2 мая а 5-й гадзіне раніцы ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы сабралася 100 пілігрымаў, каб папрасіць Пана Бога аб благаславенні на падарожжа ў Вільню. Многія вельмі хваляваліся, бо вырушалі першы раз да санктуарыя Маці Божай Вастрабрамскай, а іншыя, пасля шматгадовага перапынку, накіроўваліся да Той, якая дапамагла зберагчы веру ў цяжкія гады атэізму. Група пілігрымаў складалася з дзяцей, моладзі і людзей сталага і пажылога ўзросту.

Нягледзячы на ранні час, ніхто з пілігрымаў не жадаў змарнаваць ніводнай хвіліны дарогі: усе няспынна маліліся і спявалі Марыйныя спевы, традыцыйныя спевы на польскай мове і спевы, напісаныя маладымі вілейчанамі на беларускай мове. Незаўважна прамінуў час дарогі, і пілігрымы ўбачылі старажытную Вільню і санктуарый Маці Божай Міласэрнасці. Невымоўная радасць панавала ў сэрцах вернікаў, якія адразу накіраваліся да Вострай Брамы. Там, у «святыні пад адкрытым небам», яны прывіталі Марыю, адпраўляючы Маёвае набажэнства, а пасля накіраваліся ў санктуарый Божай Міласэрнасці, дзе пры выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнце маліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці. Пілігрымы наведалі многія касцёлы Вільні, але найбольш запомнілася катэдральны касцёл, касцёл Апосталаў Пятра і Паўла, гара Трох Крыжоў і касцёл святога Казіміра.

А 15-й гадзіне пілігрымы зноў сабраліся ў Вострай Браме, бо менавіта гэты час быў вызначаны для наведвання санктуарыя. У гэты час цэлебравалася святая Імша для пілігрымаў з Вілейкі на беларускай мове, і літургію ўпрыгожваў парафіяльны хор дзяцей і моладзі «Angeli». У часе святой Імшы Пану Богу праз заступніцтва Маці Божай Міласэрнасці былі скіраваныя асабістыя просьбы, просьбы парафіі і справы Касцёла на Беларусі.

Позна вечарам пілігрымы, нягледзячы на стомленасць, вярнуліся дадому ва ўзнёслым настроі, з пачуццём удзячнасці Богу за цудоўны дзень і за сустрэчу з Маці Божай у Вострай Браме.

Ксёндз Аляксандр Барыла,
пробашч касцёла Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы.