Тэма сустрэчы, якая адбудзецца ў Валенсіі, — перадача веры ў сям’і. Гэтае заданне стала натхненнем для дэвізу майго апостальскага візіту ў гэты горад: «Сям’я, жыві і перадавай веру!». У многіх супольнасцях, сёння секулярызаваных, першай неабходнасцю для веруючых у Хрыста з’яўляецца аднаўленне веры дарослых, каб яны былі ў стане перадаць яе новым пакаленням. З другога боку, шлях хрысціянскага ўтаямнічання дзяцей і падлеткаў можа стаць спрыяльнаю нагодаю для бацькоў, каб ізноў наблізіцца да Касцёла і яшчэ глыбей спасцігнуць прыгажосць і праўду Евангелля. Нарэшце, сям’я — гэта жывы арганізм, у якім адбываецца ўзаемны абмен дарамі. Важна, каб ніколі не было недахопу ў Божым Слове, каб падтрымліваўся агонь веры. Вельмі красамоўным з’яўляецца жэст, калі ў абрадзе хросту бацька або хросны запальвае свечку ад пасхала — сімвала ўваскрослага Хрыста, — пасля чаго, звяртаючыся да членаў сям’і, цэлебрант гаворыць: «Вам, бацькі і хросныя, давяраецца падтрымліваць гэтае святло, каб вашае дзіця, асветленае Хрыстом, заўсёды паводзіла сябе, як дзіця святла». Гэты жэст, у якім відаць увесь сэнс перадачы веры ў сям’і, для сапраўднасці павінен папярэджвацца і суправаджацца абавязкам бацькоў паглыбляць веды ўласнай веры, падтрымліваючы яе агонь малітваю і пастаянным удзелам у сакрамэнтах споведзі і Эўхарыстыі.