«Прагніце ў духу і з клопатам Марыі служыць кожнай асобе, якая з’яўляецца вобразам Хрыста».
Ян Павел ІІ да легіянераў.

«Дбайнасць пра выратаванне душаў — гэта такая вялікая заслуга перад Богам, што раздача ўсёй маёмасці бедным альбо прысвячэнне свайго жыцця практыцы аскетызму не можа параўнацца з гэтай заслугай. Няма служэння больш прыемнага Богу, чым гэтае. Прысвячэнне свайго жыцця гэтай благаслаўлённай працы больш прыемнае Божай Велічы, чым нават пакутніцтва».

Св. Ян Златавуст

 

«Я ДОЎГА ПРАЦІВІЎСЯ ВОЛІ БОЖАЙ...»

Як жа часта мы працівімся волі Божай, імкнучыся рабіць па-свойму! Але ж толькі адзін Пан Бог ведае, што патрэбна для нашага выратавання. Так было і са мною. Доўга і настойліва Пан Бог клікаў мяне ў Легіён Марыі, але я супраціўляўся Яго волі і гаварыў: «Пане, Ты бачыш, які я ўпарты, але прашу Цябе: не пакідай мяне без сваёй апекі і ласкі. Я пакуль што не гатовы адгукнуцца на Тваё пакліканне, але Ты ўсё роўна кліч мяне...» У сваім сэрцы я даваў Богу абяцанне, што ў наступным годзе абавязкова прысвячу сябе Легіёну Марыі, аднак слоў сваіх не трымаў. Былі такія моманты, калі Божае пакліканне я адчуваў настолькі моцна, што ўсё ўнутры пераварочвалася і немагчыма было стрымаць слёз. Але я паўтараў: «Пане, будзь літасцівы, не забірай свайго паклікання, пачакай яшчэ».

І толькі праз тры гады я згадзіўся з воляй Божай і прыйшоў у Легіён Марыі. Якая ж радасць і святло агарнулі тады маю душу! Супольнасць гэта моцная тым, што там жыве дух Божай Маці, якую мы ўсе вельмі моцна любім. Яе ласкі бясконца шчодрыя, і Яна прагне, каб мы прыходзілі па іх, а потым дзяліліся з іншымі. Кожны легіянер абавязаны як мінімум 2 гадзіны на тыдзень праводзіць апостальскую працу. Пры сустрэчах з людзьмі часцей за ўсё мы чуем пытанне: «Адкуль вы ўсё гэта ведаеце?» Адказваем словамі з Евангелля: «Пацяшыцель жа, Дух Святы, якога пашле Айцец у імя Маё, навучыць вас усяму і нагадае вам усё, што Я казаў вам» (пар. Ян 14, 26).

Часцей за ўсё, людзі адкрытыя і на наш прыход, і на тое, што мы ім гаворым. Стараемся падчас сустрэчаў памятаць пра тое, што легіянер найперш павінен умець слухаць. Вельмі часта людзі маюць патрэбу ў тым, каб іх выслухалі, дзеляцца з намі не толькі перажываннямі, але і радасцямі.

Памятаю размову з дзяўчынай, у якой на словы пра Езуса вочы запалалі вялікай радасцю. Яна сказала, што бачыла ў сне Багародзіцу, і Тая ёй параіла ўзяць ручку і пісаць. Дзяўчына пачала складаць прыгожыя вершы, якія праслаўляюць Езуса Хрыста. Носіць гэтыя вершы ў праваслаўны храм.

Гаворым людзям пра сакрамэнты, асабліва пра важнасць святой споведзі. Але не ўсё так проста. Бывае над адной душой даводзіцца вельмі доўга працаваць: з адным мужчынам, напрыклад, легіянеры паўгода размаўлялі, пакуль ён згадзіўся на споведзь. Але потым быў вельмі ўдзячны.

Апостальская праца для легіянера – вельмі важная справа, але галоўная мэта Легіёна Марыі – гэта духоўнае ўдасканальванне сваіх членаў. Структура і ўмовы дзейнасці гэтай супольнасці пад асаблівай апекай Маці Божай даюць якраз такую магчымасць, і я вельмі ўдзячны Пану Богу і Панне Марыі за сваё пакліканне.

Генадзь Страмкоўскі,
сакратар прэзідыума Маці Божай Будслаўскай,
Мінск

 

ПАПРАСІЛА ПРЫНЕСЦІ ВЯРБУ...

Лічу, што асабіста я ў Легіён Марыі прыйшла праз навяртанне пажылой жанчыны – Ганны Васільеўны Лобан, якой Пан Бог праз мяне паказаў шлях да Касцёла. Гэта была мая першая апостальская праца, якая потым перарасла ў легіянерскую. А пачыналася так. Мы з дачкой у Вербную нядзелю ішлі да касцёла, а на лавачцы каля свайго дома сядзела Ганна Васільеўна. «Што вы такое трымаеце ў руках і куды ідзеце?» – запытала яна. Мы ўсё растлумачылі. Яна сказала, што таксама каталічка, і папрасіла прынесці ёй асвечаную вербачку.

