслава Грамса, мясцовага мучаніка, ахвяры нямецкіх паліцаяў, ды сімвалічнымі магіламі арганіста і колішняга ідолцкага пробашча Эліяша, вязня беразвецкай турмы, які стаў ахвяраю жудаснага расстрэлу калоны вязняў энкавэдзістамі каля Улы. Не магу не ўспомніць у Ідолце і святой памяці айца Антонія Лася, з якім некалі так добра гаварылася тут. Дзякуем парафіянам за смачны абед, вырушаем у дарогу і неўзабаве прыпыняемся каля Лёневага крыжа. Так называецца гэты крыж, пастаўлены на месцы гібелі пад коламі трактара, якім кіраваў п’яны трактарыст, маладога хлопца — Лёні Голуба, чыёй мары стаць святаром не суджана было здзейсніцца. Молімся пры Лёневым крыжы за адказнасць тых, хто сядае за руль машынаў, а я малюся ў душы яшчэ і за вечны спачын для пілігрымшчыцы Ніны Філіпчык, якая таксама загінула ад колаў машыны з п’яным шафёрам. Бяда нашага часу... Ратуй нас ад яе, Божа!

На прыпынку з дзіўнаватаю назваю Рускае сяло сустракаюць мясцовыя жыхары і да нас далучаюцца пілігрымы з павяцкай парафіі Маці Божай Фацімскай. Нас более! Айцец Міхаіл запявае «Сённяшні дзень Бог падараваў...», падхопліваем і паскараем крок, каб неўзабаве спыніцца каля хаты, у якой жывуць бацькі айца Міхаіла. З асалодаю сядаем у ценю высозных бярэзінаў, і я раблю выснову, што самае смачнае на свеце — вада, асабліва ў спякотны дзень. Першае сведчанне: спадарыня Ліля з Оршы распавядае пра тое, як яна вучыцца распазнаваць у жыцці Божую волю, а я прашу шаноўную грамаду маліцца за пятнаццацігадовую Дзіну, якая вось ужо год прыкаваная да ложка пасля аўтамабільнай аварыі.

Прыкладна а сёмай вечара прыходзім нарэшце ў мёрскі касцёл, дзе нас ужо чакаюць. Ксёндз Крыштаф Менкіна ўшчувае некаторых пілігрымаў за адзенне, якое празмерна агаляе цела. На мой погляд, цалкам слушна, хоць, вядома ж, чуць такое не зусім прыемна. Але хто сказаў, што ў пілігрымцы нам гарантавана чуць толькі прыемнае? Як, зрэшты, і ўсюды.

Першы мой начлег у сям’і Баркоў, якая дала Касцёлу ажно двух святароў. Дык дзякуй ёй не толькі за смачную вячэру і мяккую пасцель, але найперш — за дзяцей. Адзін з іх, Юры, служыць Богу недзе ў яшчэ большай спякоце, ажно ў Афрыцы, а другі, Вячаслаў, праз дзень павядзе полацкую пілігрымку пад нашым сонцам.

 
26 чэрвеня. Дзень другі.

Ён распачаўся святой Імшой у мёрскім касцёле. Казанне, прысвечанае сакрамэнту бежмавання, сказаў айцец Андрэй Сідаровіч, ён заклікаў нас дасканаліць веру, развіваць яе, супрацоўнічаць са Святым Духам, удзеленым у гэтым сакрамэнце.

Ад мёрскага касцёла сёння вырушаюць дзве пілігрымкі: наша і мёрская. Адно што ідзем мы рознымі шляхамі: мы — на Наўгароды і Германавічы, яны — на Новы Пагост і Шаркаўшчыну. Мы вырушаем першыя, бо нас чакае даўжэйшы шлях. Чаму яго выбралі, а не карацейшы? Таму што дарог шмат, і на розных можна і трэба сведчыць пра Хрыста. Дык чаму ж не выкарыстаць такую мажлівасць, нават калі гэта і займае некалькі дадатковых кіламетраў? А яшчэ сёння ў Будслаў вырушылі пілігрымы з Браслава — нас более на дарогах, што вядуць у Будслаў!

Сёння да нас далучыўся яшчэ і ксёндз Аляксандр Жарнасек разам з двума сваімі парафіянамі. У нас ужо ажно чатыры святары, чакаем пятага — Аляксандра Шамрыцкага. А пакуль на прыпынку ў Вазоўніках ксёндз Вячаслаў Пялінак не губляе часу і паўтарае разам з сястрой Таццянай Салодкай нейкі спеў. Хутка, мабыць, мы яго пачуем.

Нарэшце — чаканыя Наўгароды. Прывітаўшыся з мясцовымі вернікамі каля крыжа, літаральна валімся на дол пад цяністымі яблынямі. Не хачу есці і нават піць — толькі ляжаць вось так нерухома на зямлі, прытуліўшыся да яе...

Да нашых пілігрымаў прычапіўся нейкі п’янаваты мясцовы мужчына, які ніяк не можа зразумець, як гэта можна ў такую спёку перціся за трыдзевяць зямель невядома дзеля чаго. Ну, скажам, гэта для яго невядома, а мы ж то ведаем. Таму як ні прыемна ў цяньку пад яблынямі, але прымушаем сябе падняцца і рушыць далей. Бяру крыж. Які ж ён цяжкі! Рукі адразу прыліплі да дрэўка. А калі крыж бывае лёгкім? Дык з усіх сілаў трымаюся за яго і ціхенька прашу: «Пашлі мне, Божа, Сымона Кірынэйца». І — о, цуд! — мне лягчэе, я ўжо больш не мару, каб хтосьці з нашых падышоў ды забраў у мяне крыж...

Стомленыя, сасмяглыя, прыходзім у Германавічы на захадзе сонца. Касцёл адчынены, нас чакаюць. Зморана становімся на калені і ўжо не спяваем, але выдыхаем з сэрца: «Вітай, Езу, Збаўца свету! Ты прымі нашы спевы, малітвы...». Бывае так: шмат разоў прамаўляеш нейкія словы, а раптам надыдзе хвіліна, калі прамовіш іх зусім па-новаму і адчуеш тады ў іх новы, раней нязнаны сэнс. Прымі, Езу, труд гэтага дня, нашага шляху. Ён сапраўды нялёгкі — Ты гэта ведаеш.

Начуем у нашых прыяцеляў, сям’і Лагуноў, слухаем прыгожую ігру на акардэоне дачкі Іры і яе маці Святланы, а калі кладземся спаць, спадарыня Яніна нечакана кажа, што ёй вельмі хацелася б у гэтыя дні праляцець над Беларуссю на самалёце, каб убачыць, як з розных бакоў ідуць у Будслаў пілігрымы. Я ўвогуле не аматарка самалётаў, але на гэты раз таксама, мабыць, не адмовілася б ад такога палёту. Тым больш што заўтра вырушаюць у Будслаў пілігрымы з Полацка і Наваполацка, са Слабодкі ды з Мінска... Беларусь пілігрымуе ў Будслаў!

 
27 чэрвеня. Дзень трэці

Гэты дзень таксама пачынаецца святой Імшой у Германавічах, у мясцінах вечнага нашага вандроўніка, як яго з лёгкай рукі трапна назваў даследчык Арсен Ліс, Язэпа Драздовіча. На могілках у Германавічах спачывае маці мастака, тут ён напісаў шмат сваіх твораў, тут, як занатаваў у дзённіку, яму прысніўся Хрыстус, і ён, вандроўнік, «укланіўся Яму». У сваім казанні, прысвечаным сакрамэнту пакаяння, ксёндз Аляксандр Жарнасек вучыць нас распазнаваць зло ўчынкаў, шукаць яго прычыну, заахвочвае да мужнасці называць зло па імені. Нялёгкая навука. Што ж, будзем імкнуцца спасцігаць яе.

