20 мая 10 дзетак-сіротаў з дзіцячага дома сямейнага тыпу прынялі сакрамэнт хросту ў каталіцкай парафіі св. Яна Хрысціцеля ў мікрараёне Серабранка г. Мінска.

Дзяцінства — гэта той адказны перыяд, калі закладваюцца фундаментальныя якасці асобы, якія забяспечваюць яе псіхалагічную ўстойлівасць, маральныя прынцыпы, жыццяздольнасць і мэтанакіраванасць. Гэтыя духоўныя якасці асобы не развіваюцца спантанна, а фармуюцца ва ўмовах бацькоўскай любові, калі сям’я стварае ў дзіцяці патрэбу быць адданым, здольнасць суперажываць і радавацца іншым людзям, несці адказнасць за сябе і іншых.

На жаль, амаль ва ўсіх краінах свету сёння разыгрываецца трагедыя лёсаў тых дзетак, якія сталі сіротамі пры жывых бацьках. І колькасць такіх дзетак у Беларусі штогод павялічваецца на 5 тысяч. Прычын сацыяльнага сіроцтва шмат: ад алкагалізму або наркаманіі бацькоў да банальнай адсутнасці грошай у сям’і. У выніку дзіця трапляе ў сіроцкі дом. На жаль, амаль ва ўсіх установах, дзе выхоўваюцца дзеці-сіроты, умовы, як правіла, прытулкавыя, казарменныя, вельмі далёкія ад сямейных, ад тых, што так неабходныя для паўнацэннага развіцця чалавека.

Несумненна, ёсць неацэнны вопыт лепшых дзіцячых дамоў і інтэрнатаў, дзе дзеткам сапраўды добра, і яны потым паспяхова пачынаюць дарослае жыццё. Адной з такіх установаў з’яўляецца дзіцячы дом сямейнага тыпу, які працуе ў Ленінскім раёне г. Мінска. Гэты дзіцячы дом складаецца з сем’яў, у кожнай з якіх выхоўваецца ад 5 да 10 дзяцей-сіротаў. І ёсць «мама». Безумоўна, яна толькі выхавацельніца, але, акрамя выхаваўчага працэсу, на яе ўскладзены ўсе сямейныя клопаты па дому. Пры гэтым галоўная яе задача — удзяляць кожнаму дзіцяці неабходную ўвагу, лячыць яго, калі яно захварэла, вырашаць усе тыя праблемы, з якімі дзіця звяртаецца да мамы. Вось і атрымліваецца, што яна — і клапатлівая маці, і гаспадыня ў гэтым мікрасвеце, які для дзіцяці — яго сям’я.

У такой сям’і дзіця натуральным чынам атрымлівае навыкі для будучага дарослага жыцця. І, самае галоўнае, яно можа адчуваць тое, чаго зазвычай цалкам пазбаўлены інтэрнацкія дзеці: любоў і клопат, звернутыя менавіта да яго, патрабавальнасць і ўвагу з боку «мамы»-выхавацеля.

Да жыцця некаторых дзетак, якія выхоўваюцца ў гэтым дзіцячым доме сямейнага тыпу, датыкнуліся і мы...

Мая першая сустрэча з гэтымі дзеткамі адбылася не так даўно — у лютым гэтага года. І ўжо 20 мая 2006 года 10 дзетак-сіротаў прынялі сакрамэнт хросту ў каталіцкай парафіі св. Яна Хрысціцеля ў мікрараёне Серабранка з рук а. Ігара Лашука.

Па Божай волі ў жыццё гэтых дзетак увайшлі маладыя людзі, поўныя веры, нерастрачанай любові і энтузіязму. Так, з лютага месяца кожную нядзелю ў капліцы св. Яна Хрысціцеля можна бачыць групу дзетак з агеньчыкамі ў вачах, якія адкрываюць для сябе Бога, веру, Касцёл. З упэўненасцю можна сказаць, што ўвесь тыдзень яны чакаюць нядзелі, чакаюць, калі па іх прыйдзе моладзь, чакаюць сустрэчы з Богам (можа, яшчэ не цалкам усведамляючы гэта).

Дзякуй Богу, што яшчэ на 10 чалавек павялічылася наша хрысціянская супольнасць. Няхай Маці Божая правядзе Аляксандру, Караліну, Ліану, Кацю, Сашу, Ігара, Насценьку, Танюшку і Паўла праз усе цяжкасці, з якімі яны сустракаюцца ўжо цяпер і якія чакаюць іх у будучыні, а Езус няхай будзе самым галоўным арыенцірам у іх жыцці.

Марына Каляцьева