XXII звычайная нядзеля — 3 верасня 2006 г.

Чытанні: Дрг 4, 1–2. 6–8; Пс 15 (14);
Як 1, 17–18. 21b–22. 27.

Евангелле (Мк 7, 1–8. 14–15. 21–23):

Сышліся разам да Езуса фарысеі і некаторыя з кніжнікаў, якія прыйшлі з Ерузалема. І ўбачылі, што некаторыя вучні Ягоныя елі хлеб нячыстымі, гэта значыць, неабмытымі рукамі. Фарысеі ж і ўсе юдэі, трымаючыся традыцый старэйшых, не ядуць, пакуль старанна не памыюць рук. І вярнуўшыся з рынку, не ядуць, пакуль не абмыюцца. Ёсць і яшчэ шмат таго, чаго прынята трымацца: абмыцця кубкаў і збаноў, і місаў, і лаваў. Тады пытаюцца ў Яго фарысеі і кніжнікі: Чаму вучні Твае не трымаюцца традыцый старэйшых, але ядуць хлеб нячыстымі рукамі? Ён адказаў ім: Добра прарочыў Ісая пра вас, крывадушных, як напісана: Народ гэты шануе Мяне вуснамі, а сэрцы іх далёка ад Мяне. Але марна пакланяюцца Мне, навучаючы вучэнню чалавечых запаведзяў. Бо вы пакінулі запаведзь Божую, а трымаецеся чалавечай традыцыі. Потым зноў паклікаў народ і сказаў яму: Няма нічога, што магло б, уваходзячы звонку ў чалавека, зрабіць яго нячыстым, але тое робіць чалавека нячыстым, што выходзіць з яго. Бо знутры, з чалавечага сэрца, выходзяць благія думкі, распуста, крадзеж, забойствы, зайздрасць, чужалоства, сквапнасць, зласлівасць, падступнасць, бессаромнасць, блюзнерства, пыха, глупства. Усё гэта зло знутры выходзіць і робіць чалавека нячыстым.

Сапраўднае ўшанаванне Бога заключаецца ў вернасці Яго запаведзям. Мы добра ведаем Божы Закон, дадзены нам у Дэкалогу. Аднак толькі ведаць дзесяць запаведзяў не дастаткова для збаўлення. Неабходна жыць імі кожны дзень, а гэта, аказваецца, не так ужо і проста. Таму ў чалавека часта з’яўляецца спакуса адмяніць Божы Закон і замест яго ўстанавіць свой уласны, чалавечы. У сённяшнім Евангеллі Езус дакладна і выразна паказвае, як людзі абыходзяць Божы Закон. У размове з фарысеямі Ён гаворыць: «Вы пакінулі запаведзь Божую, а трымаецеся чалавечай традыцыі». Такім чынам дайшло да таго, што «гэты народ шануе Мяне вуснамі, а сэрцы іх далёка ад Мяне». Выкананне чалавечых прадпісанняў і непадпарадкаванне Божаму Закону — гэта вялікая недарэчнасць. Усе прадпісанні, уведзеныя чалавекам, з’яўляюцца абгрунтаванымі толькі тады, калі дапамагаюць выконваць Божыя запаведзі. Калі ж яны іх адмяняюць, то нараджаецца пачуццё падманлівага самаапраўдання, якое не набліжае да Бога, а аддаляе ад Яго. Таму хрысціянін павінен уважліва сачыць за тым, каб самому не заслужыць горкі дакор Хрыста ў тым, што мы шануем Яго толькі вуснамі, а сэрцы нашыя ад Яго далёка.

 
XXIІI звычайная нядзеля — 10 верасня 2006 г.

Чытанні: Іс 35, 4–7а; Пс 146 (145);
Як 2, 1–5.

Евангелле (Мк 7, 31–37):

Езус выйшаў з зямель Тыру і прайшоў праз Сідон да Галілейскага мора, пасярод межаў Дэкаполіса. І прынеслі да Яго глуханямога, і прасілі, каб усклаў на яго руку. Адвёўшы яго далей ад натоўпу, паклаў у яго вушы свае пальцы і, плюнуўшы на іх, дакрануўся імі да ягонага языка. І, паглядзеўшы на неба, уздыхнуў і сказаў яму: Эффата! — што значыць: Адкрыйся. І адразу ж адкрыліся вушы ягоныя і развязаліся путы языка ягонага, і пачаў гаварыць выразна. Тады Езус загадаў ім, каб нікому не казалі. Але колькі ні забараняў ім, яны яшчэ больш апавядалі. І, будучы надзвычай здзіўленымі, казалі: Ён зрабіў усё добра: учыніў, што глухія чуюць, а нямыя гавораць.