Пот літаральна залівае вочы і твар, калі мы прыпыняемся нарэшце каля брамы лужэцкага касцёла, пры якой нас сустракае ксёндз Мар’ян, чый голас, вітаючы нас, нечакана ўздрыгвае. Уваходзім у касцёл і як не трапляем у абдоймы Езуса Уваскрослага, які так шырока й зычліва раскінуў рукі да нас у галоўным алтары касцёла на фоне прахалоднага нябеснага блакіту. «...Ты прымі нашы спевы, малітвы...». У ценю высознага касцёла, на траве, пасля малітвы хапае месца ўсёй нашай вялізнай грамадзе, а нас недзе ўжо 130. Лужэцкія парафіяне кормяць нас традыцыйным смачным халадніком, смажанаю бульбаю ды неверагодна смачнымі блінамі. Дай, Божа, шчодрых ласкаў добрым людзям, якіх так радасна сустрэць на пілігрымскім шляху ў розных куточках нашай гасціннай Бацькаўшчыны!

Да майго роднага задарожскага касцёла яшчэ ладны кавалак шляху. Яго хапае на Ружанец, спевы, Вяночак да Божай Міласэрнасці, які мы молімся за вызваленне людзей ад алкагольнай залежнасці. Прымі, Божа, нашу малітву, пачуй скаргі нашай зямлі, дапамажы акрыяць да годнага жыцця, напоўненага сэнсам, а не пустым пераціраннем дзён, якія Ты нам дорыш. Ратуй нас ад грэху бессэнсоўнасці, бяздумнасці ды агіднага халуйства.

На падыходзе да задарожскага касцёла коратка прыпыняемся ў Лозіне, каля крыжа, які з’явіўся тут у гэтым годзе. Яго паставіў мой сваяк Ігнат Пад’ельскі, чалавек амаль дзіцячага даверу да Бога. Ён ставіў крыж з надзеяй, што некалі тут прыпыняцца ды памоляцца пілігрымы. І вось мы молімся, а ён сам ужо спачывае на могільніку, побач з маімі бацькамі, братам ды сястрой. Вечны спачын дай ім, Пане... Так вось і ўзнікаюць крыжы на нашых дарогах, у кожнага свая гісторыя...

У касцёле бачу, як, закрыўшы твар рукамі, моліцца наш пілігрым, ксёндз Вячаслаў Пялінак. У яго тут свая гісторыя, гэта таксама ягоны касцёл і ягоны крыж.

 
28 чэрвеня. Дзень чацвёрты.

Дзень прысвечаны сакрамэнту Эўхарыстыі, пра яе на святой Імшы распавядае ксёндз Аляксандр Шамрыцкі. Колькі б мы ні чыталі, ні слухалі, ні думалі пра гэты Божы цуд і дар, ніколі, мабыць, так і не зразумеем усёй ягонай велічы і моцы. Адно — дзякаваць ды нізка схіляць галаву перад Божаю моцаю і такой неспасцігальнаю любоўю да чалавека. На гэтай Імшы, здаецца, мы ўсе неяк па-іншаму, з большым хваляваннем і пашанаю прымаем Цела Хрыста, ахвяраванае для нас на алтары. «Дзякуем, Пане, за Цела і за Кроў, за дар Тваёй любові мы славім Цябе...».

Вырушаем з песняю ў далейшы шлях, каб у Шэпелеве зноў прыпыніцца каля прыдарожнага крыжа і разам з гасціннымі тутэйшымі вернікамі аддаць яму пашану ды падмацавацца крыху на дарогу. Праз некалькі кіламетраў молімся над магілаю ахвяраў халакосту. Прыгадалася, як тата некалі распавядаў мне пра гэты расстрэл пліскіх габрэяў, пра тое, як гітлераўцы ў час абеду селі есці тут жа, пры яме, у якой стагналі яшчэ жывыя людзі... Паелі, а потым зноў працягвалі страляць людзей, і яны падалі ў тую ж самую яму... Божа! На што здольны чалавек, калі ён забывае ці забівае ў сабе чалавека?!