З расказа жанчыны мы потым даведаліся, што калісьці ў дзяцінстве мама вучыла Ганну і малодшых брата і сястру кленчыць і маліцца. Але, калі Ганне споўнілася 13 гадоў, маці была рэпрэсаваная за веру ў Бога – так і загінула. Бацька пайшоў да другой жанчыны, пакінуўшы дзяцей адных (імі апекаваўся родны дзядзька). Пра Бога ўжо ніхто гэтым дзецям не гаварыў. Так і прайшло жыццё.

І вось на схіле гадоў Бог паклікаў Ганну. І яна адгукнулася. Вельмі хутка пачала маліцца, папрасіла навучыць яе ружанцовым разважанням. Ксёндз Юзаф Дзеконьскі стаў апекавацца жанчынай, падрыхтаваў яе да споведзі і святой Камуніі.

Дачка Ганны Васільеўны расказвала, што яе маці стала вельмі пабожнай, а суседзі часта чулі, як жанчына гучна малілася, седзячы на лавачцы каля вакна.

Праз тры гады, у маі мінулага года, Ганна Васільеўна памерла ад інсульту. Ксёндз Юзаф наведваў яе перад смерцю ў бальніцы і ўдзяляў святыя сакрамэнты. Потым маліўся ўжо над труною. Легіянеры, вядома ж, – таксама.

Апека Пана Бога гэтай жанчынай была неверагодна адчувальнай. Аказалася, што ў Ганны Васільеўны ўжо даўно ў хаце быў абраз Езуса Міласэрнага, а моц гэтага абраза агульнавядомая. Тых, хто на Бога спадзяецца, Ён ніколі не пакідае.

Алена Невядомская,
легіянерка з Хойнікаў

 

ПАД АПЕКАЮ МАЦІ БОЖАЙ ПАДХОРНАЙ

Ужо два гады ў парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім існуе прэзідыум Легіёна Марыі пад назваю Маці Божай Падхорнай. У нас працуюць 9 актыўных і 13 дапаможных легіянераў. Асноўная наша праца — гэта наведванне раённай бальніцы, дзе кожную нядзелю адпраўляецца святая Імша. Мы прыходзім на дзве гадзіны раней, абыходзім палаты, размаўляем з хворымі, раздаём цудоўныя медалікі Маці Божай, часопісы «Ave Maria», «Дыялог», «Любите друг друга». Расказваем людзям аб святых сакрамэнтах, заахвочваем да споведзі і запрашаем усіх на святую Імшу. Да цяжка хворых запрашаем ксяндза.

Мы вельмі ўдзячныя загадчыку неўралагічнага аддзялення бальніцы Казіміру Яцыну за спагаду і разуменне, а таксама ўдзячныя медыцынскім сёстрам, якія аказваюць нам дапамогу — збіраюць хворых на малітву і самі моляцца з намі. Няхай Пан Бог благаслаўляе іх пачэсную і нялёгкую працу.

Тэрэса Салодкая,
сакратар прэзідыума Маці Божай Падхорнай,
Глыбокае

 

У ВЕЧНАСЦЬ — З БОГАМ

Легіянеры Марыі аднаго з прэзідыумаў у Маладзечне наведалі пажылую жанчыну, якая цяжка хварэла і была прыкутая да ложка. З размовы высветлілася, што яна не ахрышчаная, але адразу ж згадзілася прыняць сакрамэнт хросту. Аднак яе муж, палкоўнік у адстаўцы, быў катэгарычна супраць. Легіянеры пачалі далікатна размаўляць з ім. З нечым ён пагаджаўся, нешта адвяргаў, аднак настойваў на тым, што хрост для чалавека зусім не абавязковы, хаця сам быў ахрышчаны ў маленстве — пра гэта ён даведаўся ад родных. На аргумент легіянераў, што Марыя (так звалі яго жонку) мае свабодную волю і свабодны выбар, адказаў, што яна з ім аднолькавых поглядаў.

Марыя хутка слабела, і дні яе зямнога жыцця былі літаральна палічаны... Аднойчы муж не пусціў легіянераў у кватэру, але там была іх дачка і яна дазволіла ўвайсці і памаліцца за маці. Хворая была ледзве жывая і ўжо нават не размаўляла. Легіянеры вырашылі самі ахрысціць Марыю (як вядома, Касцёл дазваляе гэта ў выключных сітуацыях), тым больш што яны мелі дазвол і благаславенне свайго пробашча. Дачка дала згоду, і легіянеры ахрысцілі хворую. Праз дзень яна адышла ў вечнасць.

Яніна Балянава,
легіянерка з Маладзечна

 

«Я БЫЛА НА КРАІ БЕЗДАНІ...»

Я вельмі шчаслівая, што на свет з’явілася маё трэцяе, калісьці такое нежаданае дзіця. Нават не верыцца, што некалькі гадоў таму я хацела адмовіцца ад гэтага шчасця.

