15 ліпеня:
святога Бонавэнтуры, біскупа і доктара Касцёла

Джаванні дэ Фіданца нарадзіўся каля 1218 г. у Італіі. Вучыўся ў Парыжы, дзе стаў доктарам тэалогіі, а ва ўзросце 30-ці гадоў уступіў у ордэн францішканаў, прыняўшы імя Бонавэнтура. Праз пэўны час быў прызначаны генералам ордэну, сёмым у гісторыі. Ён кіраваў францішканамі на працягу семнаццаці гадоў настолькі паспяхова, што яго пачалі называць другім заснавальнікам супольнасці. Бонавэнтура таксама зрабіў значны ўнёсак у тэалогію і разам з Тамашом Аквінскім з’яўляецца адным з галоўных прадстаўнікоў схаластыкі. Стаўшы кардыналам, быў выкліканы ў Рым, дзе па даручэнні Папы заняўся падрыхтоўкай Другога Ліёнскага Сабору, і памёр за некалькі дзён да яго заканчэння 15 ліпеня 1274 г. Святому Бонавэнтуры нададзены тытул Doctor seraphicus — Серафімскі доктар. Ён лічыцца апекуном тэолагаў, працаўнікоў і грузчыкаў.

 
7 жніўня:
святых Сікста ІІ, Папы, і паплечнікаў, мучанікаў

Грэк па паходжанні, Сікст ІІ быў выбраны Папам 30 жніўня 257 г. Усе свае намаганні ён прысвяціў аднаўленню адносінаў паміж Касцёлам у Рыме і хрысціянскай супольнасцю ў Карфагене, якія былі парушаныя ў сувязі з пытаннем паўторнага хросту ерэтыкоў. У тыя часы цэзар Валяр’ян выдаў спецыяльны эдыкт аб пераследаванні хрысціянаў, у якім прадпісвалася без суда забіваць усіх, хто займаў нейкія пасады ў хрысціянскіх супольнасцях. У выніку пераследу 6 жніўня 258 г. падчас св. Імшы ў катакомбах Калікста быў забіты таксама Сікст ІІ. Разам з ім загінулі 2 дыяканы, адным з якіх быў святы Лаўрэнцій, вельмі прывязаны да Папы. Святы Сікст ІІ, імя якога ўзгадваецца ў Рымскім каноне, з’яўляецца апекуном цяжарных жанчын. Яго таксама просяць аб добрым ураджаі вінаграду.

 
11 жніўня:
святой Клары, панны

Нарадзілася ў Асізі ў 1194 г. у арыстакратычнай сям’і. У маладосці яе моцна ўразіла вялікая перамена ў жыцці яе сябра, святога Францішка, які быў старэйшы за яе на 12 гадоў. Па яго прыкладзе яна таксама пажадала наследаваць Хрыста ў чыстасці і ўбостве. З гэтаю мэтаю ў 18 гадоў Клара пакінула бацькоўскі дом і прыняла з рук Францішка манаскае адзенне. Разам са сваёй сястрою Агнешкай яна пасялілася пры касцёле святога Дам’яна непадалёк ад Асізі, побач з якім праз нейкі час утварыўся невялікі кляштар. Ён стаў першай сядзібаю Ордэна Убогіх Сясцёр — кларысак, статут якога напісаў сам святы Францішак. Клара мела вельмі вялікі аўтарытэт у тагачасным Касцёле: па парады да яе звярталіся біскупы, кардыналы і Папы. Клара, якая на працягу трыццаці гадоў да самай смерці пакутавала ад хваробаў, адышла з гэтага свету 11 жніўня 1253 г. у сваім кляштары. Рэліквіі святой Клары, якая з’яўляецца апякункаю тэлебачання, знаходзяцца ў касцёле яе імя ў Асізі. Праз яе заступніцтва просяць дапамогі пры хваробах вачэй і слепаце.