Каля крыжа ў Плісе нас сустракаюць мясцовыя католікі. Іх тут няшмат, але яны традыцыйна й настойліва чакаюць на гэтым месцы пілігрымаў, каб пачаставаць, падаць кубак вады, папрасіць аб малітве альбо перадаць сваё ахвяраванне ў Будслаў. Цераз Пліса ідзем з бадзёрымі песнямі, а мне ўсё адно трохі сумна, бо гэта мясціны майго юнацтва з усёй ягонай непаўторнасцю. Цяпер жа тут, як у вершах майго любімага ў маладосці Сяргея Ясеніна: «Другие юноши поют другие песни...». Але возера за Плісам тое ж самае, на якім некалі мы з аднакласнікамі сустракалі ўзыход сонца пасля выпускнога балю. Адпачынак. І доўгі. Ксёндз Вячаслаў запрашае на абед да ягонай маці. Абяцаныя клёцкі з «душамі» спакушаюць, і мы, пяцёра пілігрымаў, з ласкавага дазволу кіраўніка пілігрымкі адлучаемся, а калі вяртаемся, то як гром з яснага неба на нас звальваецца непрыемнасць: адзін з пілігрымаў парушыў забарону купання і мусіць пакінуць нашу супольнасць. Ну што ж, можа й, справядліва, але мне ўсё адно шкада, бо добра было ісці побач з гэтым хлопцам. Ды ў пілігрымцы патрэбна ўсё ж дысцыпліна, інакш недалёка і да бяды.

Па дарозе карыстаю з сакрамэнту споведзі і, быццам абмыўшыся чыстай расою ў Вялікі чацвер, іду далей. У Падсвіллі нас ужо так шмат, што цяжка ўвайсці ў капліцу, а таму і для начлегу ўсім таксама не хапае месца, і група моладзі начуе проста пры капліцы. Мы ж са Святланай трапілі ў гасцінную сям’ю Хадасевічаў. Гаспадыня корміць смачнай вячэраю, а гаспадар — майстар па заварванні гарбаты розных гатункаў, і ў мяне не стае сілы адмовіцца хоць бы ад аднаго прапанаванага кубка — дзённая смага бярэ сваё.

 
29 чэрвеня. Дзень пяты.

Урачыстасць святых Пятра і Паўла. Мама любіла казаць: «Чакай Пятра — сыр з’ясі». Мы шчасліва дачакаліся, дайшлі да гэтага дня, з’еўшы не адзін смачны кавалак сыру ў дарозе. Віншуем нашых імяніннікаў, ксёндз Вячаслаў адпраўляе за іх Імшу, а таксама і за сястру Альберту, якая сёння святкуе дзень народзінаў. Які прыгожы дзень!

На нашых шыях — блакітна-белыя касынкі. Калі імі вітаеш прахожых, над калонай нібы калышыцца яркі нябесны блакіт. У засені разгалістых яблыняў, каля прыдарожнага крыжа ў Галубічах, стол як не трашчыць ад пачастункаў, на якія дружна кідаецца наша дзятва, а мы, старэйшыя, зморана валімся на пахучую траву ў парку насупраць.

Да Зашчэсля (цяпер — Ураджайнага) ідзем па пяску, вакол сцяной стаіць лес, ні подыху ветрыку і, як на тое, мясцовая тэхніка «вядзе барацьбу за сянаж» — нас то абганяюць, то насустрач нам сунуцца агромністыя машыны, што ўзнімаюць велічэзныя клубы пылу. Ногі тонуць у пяску, пясок скрыпіць на зубах, пакрывае твар, запарушвае вочы. Чым не «выхад з Егіпта»? У Зашчэслі заходзім у капліцу, дзе ксёндз Вячаслаў атрымлівае прыгожы торт ад мясцовых парафіянаў, і кіруемся да школы — на абед.

