Напэўна, многія людзі ўмацоўвалі сваю веру, прыходзячы на малітвы ў велічны касцёл у Рубяжэвічах. Сярод тых, хто ў ім маліўся і тут пачуў прызванне да святарства, быў кс. Баляслаў Брычкоўскі. Будучы святар нарадзіўся ў маёнтку Мікалова ў рубяжэвіцкай парафіі. Маці яго памерла вельмі рана, пакінуўшы сіротамі 8 дзяцей. Бацька будучага святара ажаніўся другі раз з удавой, якая таксама мела 8 дзяцей. Такім чынам, у сям’і выхоўвалася 16 дзяцей. Як расказвала малодшая сястра Марыя, якая жыве ў вёсцы Астравы Стаўбцоўскага раёна, яе брат з дзяцінства марыў быць святаром. Атрымаць юнаку з беднай сям’і неабходную святарскую фармацыю дапамог Пінскі біскуп.

Пасля заканчэння духоўнай семінарыі і атрымання святарскага пасвячэння кс. Баляслаў працаваў у розных парафіях дыяцэзіі. Апошняя яго душпастырская пляцоўка была ў парафіі Крывошын, што ў Ляхавіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Там, да арышту гестапаўцамі, ён быў пробашчам парафіі і таксама рэктарам філіяльнага касцёла ў Мінску. З успамінаў малодшай сястры ксяндза Баляслава Марыі, якая была побач са сваім братам аж да яго зняволення ў баранавіцкай турме і пакутніцкай смерці ў калдычаўскім лагеры, яе брат быў вельмі добрым чалавекам, асабліва міласэрным да бедных людзей, з якімі дзяліўся ўсім, што сам атрымліваў ад вернікаў.

У верасні 1939 года камуністычныя ўлады выселілі святара з плябаніі. У 1941–1942 гадах немцы хацелі высветліць, хто зрабіў такую крыўду святару, але ён, кіруючыся навукай Хрыста аб прабачэнні і дараванні, адказаў акупацыйным уладам, што ніхто яго не крыўдзіў і тым самым захаваў жыццё і свабоду жыхарам Крывошына, іх сем’ям, якіх гітлераўцы хацелі арыштоўваць як актыўных супрацоўнікаў савецкага рэжыму.

Але не доўга мог ксёндз цешыцца свабодай і весці душпастырства ў Крывошыне і Мінску. Пасля лагерных пакутаў, дзе ён быў атручаны газам, святара пахавалі ў агульнай магіле з іншымі ахвярамі гітлераўцаў недалёка ад канцэнтрацыйнага лагера ў лесе. У пасляваенныя гады мясцовыя жыхары адшукалі месца забойства ахвяраў. Нядаўна стараннем вербістаў з Баранавічаў і пробашча з парафіі Гарадзішча, да якой належыць Калдычава, на гэтай жудаснай магіле быў пастаўлены крыж з надпісам аб тых сумных падзеях і прозвішчамі тых, каго ўдалося распазнаць падчас эксгумацыі. Вернікі парафіі Крывошын перадалі Касцёлу абрус з алтара, на якім ксёндз Баляслаў апошні раз перад арыштам і смерцю адправіў святую Імшу. Гэты абрус як самую дарагую рэліквію захоўвала ў сваёй сям’і каля 60 гадоў яго сястра, цяпер ён захоўваецца ў Сакратарыяце Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі.

Вось якая гісторыя жыцця чалавека – святара рубяжэвіцкай парафіі, які ў свой час наведваў прыгожы, велічны касцёл у Рубяжэвічах. Напэўна, у гэтым касцёле ён прыняў і Першую святую Камунію, Бежмаванне. На 33 годзе трагічна закончылася яго жыццё і на 6 годзе перапынілася святарства парафіяніна рубяжэвіцкай парафіі ксяндза Баляслава Брычкоўскага.

Біскуп Антоні ДЗЯМ’ЯНКА,
Апостальскі Адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.