Сярод мноства навін, што мы чуем кожны дзень, вылучаюцца асабліва значныя, радасныя, але і хвалюючыя. Менавіта такой была вестка пра тое, што біскуп Уладзіслаў Блін прыязджае да нас, у невялікую вёску Дзеркаўшчыну, і прыязджае не проста так, а на бежмаванне. Як да ўсялякай значнай падзеі, так і да гэтай сустрэчы мы, пад кіраўніцтвам нашага паважанага ксяндза, адразу пачалі рыхтавацца: упрыгожвалі касцёл, развучвалі новыя песні. Але ўсё ж найбольшая адказнасць выпала тым, хто прыступаў да сакрамэнту бежмавання. Безумоўна, бежмаванне — гэта вельмі важна, бо менавіта тады Езус удзяляе нам Духа Святога, Духа праўды, любові, мужнасці, каб мы былі трывалымі ў сваёй веры, больш адказнымі ў жыцці. Гэты сакрамэнт можа ўдзяляць толькі біскуп.

...Амаль усе парафіяне выйшлі на двор, каб сустрэць біскупа. Прыемная ўсмешка, што не сыходзіла з яго твару з самага пачатку, усім нам вельмі імпанавала. Вельмі радавала тое, што ўся Імша праходзіла зусім не «афіцыйна», не суха, а вельмі цікава. Біскуп нават знаходзіў час і месца для жартаў, якія падымалі настрой, ён задаваў дзецям і дарослым розныя пытанні і прыводзіў прыклады са свайго жыцця. Больш за 20 вернікаў у гэты дзень прынялі сакрамэнт хрысціянскай сталасці. Свята завяршыў касцёльны хор, які парадаваў нас некалькімі песнямі.

Вось так прайшоў гэты незвычайны дзень у Дзеркаўшчыне. Кожны вяртаўся з касцёла з добрым настроем, удзячнасцю ў сэрцы да нашага душпастыра і таксама вялікім жаданнем сустракаць яго ў нашай парафіі зноў і зноў.

Юлія Барыла, парафіянка.