У панядзелак 26 чэрвеня ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі праходзіла духоўная сустрэча духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, прысвечаная дню малітваў аб святасці святароў. Гэты дзень духоўнай сустрэчы стаў таксама добраю нагодаю выказаць словы шчырай падзякі Мінска-Магілёўскаму арцыбіскупу на пенсіі кардыналу Казіміру Свёнтку, які пятнаццаць гадоў кіраваў архідыяцэзіяй.

Гэтая духоўная сустрэча, што, насуперак правілам, праходзіла з удзелам вернікаў, распачалася ютранню, падчас якой дзекан Магілёўскі ксёндз Раман Факсінскі прамовіў разважанне, прысвечанае ролі малітвы і духоўнай засяроджанасці ў святарскім жыцці. Ютрань завяршылася адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту, набажэнствам да Найсвяцейшага Сэрца Езуса і малітвамі аб святасці святароў.

А 12-й гадзіне распачалася ўрачыстая святая Імша, якую цэлебраваў новапрызначаны Апостальскі Адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка. Разам з ім канцэлебравалі Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп на пенсіі Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі кардынал Казімір Свёнтэк, Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч, Віцебскі біскуп Уладзіслаў Блін, Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек МІС, усе святары Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якія сабраліся на дзень духоўнай сустрэчы. На пачатку Імшы было зачытана прэс-камюніке Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, а таксама два лісты Апостальскай Нунцыятуры ў Рэспубліцы Беларусь, у якіх паведамлялася, што Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прыняў прашэнне кардынала Казіміра Свёнтка аб вызваленні яго ад пастырскага кіраўніцтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй і прызначыў Апостальскім Адміністратарам гэтага партыкулярнага Касцёла біскупа Антонія Дзям’янку. Пасля абвяшчэння дакументаў Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь Марцін Відавіч уручыў Антонію Дзям’янку біскупскі пастарал — сімвал пастырскай улады.

Імшальныя тэксты былі ўзятыя з Вялікага чацвярга, з Імшы Хрызма, якая з’яўляецца літургічным успамінам устанаўлення Езусам Хрыстом сакрамэнту святарства. Велічнасці святарскага служэння была прысвечана таксама гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі, які цытаваў у ёй Дэкрэт Другога Ватыканскага Сабору пра служэнне і жыццё святароў Presbyterorum ordinis і словы з гаміліі Святога Айца Бэнэдыкта XVI, якую ён прамовіў у мінулы Вялікі чацвер на Імшы Хрызма ў ватыканскай базыліцы святога Пятра. Апостальскі Адміністратар таксама назваў прыкладам сапраўднага святарскага служэння Слугу Божага Яна Паўла ІІ, які быў чалавекам малітвы і ўсё сваё жыццё меў вельмі блізкі кантакт з Богам.

На заканчэнне святой Імшы слова ўзяў Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп на пенсіі кардынал Казімір Свёнтэк. Свой адыход ад пастырскага кіраўніцтва архідыяцэзіяй старэйшы дзеючы кардынал назваў здзейсненым фактам, які ўжо стаў набыткам гісторыі. Ён падзякаваў Папу Бэнэдыкту XVI за тое, што задаволіў яго прашэнне, а таксама падзякаваў усім вернікам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, і перш за ўсё святарам, за супрацоўніцтва ў справе адраджэння Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне. Выказаўшы словы падзякі, кардынал папрасіў прабачэння ў святароў і вернікаў за ўсё тое, што, магчыма, было не так на працягу пятнаццаці гадоў яго служэння ў якасці арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага. На заканчэнне сваёй кароткай прамовы кардынал Казімір Свёнтэк пажадаў Божага благаслаўлення ўсім вернікам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і яе новапрызначанаму Апостальскаму Адміністратару.

У сваю чаргу біскуп Антоні Дзям’янка падзякаваў Папу Бэнэдыкту XVI за высокі аказаны давер і заклікаў усіх прысутных да малітвы за святароў і біскупаў, каб Бог дапамагаў ім годна выконваць абавязкі даручанага служэння. На заканчэнне святой Імшы ўсе прысутныя біскупы разам удзялілі ўдзельнікам дня духоўнай сустрэчы і вернікам апостальскае благаслаўленне.

