У суботу 24 чэрвеня ў мінскай парафіі св. Яна Хрысціцеля адбылася адпустовая ўрачыстая св. Імша ў гонар св. Яна Хрысціцеля, якую цэлебраваў Апостальскі Адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Антоні Дзям’янка. На пачатку набажэнства пробашч парафіі кс. Ігар Лашук сардэчна прывітаў усіх прысутных гасцей: інспектара салезіянскай Усходняй Акругі кс. Генрыха Багушэўскага, Мінскага дзекана кс. Антонія Клімантовіча, канцлера Мінска-Магілёўскай курыі кс. Юрыя Касабуцкага, кс. Генадзя Кухарэвіча, кс. Алега Жураўскага з салезіянскай супольнасці са Смаргоні, кс. Аляксандра Мятліцкага, а. Андрэя Абламейку і клерыка Паўла Шчарбіцкага, кс. Бруно і кс. Стэфана з Германіі. У ліку прысутных былі таксама архітэктар праекту будучага касцёла Аляксей Яроменка, ахвярадаўцы, прадстаўнік фірмы «Рытм», якая ў далейшым будзе займацца будаўніцтвам касцёла, і шматлікія вернікі.

Падчас ахвяравання дароў былі прынесены камень пад фундамент будучага касцёла і сам праект святыні. Пасля заканчэння набажэнства адбылося выстаўленне Святых Дароў і Літанія да Найсвяцейшага Сэрца Езуса, а затым – працэсія вакол капліцы.

Шчырыя словы падзякі прысутным былі выказаны кс. Аляксандрам Яшэўскім, дырэктарам салезінскага дому ў Мінску. Потым адбылося асвячэнне зямлі пад будаўніцтва касцёла, пасля чаго яе сімвалічна пачалі капаць: спачатку біскуп і святары, архітэктар і ахвярадаўцы, а затым усе вернікі, каб хоць нейкім чынам далучыцца да будаўніцтва першай святыні за апошнія сто гадоў у Мінску.

Марына Яскевіч
Фота Васіля Кучаравага