 
20 жніўня:
святога Бэрнарда, абата і доктара Касцёла

Нарадзіўся ў 1090 г. у Бургундыі (Францыя). У 1112 г. разам з чатырма з пяці сваіх братоў і яшчэ трыццацю паплечнікамі распачаў манаскае жыццё ў цыстэрцыянскім кляштары ў Сіто. Дзякуючы яму гэтая манаская супольнасць стала вельмі хутка развівацца, і праз тры гады Бэрнард узначаліў заснаваны ім кляштар у Клерво. Бэрнард меў сувязі з многімі выдатнымі асобамі таго часу, сярод якіх былі Папы і каралі, і набыў вядомасць як цудоўны прапаведнік, што заклікаў да крыжовых паходаў. Усяго ён заснаваў 69 цыстэрцыянскіх фундацый і, ведучы аскетычнае манаскае жыццё, адмаўляўся ад любых пасадаў, якія яму прапаноўвалі. Бэрнард, у жыцці якога было нямала фізічных і духоўных пакутаў, шмат падарожнічаў па розных краінах. Ён памёр 20 жніўня 1153 г. у Клерво, дзе і быў пахаваны. Бэрнард, які з’яўляецца адным з заснавальнікаў ордэна цыстэрцыянцаў, сваім жыццём увасобіў ідэал манаха і быў адной з самых яркіх постацяў Касцёла ў Сярэднявеччы. Заступніцтва святога Бэрнарда Клервоскага просяць пры дзіцячых хваробах, пры хваробах жывёлаў, падчас бураў і навальніцаў, а таксама ў хвіліну смерці. Святы лічыцца апекуном пчаляроў і пчолаў.

 
21 жніўня:
святога Пія Х, Папы

Джузепе Сарто, будучы Папа Пій Х, нарадзіўся 2 чэрвеня 1835 г. на поўначы Італіі ў беднай сям’і. Ён прыняў святарскае пасвячэнне і ў 1884 г. стаў біскупам Мантуі, а праз адзінаццаць гадоў — патрыярхам Венецыі і кардыналам. 4 жніўня 1903 г. ён быў абраны Папам і з самага пачатку свайго пантыфікату праявіў сябе як душпастыр і рэфарматар: выступаў за тое, каб дзеці прымалі Першую святую Камунію як мага раней, падтрымліваў часты ўдзел у Эўхарыстыі, рэфармаваў рэлігійнае жыццё духавенства і вернікаў, паспрыяў паляпшэнню падрыхтоўкі святароў, аднавіў грыгарыянскі харал, Рымскі Імшал, Брэвіярый і каляндар. Дэвізам пантыфікату Пія Х былі словы: «Аднавіць усё ў Хрысце» (Эф 1, 10). Папа займаў актыўную пазіцыю ў тагачасным палітычным жыцці і адыгрываў у ім далёка не апошнюю ролю. Калі Пію Х не ўдалося прадухіліць пачатку Першай сусветнай вайны, ён гэта вельмі цяжка перажыў і звярнуўся да ўсіх католікаў свету са спецыяльным пасланнем, у якім падкрэсліваў, што Хрыстус з’яўляецца «Князем супакою». Пій Х памёр праз некалькі дзён пасля пачатку вайны, якую ён прадбачыў, і яго назвалі «першай яе ахвярай». Ён быў пахаваны ў базыліцы святога Пятра ў Рыме. На месцы яго пахавання адбылося шмат цудаў.

 
27 жніўня:
святой Монікі

Моніка, маці святога Аўгустына Гіпонскага, нарадзілася ў 331 г. у Тагасце (Алжыр). Яна ў маладым узросце выйшла замуж і навярнула свайго мужа-язычніка ў хрысціянства. У іх было трое дзяцей, якіх Моніка выхоўвала ў хрысціянскай веры. Яна вельмі перажывала за свайго сына Аўгустына, калі бачыла, як ён падчас вучобы ў Карфагене пачаў аддаляцца ад Хрыста і не рэагаваў на просьбы маці прыняць хрост. Аднак Моніка не пакідала надзеі і, паўсюль следуючы за сынам, увесь час малілася за яго, пакуль у 387 г. Аўгустын не быў навернуты святым Амброзіем у сапраўдную веру і ахрышчаны. Моніка памерла ў Остыі (Італія) у кастрычніку 387 г. Яе ўспамін Касцёл адзначае за дзень да ўспаміну святога Аўгустына. Святая Моніка з’яўляецца апякункаю жанчын і хрысціянскіх маці, якія праз яе заступніцтва просяць збаўлення душаў сваіх дзяцей.