У фокусе — сям’я

Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прыняў удзел у завяршэнні V Сусветнай сустрэчы сем’яў, якая з 1 па 9 ліпеня праходзіла ў Валенсіі (Іспанія). За месяц да гэтага Папская Рада па пытаннях сям’і выдала дакумент, падпісаны старшынёю Рады кардыналам Альфонсо Лопесам Трухільё, які называецца «Сям’я і дзетараджэнне». Гэты дакумент аб’ёмам у шэсцьдзесят старонак не ўносіць нейкіх значных зменаў у вучэнне Касцёла па праблемах сям’і, а збірае ў адно яго асноўныя палажэнні. Катэгарычныя і нават рэзкія фармулёўкі выкліканы тым, што яшчэ ніколі сям’я «не знаходзілася ў такой пагрозе, як у сённяшняй культуры. (...). Ніколі ў гісторыі чалавецтва натуральныя інстытуты сужэнства і сям’і не станавіліся ахвярамі такіх цяжкіх нападаў». Такім чынам, у пантыфікаце Бэнэдыкта XVI як адзін з прыярытэтаў выразна вызначыўся клопат пра інстытут сям’і.

Дакумент «Сям’я і дзетараджэнне» складаецца з пяці раздзелаў. У першых чатырох даецца глыбокі аналіз стану сям’і ў сучасным свеце, а таксама асвятляецца сутнасць дзетараджэння, якое можа рэалізоўвацца толькі ў сям’і, што з’яўляецца саюзам мужчыны і жанчыны. У пятым раздзеле прадстаўлена бачанне сям’і ў двух аспектах: «тэалагічным, паводле якога сям’я ёсць вобразам Святой Тройцы, і душпастырскім, у якім сям’я закладзена ў падмурак Касцёла і сама з’яўляецца месцам евангелізацыі». Найбольш рэзкія словы ў дакуменце датычаць абортаў. Аўтары пішуць, што «аборты і дзетазабойства сведчаць пра неэфектыўнасць прававой абароны зачатых істотаў», і дадаюць, што ў наш час аборты сталі звычайнаю з’яваю, бо ўлада не карае за гэта жахлівае злачынства. Пры гэтым у дакуменце выказваецца патрабаванне ўвесці пакаранне за перарыванне цяжарнасці, але не ўдакладняецца, якім можа быць гэта пакаранне.

Папская Рада не толькі асуджае выкарыстанне супрацьзачаткавых сродкаў, але і крытыкуе тых, хто карыстаецца метадам натуральнага рэгулявання зачаццяў, «каб абмежавацца адным — максімум двума дзецьмі». Падкрэсліваецца, што незаконнымі з’яўляюцца любыя выпадкі штучнага апладнення, бо «чалавечая істота мае права на тое, каб быць народжанай, а не створанай; каб прыйсці на свет не ў выніку штучнага працэсу, а ў якасці плоду чалавечага акту ў поўным значэнні гэтага слова». Вострая крытыка гучыць таксама ў адносінах да так званых «новых мадэляў» сям’і. Дакумент цалкам адпрэчвае тэорыю няпоўнай, падзеленай і гомасексуальнай сям’і. Тое, што ў наш час гомасексуальныя пары дамагаюцца роўных правоў з нармальнымі сужэнствамі, у тым ліку і права на ўсынаўленне дзяцей, сведчыць пра з’яву «зацьмення Бога», якое адбываецца сёння. Свой сумніўны ўнёсак у гэтае зацьменне робіць таксама феміністычны рух, які заклікае да «вызвалення жанчыны ад мужчынскага прыгнёту і ад сям’і».

Місія абароны сям’і і пераадолення крызісу, у якім яна апынулася, ускладаецца, між іншым, на тэалогію і філасофію, якія павінны тлумачыць людзям іх сапраўднае пакліканне ў святле аб’яўленых праўдаў і самой сутнасці чалавека.

Як сказаў кардынал Лопес Трухільё ў інтэрв’ю каталіцкаму часопісу Famiglia cristiana, разбурэнне чалавечага эмбрыёна — гэта такое самае забойства, як і аборт. У апошні час гэтая праблема стала вельмі актуальнай у сувязі з актывізацыяй даследаванняў стваловых клетак эмбрыёнаў. Цяпер усіх, хто разбурае эмбрыён — жанчын, даследчыкаў і медыкаў, а таксама палітыкаў, што прымаюць законы, якія дазваляюць гэта рабіць, — чакае экскамуніка.

 
Новыя прызначэнні ў Ватыкане

22 чэрвеня Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прыняў прашэнні аб адстаўцы з пасадаў Дзяржаўнага Сакратара Ватыкана кардынала Анджэло Садано і Губернатара Ватыкана кардынала Эдмунда Казіміра Шокі. Новым Дзяржаўным Сакратаром быў прызначаны 71-гадовы кардынал Тарчызіо Бертонэ, які да гэтага часу быў арцыбіскупам Генуі, а пасаду Губернатара горада-дзяржавы Ватыкана заняў яго равеснік арцыбіскуп Джаванні Лаёла, які працаваў у Дзяржаўным Сакратарыяце на пасадзе Сакратара па адносінах з дзяржавамі, што ў прэсе часам параўноўвалі з функцыямі «міністра замежных справаў». Новапрызначаныя іерархі распачнуць выкананне ўскладзеных на іх абавязкаў з 15 верасня гэтага года.