Магчыма, чытаючы сённяшні ўрывак з Евангелля, вы былі трохі здзіўленыя тым, што Езус, аздаравіўшы глуханямога, наказвае яму і ўсім сведкам гэтага цуду нікому пра гэта не казаць. Гэта можа здавацца нават нелагічным. Сапраўды, чаму б аздароўленым не расказаць як мага большай колькасці людзей пра тое дабро, якое ўчыніў ім Месія? Навошта яны павінны захоўваць гэта ў таямніцы? Ці ж Хрыстус прыйшоў на свет не для таго, каб аб’явіць сябе людзям, паказаўшы ім цуды? Без сумнення, Езус чыніў шмат дабра, але пры гэтым Яму не патрэбна была сенсацыя. Ён не хацеў, каб людзі прыходзілі да Яго толькі дзякуючы Яго цудатворнай сіле. Ён жадаў не толькі аздараўляць, а імкнуўся таксама ўзбагачаць сэрцы аздароўленых. Ён хацеў, каб яны самі ў цішыні ўсвядомілі веліч атрыманага дару і спасціглі годнасць таго, хто ім яго даў. Сапраўдная дабрыня заўсёды сціплая, яна ніколі не выстаўляе сябе напаказ. Гэта толькі злу патрэбна няспынная рэклама. Чалавек, які хоча, каб яго добры ўчынак стаў усім вядомы, шукае выключна славы для самога сябе. Робячы добры ўчынак, ён хоча, каб пра гэта даведалася як мага больш людзей і каб яны толькі пра яго і размаўлялі. Калі ж яго дар прымаецца ў цішыні, ён адчувае сябе расчараваным. Аднак сціпласць нельга блытаць з няўдзячнасцю. Удзячнасць — гэта жэст сэрца, якога Езус не адмяняе. А Яго сціпласць у добрых учынках з’яўляецца знакам Ягонай сапраўднасці. Ці часта мы робім дабро так, каб гэтага ніхто не бачыў, сціпла і ў сакрэце? Безыменныя дабрадзеі падобныя на добрых духаў, якія многіх узбагачаюць, сеюць на зямлі радасць і шчасце, нічога не чакаючы для сябе ўзамен. Ці можаш ты сказаць пра сябе, што ты — адзін з такіх людзей? Падумай, ці шмат ты зрабіў у сваім жыцці такіх добрых учынкаў, пра якія не ведае ніхто, акрамя Бога?

 
XXIV звычайная нядзеля — 17 верасня 2006 г.

Чытанні: Іс 50, 5–9а; Пс 116а (114);
Як 2, 14–18.

Евангелле (Мк 8, 27–35):

Езус са сваімі вучнямі пайшоў у вёскі Цэзарэі Філіпавай. Па дарозе Ён пытаўся ў вучняў сваіх, кажучы ім: Кім людзі лічаць Мяне? Яны адказвалі Яму: Янам Хрысціцелем, другія — Іллёю, іншыя — адным з прарокаў. А Ён спытаўся ў іх: А вы кім лічыце Мяне? Пётр сказаў Яму ў адказ: Ты — Хрыстус. І загадаў ім, каб нікому не казалі пра Яго. І пачаў вучыць іх, што Сын Чалавечы павінен шмат выцерпець і быць адкінутым старэйшымі, першасвятарамі і кніжнікамі, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць. І казаў пра гэта адкрыта. А Пётр, адвёўшы Яго ў бок, пачаў дакараць Яго. А Ён, павярнуўшыся і паглядзеўшы на вучняў сваіх, дакарыў Пятра, сказаўшы: Адыдзі ад Мяне, сатана, бо ты не пра Божае думаеш, а пра чалавечае. І, паклікаўшы натоўп разам з вучнямі сваімі, сказаў ім: Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною. Бо той, хто хоча жыццё сваё ўратаваць, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне і Евангелля, той уратуе яго.

Пан Бог ведае ўсё, але час ад часу Ён задае чалавеку пытанні. Кожнае пытанне Бога, нават самае няпростае, — гэта Божая ласка. Тое, што Бог заўважае чалавека і хоча з ім размаўляць, з’яўляецца надзвычайнаю падзеяй. Аднак калі Ён усё ведае, тады навошта пытае? Канечне ж, не для таго, каб пра штосьці даведацца. Бог хоча, каб чалавек, даючы Яму адказ, ясна ўсвядоміў сабе дакладна акрэсленую праўду. Часта бацькі задаюць сваім дзецям падобныя пытанні, адказ на якія ім добра вядомы. Тое самае мы бачым у школе і ва універсітэце. Узгадаем, з якімі пытаннямі звярнуўся Хрыстус да апосталаў у сённяшнім Евангеллі. Першае з іх было такое: «Кім людзі лічаць Мяне?». Езус хацеў ведаць, наколькі Ягоныя вучні адкрытыя для таго, каб назіраць і слухаць меркаванні іншых людзей, а таксама наколькі крытычна яны могуць іх ацэньваць. Другое пытанне было значна больш глыбокім: «А вы кім лічыце Мяне?». Езус жадаў вызнання веры ў Яго. Апосталы павінны былі даць Яму дакладны адказ, ад якога так шмат залежала. Знамянальна, што на першае пытанне адказвалі амаль усе. Яно ні да чаго не абавязвала, і пры гэтым было добраю нагодаю для таго, каб пахваліцца выдатным веданнем асяроддзя. На другое пытанне адказвае толькі Пётр. Больш ніхто не адважыўся сказаць, кім ён лічыць Сына Чалавечага. Мы ведаем, што Пятру нялёгка было застацца верным гэтаму вызнанню, асабліва ў Гэтсэманіі, і яшчэ цяжэй тады, калі ён чуў смяротны прысуд, вынесены яго Настаўніку, і калі бачыў, як той, каго Ён назваў Месіям — Хрыстом, памірае на Галгофе. Пытанні, якія задае нам Бог, з’яўляюцца найважнейшымі з усіх пытанняў, якія мы чуем на зямлі. Няхай жа ў нас заўсёды будзе дастаткова мужнасці для таго, каб даць на іх адказ не толькі словам, але і ўсім нашым жыццём.

 
XXV звычайная нядзеля — 24 верасня 2006 г.

Чытанні: Мдр 2, 12. 17–20; Пс 54 (53);
Як 3, 16 – 4, 3.

Евангелле (Мк 9, 30–37):

Езус і Яго вучні праходзілі праз Галілею, і Езус не хацеў, каб нехта ведаў. Бо вучыў сваіх вучняў і казаў ім, што Сын Чалавечы аддадзены будзе ў рукі людзей, і заб’юць Яго, і, забіты, уваскрэсне праз тры дні. Але яны не разумелі гэтых словаў, а спытацца ў Яго баяліся. Прыйшоў Ён у Капэрнаум і, калі быў у доме, спытаўся ў іх: Пра што па дарозе вы разважалі? Яны маўчалі, бо па дарозе разважалі між сабою, хто большы. Сеўшы, Ён паклікаў Дванаццаць і сказаў ім: Калі хто хоча быць першым, няхай будзе з усіх апошнім і ўсім слугою. Потым узяў дзіця, паставіў сярод іх і, абняўшы яго, сказаў ім: Хто прымае аднаго з такіх дзяцей у Маё імя, той Мяне прымае. А хто Мяне прымае, той не Мяне прымае, а таго, хто паслаў Мяне.

Часта людзі прыходзяць да Бога для таго, каб пра нешта прасіць Яго, радзей — каб падзякаваць Яму, а яшчэ радзей — каб пра штосьці ў Яго запытацца. Святы Марк у сваім Евангеллі піша, што вучні Езуса, слухаючы словы пра Яго муку, смерць і ўваскрасенне, не разумелі іх, але пры гэтым «спытацца ў Яго баяліся». Яны лічылі за лепшае заставацца ў няведанні, чым задаваць Езусу пытанні. Існуе шмат прычынаў, з-за якіх чалавек не хоча задаваць Богу пытанні. Амаль заўсёды за гэтым нежаданнем хаваецца страх. Не столькі страх задаць пытанне, колькі страх пачуць Боскі адказ. Чалавек баіцца, што Бог пакажа яму цяжкі шлях, што будзе ад яго нечага патрабаваць. У такой сітуацыі ён лічыць, што яму лепш не ведаць волі Божай, бо адказ Бога заўсёды да чагосьці абавязвае. Бог ніколі не скажа чалавеку «рабі, як хочаш». У кожнай канкрэтнай сітуацыі Ён паказвае адну-адзіную дарогу, і трэба або набрацца мужнасці, каб ісці па ёй, або ад яе адмовіцца. Часцей за ўсё Бог у сваім адказе заклікае чалавека да паслухмянасці, а чалавек гэтага, як правіла, не любіць. Таму зусім не проста задаваць Богу пытанні. Калі б мы пачулі адказ, ён не раз мог бы выбіць у нас грунт з-пад ног. Асабліва адказ на тое пытанне, якое міжволі просіцца на вусны ў найцяжэйшыя хвіліны: «Чаму?». Чаму маладая маці памірае ад рака, пакідаючы сям’ю? Чаму пакутуюць нявінныя дзеці? Чаму ідзе вайна і льецца кроў? Толькі сапраўды глыбокія людзі маюць адвагу задаваць Богу пытанні і слухаць Яго адказы, якія часта здзіўляюць і нават шакуюць таго, хто пытаецца. Часам яны цалкам змяняюць жыццё чалавека. Задумайся ж сёння: ці хапае ў цябе мужнасці для таго, каб задаваць Богу пытанні, і ці гатовы ты прыняць Яго адказ, які заўсёды мае на мэце наша дабро і паказвае нам шлях да збаўлення.

Падрыхтаваў
айцец Артур Папроцкі CSMA