Пасля гэтага ад імя духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі са словамі падзякі да кардынала Казіміра Свёнтка звярнуўся Канцлер архідыяцэзіяльнай курыі ксёндз Юрый Касабуцкі. Ён дзякаваў кардыналу за яго неацэнны ўнёсак у справу адраджэння веры і Касцёла ў Беларусі, за тое, што ўсе пятнаццаць гадоў, на працягу якіх Казімір Свёнтэк з’яўляўся арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім, ён для ўсіх святароў быў прыкладам сапраўднага і адданага пастыра, Fidei testis — Сведкі веры. Ксёндз Юрый адзначыў, што Казімір Свёнтэк стаў біскупам у той час, калі Касцёл у Беларусі знаходзіўся ў стане жахлівага заняпаду пасля дзесяцігоддзяў знішчэння веры і рэлігіі ў нашай краіне. Намаганнямі Яго Эмінэнцыі ўзняліся з руінаў многія святыні, а людзі зноў вярнуліся да свайго Стварыцеля і Збаўцы. Менавіта кардынал Казімір Свёнтэк вёў за сабою вялікую грамаду даручаных яго пастырскай апецы вернікаў да вечнага збаўлення.

Сваю падзяку былому пастыру Мінска-Магілёўскага Касцёла выказалі прадстаўнікі манаскіх супольнасцяў, якія працуюць у Беларусі, а таксама ўдзельнікі касцёльных рухаў і іншых рэлігійных ініцыятываў, адраджэнню і развіццю якіх так шмат паспрыяў кардынал Казімір Свёнтэк. Гэтая падзяка была не проста данінай пашаны заслужанаму іерарху, а паходзіла з глыбіні сэрцаў людзей, якія на працягу пятнаццаці гадоў адчувалі поўную любові прысутнасць і айцоўскі клопат свайго арцыбіскупа і адказвалі яму такою ж шчыраю сыноўняю любоўю. Таму не дзіўна, што на вачах многіх удзельнікаў гэтай урачыстай і разам з тым трохі сумнай святой Імшы блішчэлі слёзы…

На завяршэнне дня духоўнай сустрэчы адбылася цырымонія прызнання пастырскай улады новапрызначанага Апостальскага Адміністратара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Антонія Дзям’янкі ўсімі прысутнымі святарамі, што на лаціне называецца homagium. Кожны святар падыходзіў да новага кіраўніка архідыяцэзіі і цалаваў яго біскупскі пярсцёнак, пасля чаго абменьваўся з біскупам братэрскім прывітаннем супакою. Перад тым, як падысці да біскупа Антонія, спачатку святары адзін за адным падыходзілі да кардынала Казіміра Свёнтка, каб асабіста падзякаваць Яго Эмінэнцыі за шматгадовае пастырскае служэнне і тую неацэнную падтрымку, якую кожны з іх неаднаразова знаходзіў у гэтага мудрага і адданага пастыра.

…Пад узнёслыя гукі беларускага рэлігійнага гімна «Магутны Божа» працэсія, у якой па адноўленай намаганнямі кардынала Казіміра Свёнтка архікатэдры ішлі святары і ён сам — жывая легенда Касцёла ў Беларусі, скіравалася ў закрыстыю. Кардынал з лагоднаю ўсмешкаю махаў рукою на развітанне. Так, перагорнута вельмі важная і надзвычай прыгожая старонка гісторыі нашага Касцёла, якую можна было б назваць эпохаю яго адраджэння. Без сумнення, сімвалам гэтага адраджэння на вякі застанецца той, хто ўвёў наш Касцёл у трэцяе тысячагоддзе — Сведка веры і адданы Пастыр Казімір Свёнтэк, першы беларускі кардынал.

Дзякуй Вам, Ваша Эмінэнцыя! Заставайцеся з намі яшчэ доўгія гады, бо ў нашай вялікай сям’і, якою з’яўляецца Касцёл у Беларусі, Вы заўсёды будзеце ўзорам такога айца, да якога імкнуцца быць падобнымі дзеці. Няхай добры Бог дапаможа Вам у справе кіравання Пінскай дыяцэзіяй, а Маці Божая, Маці Міласэрнасці, выява якой упрыгожвае Ваш арцыбіскупскі герб, няхай атуляе Вас сваёю Матчынаю апекаю!

Рэд.