З апостальскай адгартацыі Святога Айца Яна Паўла ІІ
пра катэхізацыю ў наш час

Апошняе даручэнне Хрыста

1. Катэхізацыю Касцёл заўсёды лічыў адным са сваіх асноўных абавязкаў, таму што перш чым узысці да Айца, уваскрослы Хрыстус даў апосталам апошняе даручэнне: зрабіць вучнямі ўсе народы і вучыць іх захоўваць усё, што Ён наказаў1. Такім чынам, Ён даверыў ім заданне і ўладу абвяшчаць людзям пра Слова жыцця тое, што яны чулі, што бачылі сваімі вачыма, на што глядзелі і да чаго дакраналіся сваімі рукамі2. Разам з гэтым Ён даверыў ім заданне і ўладу аўтарытэтна тлумачыць усё, чаму Ён іх навучыў: Яго словы, Яго ўчынкі, Яго цуды, Яго наказы. Даў ім Духа Святога, каб яны маглі выканаць гэтае заданне.

Неўзабаве катэхізацыяй была названа сукупнасць намаганняў, якія прыкладаліся ў Касцёле для таго, каб набываць вучняў, каб дапамагаць людзям верыць у тое, што Езус — Сын Божы, каб, праз веру, яны мелі жыццё ў Яго імя3, каб іх выхоўваць і навучаць гэтаму жыццю, будуючы такім чынам Цела Хрыста. Касцёл ніколі не пераставаў прысвячаць гэтаму свае сілы. (…)

 
Весці да еднасці з Асобаю Хрыста

5. На IV Агульным пасяджэнні сіноду біскупаў часта падкрэслівалася, што кожная сапраўдная катэхізацыя з’яўляецца хрыстацэнтрычнай. Мы можам прыняць тут гэтае слова ў двух значэннях, якія не супярэчаць адно аднаму, не выключаюць адно аднаго, але, хутчэй, пераклікаюцца і ўзаемадапаўняюцца.

Перш за ўсё, варта падкрэсліць, што ў самым цэнтры сутнасці катэхізацыі мы бачым Асобу: Езуса з Назарэта, «Адзінароднага ад Айца, поўнага ласкі і праўды»9, які за нас цярпеў і памёр, а цяпер, уваскрослы, заўсёды жыве з намі. Езус, які з’яўляецца «Дарогаю, Праўдаю і Жыццём»10, а хрысціянскае жыццё заключаецца ў тым, каб ісці за Хрыстом — sequela Christi. Першы і асноўны прадмет катэхізацыі — гэта, карыстаючыся выразам, што часта сустракаецца ў святога Паўла і ў сучаснай тэалогіі, «таямніца Хрыста». Катэхізаваць — значыць пэўным чынам весці чалавека да вывучэння гэтай таямніцы ва ўсіх яе аспектах: «праліць святло на здзяйсненне Таямніцы… Зразумець з усімі святымі, чым ёсць шырыня і даўжыня, і вышыня, і глыбіня, і спазнаць любоў Хрыста, якая перавышае ўсялякае разуменне, каб вы напоўніліся ўсёй паўнатою Божай»11. Гэта азначае адкрыць у Асобе Хрыста ўсю паўнату спрадвечнага Божага плану, які ў Ёй споўніўся. Гэта азначае імкнуцца зразумець значэнне жэстаў і словаў Хрыста, учыненых Ім знакаў, таму што ў іх крыецца і ў той жа час праяўляецца Яго таямніца. У гэтым значэнні канчатковая мэта катэхізацыі ў тым, каб прывесці чалавека не проста да кантакту, а да еднасці, да блізкасці з Хрыстом. Толькі Ён можа весці да любові Айца ў Духу Святым і можа зрабіць нас удзельнікамі жыцця святой Тройцы.

 
Перадаваць вучэнне Хрыста

6. Але хрыстацэнтрычнасць у катэхізацыі азначае таксама, што, катэхізуючы, неабходна перадаваць не сваё ўласнае вучэнне ці вучэнне якогасьці іншага настаўніка, а вучэнне Езуса Хрыста — праўду, якую Ён дае, а, дакладней, Праўду, якою Ён з’яўляецца12. Трэба адзначыць, што ў катэхізацыі адбываецца навучанне Хрысту, уцелаўлёнаму Слову і Сыну Божаму, а ўсяму астатняму — толькі калі гэта мае адносіны да Яго; і што толькі Хрыстус вучыць, а ўсе астатнія робяць гэта ў той ступені, у якой з’яўляюцца Яго ўпаўнаважанымі, дазваляючы Хрысту прамаўляць сваімі вуснамі. Кожны катэхет, якое б становішча ў Касцёле ён ні займаў, павінен клапаціцца пра тое, каб сваім навучаннем і сваім ладам жыцця перадаваць вучэнне і жыццё Хрыста. Яму нельга засяроджваць на сабе, на сваіх меркаваннях, асабістых поглядах і адносінах увагу і прывязанасць розуму і сэрца таго, каго ён катэхізуе; перадусім жа яму нельга навязваць свае асабістыя меркаванні і погляды, як быццам яны адлюстроўваюць вучэнне і прыклад жыцця Езуса Хрыста. Трэба, каб кожны катэхет мог прымяніць да сябе неспасцігальныя словы Езуса: «Маё вучэнне — не Маё, а таго, хто паслаў Мяне»13. Менавіта так паступае святы Павел, разглядаючы пытанне першачарговай важнасці: «Я прыняў ад Пана тое, што і вам перадаў»14. Як жа ўважліва павінен катэхет вывучаць Божае слова, перададзенае настаўніцтвам Касцёла, якую глыбокую блізкасць з Хрыстом і з Айцом павінен ён мець, які моцны малітоўны дух і якое самаадрачэнне, каб магчы сказаць пра сябе: «Маё вучэнне — не Маё»!

 


    1   Пар. Мц 28, 19–20.
    2   Пар. 1 Ян 1, 1.
    3   Пар. Ян 20, 31.
    9   Ян 1, 14.
    10   Ян 14, 6.
    11   Эф 3, 9. 18–19.
    12   Пар. Ян 14, 6.
    13   Ян 7, 16. Гэтая тэма часта закранаецца ў Евангеллі:
    пар. Ян 3, 34; 8, 28; 12, 49-50; 14, 24; 17, 8. 14.
    14   1 Кар 11, 23; слова «перадаць», ужытае тут св. Паўлам, таксама часта выкарыстоўваецца ў апостальскай адгартацыі Evangelii nuntiandi для таго, каб лепш акрэсліць евангелізацыйную дзейнасць Касцёла, напр., №№ 4, 15, 78, 79.