Хор дзяцей і моладзі «Angeli» парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы запісаў другі кампакт-дыск пад назвай «Анёлаў хор благаслаўляе Пана».

Хор дзяцей і моладзі «Angeli» быў заснаваны ў верасні 2003 года, з самага пачатку працы сясцёр ад Анёлаў у парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы. Асноўнай мэтаю хору з’яўляецца праслаўленне Бога праз спеў на святой Імшы, таму галоўнымі апекунамі хору абраныя Анёлы. Бог стварыў Анёлаў для таго, каб яны спявалі Богу, баранілі, асцерагалі людзей і дапамагалі ім ісці да Бога, да вечнага шчасця. Сутнасць Анёлаў — гэта любоў да Бога і Яго стварэння, іх спеў — гэта выраз іх любові, таму з Анёламі ў небе мы праслаўляем Бога на зямлі. Падчас Эўхарыстычнай літургіі мы далучаем свае галасы да хораў Анёлаў, якія, углядаючыся ў Божае аблічча, узносяць Яму хвалу.

Хор «Angeli» прагне дапамагчы многім людзям у праслаўленні Пана Бога. Для гэтага ён на пачатку 2006 года выпусціў дыск калядных спеваў пад назваю «Радасная вестка». З нагоды ўрачыстасці Маці Божай Будслаўскай хор падрыхтаваў і выпусціў другі дыск — «Анёлаў хор благаслаўляе Пана» з шасцю спевамі, словы і музыка да якіх былі створаныя самімі маладымі ўдзельнікамі хору.

Хор «Angeli» мае гонар выступіць у гэтым годзе з моладзевай праграмай падчас нацыянальнага свята Маці Божай Будслаўскай 1 ліпеня. Да гэтай важнай падзеі моладзь актыўна рыхтуецца на працягу некалькі апошніх месяцаў.

Мне хочацца назваць усіх удзельнікаў хору «Angeli»: сястра Аўсейчык Ганна — кіраўнік хору, Альковіч Кацярына, Борыс Марына, Булыга Наталля, Васькевіч Марыя, Вішнеўская Дар’я, Вяжэвіч Таццяна, Герко Алена, Дурко Кацярына, Духоўнік Юлія, Кузняцова Кацярына, Кулеш Марыя, Лабецкая Вольга, Лемеш Іна, Ляўко Наталля, Макарава Ганна, Махніс Кацярына, Ольтэ Святлана, Паліўка Крыстына, Пенталь Таццяна, Пляско Іна, Ракецкая Святлана, Сакалоўская Надзея, Трон Анастасія, Федаровіч Таццяна, Церах Вераніка, Ярашэвіч Алена.

Хор «Angeli» шчыра ўдзячны за дапамогу ў стварэнні дыска ўсім вернікам парафіі ў Вілейцы, а таксама выдавецтву Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі «Pro Christo» за падрыхтоўку да друку афармлення дыска.

Дыскі хору «Angeli» «Радасная вестка» і «Анёлаў хор благаслаўляе Пана» можна набыць у парафіяльным кіёску ў Вілейцы, падчас урачыстасці ў Будславе, а таксама ў Мінску ў кнігарні «Духоўная кніга».

Ксёндз Аляксандр Барыла,
пробашч касцёла Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы.