Спакон вякоў існуе павер’е, што храмы павінны будавацца на ўзвышшы альбо на цэнтральным (галоўным) месцы паселішча. І гэта зразумела: лепшае месца — для Бога. Так было заўсёды і так павінна быць. На жаль, у вялікіх гарадах апошнім часам прыходзіцца задавольвацца тым, што даюць улады, калі наогул даюць — маецца на ўвазе зямля пад будаўніцтва каталіцкіх святыняў. Таму зразумела вялікая радасць мінскіх католікаў, якія дачакаліся яшчэ адной святыні ў сталіцы.

На пытанне, як дабрацца да капліцы Маці Божай Будслаўскай, што знаходзіцца ў мікрараёне Кунцаўшчына ў Мінску, пачула: апошні прыпынак метро «Каменная горка», а там на ўзгорку ўбачыце, яе здалёк відаць. Бліжэй за ўсё — ісці напрасткі праз поле, калі не вельмі гразка.

У дзень Спаслання Святога Духа, 4 чэрвеня, было сонечнае надвор’е. Праўда, напярэдадні лілі дажджы, таму поле было не зусім сухім, але мы пайшлі. І не пашкадавалі, бо ні з чым непараўнальная тая асалода, калі па роснай траве набоса ўзбіраешся на гару да святыні...

Па архітэктурным рашэнні ў капліцы няма нічога незвычайнага — сціплы сучасны будынак, аднак па сваёй значнасці і велічнасці яму няма роўных у наваколлі, дзе губляюцца нават самыя яркія і прыгожыя забудовы. Вочы бачаць толькі гэтыя святыя вежы, якія так прывабліваюць душу і сэрца.

Парафія Маці Божай Будслаўскай у Кунцаўшчыне ўзнікла роўна 10 гадоў таму. Ля вытокаў яе заснавання стаяў пробашч касцёла святых Сымона і Алены ксёндз Уладзіслаў Завальнюк. Маліліся спачатку па хатах, а потым у клубе. Пазней ксёндз Пётр Шарко раздабыў недзе вагончык, які прыстасавалі пад капліцу. Нейкі час даязджаў сюды, святой памяці, ксёндз Мечыслаў Лабяк. У 2002 годзе пробашчам парафіі быў прызначаны ксёндз Юзаф Мельдзюк. Не без цяжкасцяў атрымалі зямлю, потым цэлы год прайшоў, пакуль аформілі патрэбныя дакументы, і толькі ў 2003 годзе пачалі будаўніцтва капліцы.

«Вельмі цяжка было, — гаворыць адна з першых і старэйшых парафіянак Уладзіслава Іосіфаўна Каваленка. — Парафія была невялічкая, дапамагалі ўсе як хто мог».

10 ліпеня 2005 г. біскуп Антоні Дзям’янка асвяціў капліцу, а таксама і пляц пад будову касцёла.

У верасні таго ж года сюды прыйшлі законныя сёстры з ордэна святой Уршулі с.Часлава і с.Аксана і духоўнае жыццё парафіі прыкметна ажывілася. Сёстры праводзяць катэхізацыю сярод дзяцей і моладзі, арганізоўваюць моладзевыя сустрэчы, на якіх спяваюць і разважаюць над Божым Словам. У групе, што рыхтуецца да Першай Камуніі цяпер займаюцца каля 25 чалавек. Вядома, што да гэтага Сакрамэнту трэба рыхтавацца два гады, таму сёлета першы раз Езуса ў святой Камуніі прынялі толькі пяць хлопчыкаў і дзяўчынак больш старэйшага ўзросту, якія праходзілі вучобу яшчэ раней. У гонар такога свята законныя сёстры разам з бацькамі дзяцей арганізавалі салодкі стол на пляцы каля каплічкі. Непадалёк гарэла вогнішча, на якім дарослыя смажылі шашлыкі. Гульні, конкурсы, імправізаваныя сцэнкі вельмі захаплялі прысутных. Ніхто з дзяцей не пайшоў з гэтага свята без падарункаў — сёстры паклапаціліся і пра гэта.

У гэтым годзе парафіяне ўпершыню перажывалі ў пабудаванай капліцы праз усю ноч Вігілію Вялікадня. Сёстры купілі керасінавыя лямпы, бо святла ў капліцы пакуль што няма. Гарэлі таксама свечкі, а на падворку палала вогнішча, да якога хадзілі грэцца. А 7-й гадзіне раніцы адбылася рэзурэкцыйная св. Імша, якая распачалася працэсіяй каля капліцы. Удзельнікі гэтага начнога чування сказалі потым, што перажылі незабыўныя моманты.

Як вядома, Касцёл складаецца найперш з жывых цаглінак — вернікаў. І, трэба зазначыць, парафія Маці Божай Будслаўскай у Мінску моцная гэтымі «цаглінкамі». Касцяк парафіі складаюць сем’і вядомага каталіцкага руху — факаляры. Дэвіз гэтай супольнасці — «Каб усе былі адно».

«Ёсць шмат людзей, нібы падрыхтаваных да веры, але як жыць па веры, вызнаючы, што Бог — ёсць любоў, яны не разумеюць, — гаворыць адна з першых прадстаўніц гэтага руху Марыя Васільеўна Голуб. — І вось гэта супольнасць дапамагае. У нас сапраўдная еднасць. Нават сярод родных часам няма таго духу адзінства, які пануе сярод факаляраў. І яшчэ — радасць жыцця ў Богу ў любой сітуацыі, што б ні здарылася. Вядома ж, гэта вялікая Божая ласка і мы ўдзячныя Пану Богу за яе».

Марыя Васільеўна прызналася, што раней яна не раз думала пакінуць парафію. Думалася пра тое, як прыгожа ў катэдры, а тут вось, у вагончыку… Да таго ж, увесну і ў восень наўкола — гразі па калена, зімой — снегу столькі, што не прайсці. Вядома ж, раён не абжыты. Але заўсёды, калі прыходзіла ў іншую святыню, душа балела за родную парафію, а сэрца казала, што асноўная прыгажосць не вонкавая, а тая, дзе прысутны жывы Пан Бог.

Потым Маці Божая Будслаўская прывяла ў каплічку Алену Рамановіч, якая вельмі прыгожа грае на электрааргане, і яе сяброўку Вольгу Кухан, якая вучыцца на IV курсе аддзялення харавога дырыжыравання Беларускай кансерваторыі. Вольга была ў свой час салісткай вядомага каталіцкага хору «Голас душы». Пераехаўшы з сям’ёй у мікрараён Кунцаўшчына, яна палюбіла сваю новую парафію і вельмі самааддана служыць ёй сваім талентам.

Вельмі любяць у парафіі і Алену Бразгоўку, выпускніцу Баранавіцкага катэхетычнага каледжа. «Вельмі міласэрны і самаахвярны чалавек», — так гавораць пра яе тут. Яна шые харугвы, комжы, белыя сукенкі для дзяўчат, што рыхтуюцца да Першай Камуніі. Прычым, мае сям’ю і дваіх малых дзетак. Муж яе разумее і ва ўсім дапамагае. Усе яны — Алена Рамановіч, Вольга Кухан і Алена Бразгоўка з сем’ямі — працуюць у руху факаляраў.

Ксёндз Юзаф Мельдзюк вельмі ўдзячны сёстрам уршулянкам і ўсім сваім парафіянам за дапамогу і актыўнае духоўнае жыццё. Парафіяне ў сваю чаргу дзякуюць Пану Богу за свайго пробашча і моляцца аб усіх патрэбных ласках для яго, бо наперадзе яшчэ большая праца — будаўніцтва касцёла.

Галіна Какевіч
Фота з архіва парафіі.

P.S. Тыя, хто хацеў бы і мае магчымасць дапамагчы ў будаўніцтве касцёла Маці Божай Будслаўскай у мікрараёне Кунцаўшчына г. Мінска, могуць звярнуцца ў капліцу па інфармацыю.