Ніколі не зразумее мяне той, хто не стаяў перад выбарам: упарадкаванае спакойнае жыцце альбо дзіця. А ўсе навокал у адзін голас гавораць: адмоўся, навошта табе лішнія праблемы, у цябе ж ужо есць і сын, і дачка. А самае галоўнае — бацька дзіцяці, мужчына, якога баішся страціць, якім вельмі даражыш, таксама супраць гэтага ўжо пачатага жыцця. Аднак жа рашыцца на забойства дзіцяці, якое ўжо жыве ў табе, вельмі няпроста.

Перажыўшы шмат бяссоных начэй поўных слез і адчаю, я ўсё ж такі пайшла на аборт. Ніколі не забуду тае жахлівае раніцы, цеснага калідорчыка 6-й мінскай бальніцы. Жанчын, на дзіва, шмат. Хацелася крычаць ад бяссілля. Здавалася, што іду забіваць не дзіця, а сябе.

...І раптам — нібыта промень святла ў гэтым страшэнным валадарстве смерці: двое людзей, жанчына і малады хлопец. Яны прасілі задумацца над тым, што мы збіраемся зрабіць, далі ўлёткі пра грэх аборта, абразкі Езуса і Маці Божай. Гэта былі католікі з руху Легіёна Марыі. Мне стала ясна, што гэта Божы знак і што я не павінна забіваць свайго дзіцяткі. Я зразумела, што не змагу спакойна жыць пасля гэтага, і што не будзе шчасця ні мне, ні маім дзецям. Я выйшла з той страшнай клінікі.

І вось ляжыць перада мною маленькі мой сынок. Здаровы, моцны хлопчык, якога вельмі любяць і не аддадуць ні за якія скарбы свету ні тата, ні бабця з дзядуляй і, вядома ж, мама.

Дзякуй тым добрым людзям, якія не далі мне ўчыніць непапраўнай памылкі. Я б ніколі не прабачыла гэтага ні мужу, ні сабе.

Іна Л., Мінск

 

ЮНЫЯ «РЫЦАРЫ МАРЫІ»

Першае пасяджэнне дзіцячага прэзідыума Легіёна Марыі ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы адбылося 22 верасня 2002 года. Сямёра парафіянаў школьнікаў пажадалі маліцца пад кіраўніцтвам дарослых легіянераў аб навяртанні сваіх равеснікаў, аб Божай дапамозе тым, каму яна патрэбная. Яны назвалі свой прэзідыум «Рыцары Марыі». З таго часу кожную нядзелю пасля святой Імшы з удзелам дзяцей і моладзі юныя легіянеры збіраюцца для таго, каб правесці час у сумесных малітвах і абмеркаванні важных справаў. Распачаўшы сваю службу Маці Божай, а праз яе пасрэдніцтва Пану Богу, легіянеры просяць аб ласцы жывой, цвёрдай і непахіснай веры для сябе, каб побач з дарослымі «служыць бліжняму, запальваць сярод раўнадушных агонь Божай любові, асвятляць святлом ісціны тых, хто знаходзіцца ў цемры смяротнай». Гэтыя словы з малітваў Легіёна тлумачаць сэнс апостальскай працы легіянераў.

Крыху пазней, умацавыныя малітвамі, юныя легіянеры пачалі раздаваць абразкі, а таксама медалікі Маці Божай сваім знаёмым і аднакласнікам, прапаноўваць дзецям і моладзі рэлігійныя часопісы. Маладыя легіянеры актыўна ўдзельнічаюць у жыцці парафіі. Дзяўчаты спяваюць у моладзевым хоры «Angeli», а падчас святой Імшы пяюць псалмы. Хлопцы служаць міністрантамі, прычыняюцца да ўсіх пасільных працаў у касцёле.

Ужо другі год працягваецца сяброўства легіянераў з дзецьмі з сацыяльнага прытулку. Кожную пятніцу ў любое надвор’е яны прыходзяць у прытулак, каб парадаваць абдзеленых лёсам дзяцей. Падчас Калядаў прыносяць падарункі ад усёй парафі, спяваюць калядныя песні.

Юныя легіянеры ўжо тройчы ўдзельнічалі ў пешай пілігрымцы ў Будслаў з рознымі заданнямі ў падрыхтоўцы малітваў, разважанняў. У легіянераў шмат справаў, сустрэчаў наперадзе, бо расце безліч тых дзяцей, якія не ведаюць пра тое, што ёсць Бог, што трэба Яго любіць. А колькі дзяцей, якім патрэбная малітва! Падчас кожнага сходу Легіёна вызначаюцца інтэнцыі, у якіх маладыя легіянеры моляцца наступны тыдзень.

Падтрымайма ж нашых юных легіянераў на Беларусі малітваю, каб і надалей пад кіраўніцтвам Беззаганнай яны прыводзілі да Пана Бога ўсё больш і больш сваіх равеснікаў, дзяцей і моладзі.

Галіна Аляшкевіч,
Вілейка.