 
Сусветны саміт рэлігійных лідэраў у Маскве

3 ліпеня ў Маскве распачаўся Сусветны саміт рэлігійных лідэраў. Па запрашэнні Патрыярха Алексія ІІ для ўдзелу ў саміце накіравалася прадстаўнічая дэлегацыя Каталіцкага Касцёла ў складзе дзевяці асобаў на чале з кардыналам Вальтэрам Касперам, Старшынёю Папскай Рады па адзінстве хрысціянаў. У саміце ўдзельнічаюць яшчэ чатыры кардыналы: Поль Пупар і Ражэ Эчэгарай з Рымскай курыі, а таксама Годфрыд Даніэлс, арцыбіскуп Брусэльскі і Тэадор Маккаррык, Вашынгтонскі арцыбіскуп на пенсіі. На сустрэчу рэлігійных лідэраў, якая працягвалася тры дні, сабраліся прадстаўнікі праваслаўных , дахалкідонскіх і пратэстанцкіх цэркваў, а таксама юдаізму, ісламу, будызму, індуізму. Тэмы, якія абмяркоўваліся на саміце, датычылі ролі рэлігіі ў грамадстве, дыялогу і супрацоўніцтва паміж цывілізацыямі, правоў чалавека і маральнай адказнасці, абароны сям’і і чалавечага жыцця, павагі да рэлігійных пачуццяў, ролі сродкаў масавай інфармацыі і экалогіі. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI перадаў прывітанне ўдзельнікам саміту. «Жадаю, каб дзякуючы шчыраму ўдзелу ўсіх удалося знайсці асяроддзі плённага супрацоўніцтва ва ўзаемнай павазе і паразуменні, каб адказаць на выклікі сучаснасці», — сказаў Папа.

 
Юбілеі ў Таварыстве Езуса

Сёлета адзначаецца 450-годдзе з дня смерці заснавальніка Таварыства Езуса (ордэна езуітаў) св. Ігнацыя Лаёлы, а таксама 500-годдзе з дня нараджэння яго паплечнікаў Францішка Ксавэрыя і П’ера Фабра, якія таксама стаялі ля вытокаў славутай супольнасці. Найбольш шырока гэтыя даты будуць адзначацца на радзіме св. Ігнацыя ў Іспаніі, дзе з гэтай нагоды пройдуць набажэнствы, канцэрты, выставы, а ў Італіі 2 ліпеня распачалася «Ксавэрыяда» — моладзевые спаборніцтвы паміж навучэнцамі школаў, якімі апякуюцца езуіты.

 
У Касцёле з’явяцца новыя святыя

Чацвёра благаслаўлёных будуць кананізаваныя 15 кастрычніка гэтага года. Такое рашэнне прынялі 1 ліпеня кардыналы, сабраныя на звычайнай публічнай кансісторыі, якую правёў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI. Сярод новых святых — мексіканскі біскуп і вялікі евангелізатар бл. Рафаэль Гуісар Валенсія; італьянскі святар бл. Філіп Смальдонэ, які апекаваўся глуханямымі і з гэтаю мэтаю заснаваў супольнасць Сясцёр Салезіянак Найсвяцейшых Сэрцаў; французская манашка Божага Провіду бл. Тэадора Герэн, якая прысвяціла сябе місіянерскаму служэнню; Роза Вэнэрыні, заснавальніца супольнасці Пабожных Настаўніц, якія займаюцца школамі для дзяўчат.

 
Папа заклікаў шанаваць традыцыі касцёльнай музыкі

24 чэрвеня ў Сікстынскай капэле ў Ватыкане адбыўся канцэрт касцёльнай музыкі. Монсіньёр Даменіко Барталуччы, які кіраваў хорам капэлы з 1956-га па 1997 г. прапанаваў увазе Святога Айца Бэнэдыкта XVI некалькі твораў італьянскага кампазітара XVI ст. Джаванні П’ерлуіджы Палестрыны, а таксама некалькі твораў уласнага сачынення. Прагучаў таксама спеў, які маэстро Барталуччы напісаў у гонар Бэнэдыкта XVI неўзабаве пасля яго абрання на пасад святога Пятра у 2005 г. Па словах Святога Айца, вялікага аматара і знаўцы музыкі, той факт, што ў рамках аднаго канцэрта могуць гучаць творы сярэднявечнага кампазітара і сучаснага аўтара, пацвярджае яго асабістае перакананне ў тым, што сакральная поліфанія, асабліва музыка так званай рымскай школы, — гэта спадчына, якую трэба ашчадна захоўваць і папулярызаваць. Усе вернікі павінны мець магчымасць слухаць такую музыку, якая з’яўляецца неацэнным духоўным, мастацкім і культурным набыткам Касцёла. Кампазітары, якія ствараюць новую літургічную музыку, павінны рабіць гэта, «ідучы за вялікаю традыцыяй мінулага, традыцыяй грыгарыянскага харалу і сакральнай поліфаніі», падкрэсліў Папа.

Падрыхтавана паводле матэрыялаў
інфармацыйных агенцтваў.