Праходзяць вякі чалавечай гісторыі і людскога існавання. Гледзячы на гэта ў глабальным сэнсе і ў перспектыве жыцця асобнага чалавека, выразна бачыш, што яна не стала б такой, калі б не падзея двухтысячагадовай даўнасці. Хрыстус, прыйшоўшы на зямлю, змяніў чалавецтва і чалавека. Чаму? Бо чалавек, яго пачуцці, інтэлект, гісторыя стаялі для Хрыста на першым, самым галоўным месцы. Поспех Божага Сына гэтым і абгрунтоўваецца, што менавіта чалавек становіцца для Яго самым значным скарбам, які калі-небудзь існаваў у гісторыі Сусвету. Менавіта ў чалавечую асобу адбылася самая вялікая інвестыцыя Езуса – Ягоная смерць на крыжы.

Ідуць стагоддзі, змяняюцца палітычныя сістэмы, гінуць і паўстаюць новыя цывілізацыі, адбываецца тэхнічны прагрэс, а пасланне Хрыста і Яго Касцёла застаецца нязменным: чалавек, яго асоба заўсёды на першым плане. Што зрабіць, каб не згубіць чалавека? Адказ просты: трэба быць побач з ім і паказаць яму, наколькі ён важны для Бога.

Душпастырская візітацыя, якая адбываецца цяпер у Віцебскай дыяцэзіі, — гэта перш за ўсё сведчанне таго, што Касцёл не жадае і не можа забыцца пра чалавека. Ён хоча быць разам з ім. Быць побач, каб дапамагаць вырашаць ягоныя праблемы, каб радавацца з ім ягоным поспехам і падтрымліваць у часе жыццёвых крызісаў. Быць побач — каб чалавек ніколі не спазнаў самай вялікай катастрофы дваццаць першага стагоддзя — адзіноты.

Гэта так выразна, так моцна можна было адчуць у часе душпастырскай візітацыі, якую праводзіў ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Уладзіслаў Блін. Аднойчы па дарозе ў адну з парафіяў Віцебшчыны, за некалькі кіламетраў да месца прызначэння, біскупу давялося праязджаць праз невялікую вёску. Было незвычайна ціха, як быццам бы жыццё ў гэтым месцы спыніла свой рух. Не было бачна людзей, і толькі адна бабуля сядзела на лавачцы каля свайго дома. Біскуп не мог не затрымацца каля яе. «Куды гэта ўсе падзеліся?», – спытаўся ён з характэрнай толькі для яго ўсмешкай. «Паехалі ў касцёл на сустрэчу з біскупам, а мяне пакінулі. Я так хацела пабачыць біскупа, гэта была мая мара,» – сказала сумна бабуля. «І ваша мара здзейснілася, бо біскуп сам прыехаў да вас,» — усміхнуўся Эксцэленцыя. Праз некалькі хвілін бабуля імчэла на візітацыю разам з ксяндзом біскупам у яго аўтамабілі. Трэба было бачыць здзіўленыя твары парафіянаў, калі першай, каго яны ўбачылі, была бабуля, якая выйшла з аўтамабіля біскупа.

— Гэта дэвіз Хрыста, – кажа біскуп Уладзіслаў. – Заўважыць кожнага чалавека, гэта і мой дэвіз.

Такіх гісторый назбіралася шмат, бо візітацыя працягваецца ўжо некалькі месяцаў. І будзе іх яшчэ больш, бо перад ксяндзом біскупам — доўгі і адказны шлях праз 108 парафій Віцебскай дыяцэзіі. Шлях, багаты на сустрэчы з чалавекам. Гэта размовы са святарамі, законнікамі і законніцамі, а таксама адведзіны іх сем’яў. Не абыходзіцца без сустрэчы з рэлігійнымі супольнасцямі і рухамі. Асобнае месца ў сэрцы ксяндза біскупа займаюць міністранты і сустрэчы з імі, бо ў іх ён бачыць будучых святароў і законнікаў, якія патрэбны сучаснай Беларусі.

Чалавек можа быць шчаслівы толькі з Богам, калі і жыве, згодна з Ягонымі запаведзямі. Гэта думка глыбока ўплецена ў казанні і прамовы ксяндза біскупа Уладзіслава. А казанні гэтыя людзі заўсёды слухаюць вельмі ўважліва. Словы пастыра, з аднаго боку, простыя і даступныя, а з другога — вельмі змястоўныя і глыбокія. «Вы добры псіхолаг, — падзяліўся сваімі ўражаннямі ад пачутага казання мэр аднаго з гарадоў Віцебшчыны. — Вас так уважліва слухаюць людзі».

«Не. Я проста абвяшчаю Евангелле», – адказаў біскуп.

І гэта адзін з самых моцных момантаў душпастырскіх візітаў. Людзі жадаюць быць добрымі і мараць аб тым, каб хтосьці ім пра гэта нагадаў і падтрымаў іх Божым Словам.

Я стаў сведкам таго, як адна жанчына шчыра сказала: «Ксёндз біскуп, Вы ўмееце да кожнага знайсці падыход, кожнаму сказаць адпаведнае слова». Калі чуеш такое, пачынаеш разумець глыбокі сэнс падзеі, якая завецца пастырскай візітацыяй, становішся ўпэўненым у яе неабходнасці, а таксама вялікай ролі, якую выконвае біскуп у сваёй дыяцэзіі. Людзі чакаюць яго, прагнуць пабыць з ім разам хоць некалькі хвілін. І яшчэ адна думка моцна ўпісваецца ў свядомасць, калі становішся сведкам падобнага: Касцёл жыве. Жыве дзякуючы Хрысту, Яго вучням, дзякуючы простаму, але такому важнаму і дарагому для Хрыста чалавеку.

Ксёндз Аляксандр Амяльчэня