Пасля адпачынку — любімая малітва ксяндза Вячаслава, малітва маўчання. Распачынаем яе, як і кожную малітву, знакам крыжа ды словамі маці Тэрэзы з Калькуты: «Нам патрэбна ціша, каб мы маглі дакрануцца да нашай уласнай душы. Важна не тое, што кажам мы, але толькі тое, што Бог кажа нам і праз нас...».

Мінуўшы Іванаўшчыну, у часе кароткага адпачынку айцец Вячаслаў распавядае пра сакрамэнт хворых, пра тое, як важна, каб каля хворага былі веруючыя, нераўнадушныя людзі. Цярпенняў, смерці не трэба баяцца, іх трэба прымаць у цішы, ураўнаважанасці, малітве — па-божаму.

Крыжовы шлях. Гэтая малітва ў промнях вечаровага сонца, на вясковай дарозе, сярод сасмяглых палёў прамаўляе да сэрца асабліва моцна. Сястра Ісмэна кіруе спевам, працяглым, задумлівым, як сам гэты шлях. Думаецца, набажэнства Крыжовага шляху почасту не стае нам у нашых пілігрымках, а як зразумець боль нашай зямлі без гэтага?

У Крулеўшчыну ўваходзім з Нешпарамі. Мясцовая дзятва сустракае нас на роварах і, прыціхшы, праводзіць ажно да капліцы. Начлег у Крулеўшчыне розны: некаму пашчасціла больш і ён трапіў да гаспадароў, камусьці — трохі менш, бо начаваў у школьным спортзале...

 
30 чэрвеня. Дзень шосты.

Дарога на Докшыцы. «Пачынайце, вусны нашы, Маці праслаўляці, пачынайце гімн хвалы радасна спяваці...» Люблю гэты няспешны спеў-малітву, такі вобразны, змястоўны, урачысты.

У Докшыцах нас ужо чакаюць айцы і браты капуцыны ды прыгатаваны абед, але мы вырашылі напачатку адправіць святую Імшу, і айцец Андрэй Жылевіч, акрапляючы нас свянцонаю вадою, жартуе, што не бачыў яшчэ гэткай пабожнай пілігрымкі. Ды толькі наш пабожны энтузіязм на вачах марнее ў касцёле — стома бярэ сваё, і айцец Андрэй Сідаровіч, распачынаючы казанне, вымушаны нагадаць, што ёсць небяспека не пачуць Божага слова і не мець з яго плёну. Казанне прысвечана сакрамэнту святарства...

На шляху з Докшыцаў у Параф’янава размаўляем з Паўлам, пілігрымам з Барысава, прыгадваем першую нашу сумесную пілігрымку з Друі, калі ён быў яшчэ падлеткам, а нашы цяперашнія святары — клерыкамі. У нас тады не было ў пілігрымцы ніводнага святара, Імшу для нас адпраўлялі тыя ксяндзы, да якіх мы прыходзілі, а цяпер ажно цэлых пяць святароў і адзін клерык ідуць з намі. Мы з Паўлам нясціпла ды не без гонару прыгадваем, як маліліся тады за святарскія ды манаскія пакліканні.

Над ружанцовымі «Таямніцамі святла» разважае ксёндз Аляксандр Жарнасек. Пасля гэтай засяроджанай малітвы я раптам прыгадваю, як аднойчы на прыёме ў доктара пачула ад яго:«Вышэй за святарства на зямлі нічога няма», а праз нейкі час яшчэ:«Але і найбольшае расчараванне можа чакаць вернікаў, на жаль, таксама праз святароў. Атэістам што... ім з гэтага адно радасць...».

