Грыгарыянскі харал з’яўляецца афіцыйным спевам Каталіцкага Касцёла. Ён развіваўся разам з рымска-каталіцкай літургіяй і вядомы ўжо з часоў ганенняў першых хрысціянаў. У першыя стагоддзі свайго існавання грыгарыянскі харал гучаў на грэцкай мове, і толькі з ІІІ ст., пасля пераводу Каталіцкага Касцёла на лацінскую мову, яго сталі выконваць на прывычнай нам мове.

Сваю назву грыгарыянскі харал атрымаў ад імя Папы Грыгорыя І Вялікага (ён кіраваў Каталіцкім Касцёлам у 590—604 гг.). Ён быў галоўным рэфарматарам літургіі і звязанага з ім грыгарыянскага харалу. Грыгорый І склаў літургічную кнігу Антыфанарый, у якую уваходяць пераважна мелодыі антыфонаў і рэспансорыяў. Яму прыпісваюць аўтарства шматлікіх літургічных мелодый. Такая пазіцыя на той момант была вельмі выгоднай, бо адзінаасобнае аўтарства бясспрэчнага аўтарытэта, якім валодаў Папа Грыгорый І, гарантавала больш лёгкае правядзенне рэформы на вялікай тэрыторыі. Але гэты погляд быў аспрэчаны ў ХХ ст. даследчыкамі грыгарынскага харалу. Галоўным іх аргументам была адсутнасць да канца VIII ст. дакументальных сведчанняў пра музычную дзейнасць Папы. Грыгорыю І таксама прыпісваецца фундаванне і арганізацыя рымскага цэнтра навучання грыгарыянскага харалу — «Schola Cantorum», які выпускаў спевакоў для касцёлаў і кляштараў.

Грыгарыянскі харал спалучыў у сабе інтанацыйныя асаблівасці музыкі розных народаў. Грыгарыянская псалмодыя (у тым ліку антыфонная) бярэ пачатак са спеўнай практыкі сінагогаў, а таксама сірыйскай музыкі. Меладычнымі крыніцамі для касцёльных гімнаў была візантыйская музыка, а таксама познеантычная грэцкая.

Поруч з Рымам існавалі іншыя моцныя літургічныя цэнтры. У кожным з іх фармаваліся розныя адгалінаванні грыгарыянскага харалу. У Рыме — гэтак званы рымскі харал, на поўдні Італіі — бенявецкі харал, галіканскі грыгарыянскі харал існаваў у Францыі, мазарабскі, ці візігоцкі — у Іспаніі. Пры дапамозе св. Амброзія — біскупа Мілана — там развіваўся амбразіянскі, ці медыяланскі спеў. Вядома, што св. Амброзій першым увёў у міланскія касцёлы гімны і антыфоны. Большасць такіх варыянтаў грыгарыянскага харалу з цягам часу замяніў рымскі харал. Толькі ў дыяцэзіях Таледа і Мілана быў атрыманы дазвол на выкарыстанне ў набажэнствах мазарабскага і амбразіянскага харалаў. Сёння, побач з рымскім грыгарыянскім спевам, працягвае гучаць і амбразіянскі. Галіканскія песнапенні амаль не захаваліся, а старажытныя мазарабскія мелодыі дайшлі да нас у ранніх манускрыптах, толькі да сённяшняга дня яго натацыя не паддаецца дакладнай расшыфроўцы.

Сёння, як і раней, грыгарыянскі харал з’яўляецца найкаштоўнейшым скарбам Каталіцкага Касцёла. Усе пастырскія распараджэнні Папаў у ХХ ст. заклікаюць актыўна выконваць яго ў набажэнствах. У нашыя дні вельмі востра стаіць праблема адраджэння і распаўсюджвання грыгарыянскага харалу ў Беларусі. Актуальнымі застаюцца недахоп выканальніцкіх ведаў і нотнай літаратуры. Часткова вырышыць гэтыя праблемы можа дзейнасць секцыі касцёльнай музыкі літургічнай камісіі пры Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі. Штогод секцыя касцёльнай музыкі ладзіць курсы для касцёльных музыкантаў у Полацку пры духоўнай падтрымцы кс. Францішка Кіселя. За тыдзень лекцый і практычных заняткаў можна пазнаёміцца з грыгарыянскім рэпертуарам, а таксама атрымаць веды па яго гісторыі і выканальніцкія навыкі.

Святлана Шэйпа