На станцыі ў Параф’янаве нас, пілігрымаў з Наваполацка, ужо чакае пані Марыя Жалейка і здаля прыветна махае рукой. Добра нам у ейным доме.

 
30 чэрвеня. Дзень сёмы.

Апошні дзень пілігрымкі. Самы радасны, а для некага самы сумны. Я ж успрымаю яго як лагічнае завяршэнне гэтага шляху. Касцёл у Параф’янаве змяшчае ўсіх: тут ужо адпачывалі ды вырушылі ў дарогу полацкія пілігрымы, цяпер прыйшлі глыбоцкія ды варапаеўскія, а хутка прыйдуць віцебскія. Невядома, што цяжэй: ісці сем дзён альбо накарміць такую армію згаладалых вандроўнікаў.

Сустракаем шмат знаёмых на машынах — усе дарогі вядуць у Будслаў. Рух на дарозе не перашкаджае малітве. Сёння з намі ідзе мінчанін Мікола Крышнёў, які напісаў прыгожы спеў «За Хрыста і Касцёл». Мы ўсёй грамадой развучваем яго і голасна галёкаем: «Уставай і кроч разам са мной. Я іду за Хрыста і Касцёл!». Энтузіязм гэтай песні немагчыма перадаць на паперы — яе трэба чуць. За Хрыста і Касцёл — да гэтага нас заклікаў блаславёны Юры Матулевіч, які на пачатку мінулага стагоддзя адрадзіў дзейнасць ордэна марыянаў на Беларусі. Дзякуй яму за гэта.

У Ілаве сустракаем шмат пілігрымаў. Молімся апошні наш дарожны Ружанец. І хоць сённяшні дзень прысвечаны сакрамэнту сужэнства, я ў сэрцы дадаю да інтэнцый, якія нам прапануе айцец Міхаіл, яшчэ і малітву за іх, нашых святароў, якія разам з намі прайшлі гэты шлях і напоўнілі яго евангельскім зместам, праўдамі хрысціянскай веры і проста прыгожым прабываннем разам з намі на гэтым блаславёным шляху...

Будслаў! Ягоныя вежы бачныя спачатку здаля, потым знікаюць, потым зноў з’яўляюцца і нарэшце набліжаюцца да нас. Не, гэта мы ідзем да іх! Ідзем хутка і не заўважаем гэтага. Не стамляемся, бо нас чакае Маці Божая Будслаўская!

Ужо ў Будславе да нас падбягае той пілігрым, які мусіў пакінуць нас у Плісе, неабачліва пакупаўшыся ў возеры. Ён таксама прайшоў гэты шлях! Адзін. Малайчына!

Імшу для пілігрымаў Віцебскай дыяцэзіі адправіў ксёндз Францішак Кісель, разам з якім дванаццаць гадоў таму я прайшла сваю першую пілігрымку ў Будслаў. Ён ведае цану пілігрымскага поту, і ягонае казанне па-бацькоўску цёплае. Прымаем Цела Хрыста, дзякуем за адолены шлях, за ўсе ласкі, атрыманыя за гэтыя дні, за ўсё, пра што не скажаш услых.

...Дзіўная гэта рэч — слёзы. Яны нібыта павінны выказваць смутак, але часам у іх праяўляецца такая вялікая радасць!.. Гэта — калі ні ўсмешкаю, ні словам, ні, тым больш, крыкам яе ўжо нельга выказаць, бо яна перапаўняе душу. Тады ты плачаш. Ціха й бездапаможна, як дзіця.

І раптам бачыш праз слёзы ласкавую, непаўторную ўсмешку Той, да Каго пралягаў твой шлях усе гэтыя дні. І табе ніколькі не сорамна за сваю раптоўную слабасць — Маці разумее ўсё...

Ірына Жарнасек.
На фота: імгненні нашай пілігрымкі.