У вёсцы Данюшава, недалёка ад Смаргоні, на высокім беразе Віліі, стаіць драўляны касцёл, пабудаваны ў 1809 годзе. Званіца толькі на першы погляд здаецца непрыгожай. Звон данюшаўскага касцёла ў ціхае надвор’е чутны нават у Смаргоні. Пра такі кажуць: «З малінавым звонам!» Да таго ж ён яшчэ імянны! На ім змешчаны дароўны надпіс віленскага кашталяна — Курчаўскага. Ён быў нараджэнцам гэтай вёскі.

Драматычныя падзеі ў гэтых мясцінах пачалі адбывацца літаральна адразу пасля завяршэння пабудовы касцёла. Гэта і нядзіва! У 1812 годзе тут праходзілі і спыняліся на пастой войскі Напалеона — у хатах і цяпер можна ўбачыць абразы з самога Люрда! А ў 1915 годзе, у Першую сусветную вайну, на маляўнічым беразе Віліі надоўга размясціліся войскі Кайзера. Тады жыхароў з Данюшава і навакольных вёсак выселілі. У касцёле размясціўся нямецкі шпіталь, а ў панскім маёнтку — санаторый для афіцэраў, побач адчынілі «кантыту» (нешта накшталт афіцэрскага клуба), у вялікім акопе на ўскрайку вёскі быў нават кінатэатр. Праз Данюшава немцы праклалі чыгунку, пабудавалі мост. Карацей кажучы, размясціліся надоўга і грунтоўна. Званіцу разабралі. З яе ў касцёле выклалі печы, а цудоўны «малінавы» звон знялі і адправілі па чыгунцы ў Берлін — як асаблівую каштоўнасць...

Мясцовыя жыхары расказваюць, што тыя першыя немцы вялі сябе «культурна». Не разбойнічалі, дамоў не руйнавалі, да касцёла аднесліся беражліва — выкладзеныя ў ім печы не дымілі і не капцілі, дымаходы акуратна былі выведзеныя ў вокны. А яшчэ немцы паставілі насупраць данюшаўскага касцёла статую Панны Марыі з удзячным подпісам унізе на нямецкай мове: «За паспяховую пераправу нямецкай кавалерыі праз Вілію ў гэтым месцы». І дата захавалася — 1915 год.

Данюшаўцы змаглі вярнуцца ў свае дамы толькі праз два з паловаю гады. Па Брэст-Літоўскай мірнай дамове 1918 года вёска адышла да Польшчы. У першую чаргу аднавілі касцёл. Потым пачалі шукаць звон. І знайшлі. Дзякуючы дарчаму подпісу віленскага кашталяна яго апазналі ў Берліне і ў сярэдзіне 20-х гадоў вярнулі ў вёску. Вось толькі нядоўга радаваў данюшаўцаў малінавы звон: у 1939 годзе ў вёску прыйшла савецкая ўлада і сталінскі ўрад накіраваў у гэтыя мясціны актывістаў-камуністаў усталёўваць новыя парадкі.

Спачатку камуністы спалілі цудоўны панскі маёнтак на беразе Віліі, зруйнавалі мармуровыя прыступкі, якія вялі ў купальню на рацэ (засталіся толькі вароты). Затым узяліся за касцёл. Яго зачынілі і прыстасавалі пад збожжасховішча. Зноў быў зняты шматпакутны звон. Касцёльную маёмасць выкінулі на вуліцу, каштоўныя рэчы адаслалі ў Смаргонь, астатняе спалілі. Данюшаўцам удалося выратаваць няшмат: абраз Маці Божай (яго вынялі з шатаў і схавалі ў хаце), срэбнага галуба, ягнятка, якое і сёння стаіць над алтаром.

У адзін з летніх дзён 1940 года, калі амаль усё дарослае насельніцтва вёскі было на працы, актывісты-атэісты «ўзяліся» за статую Панны Марыі. Ганна Станіславаўна Скробат была тады 3-гадоваю дзяўчынкаю, але запомніла гэты дзень на ўсё жыццё. Вось што яна расказвае:

«Мы, дзеці, убачылі, як Сурасіха — актывістка, якую прыслалі з Полацка, закінула вяроўку на шыю Панны Марыі і стала Яе разгойдваць. Статуя ўпала тварам уніз, кавалак твару адкалоўся. Яна пацягнула статую вяроўкай да Віліі і ўтапіла яе там. Дзеці сталі цягнуць за вяроўку і выцягнулі Панну Марыю з ракі. Яна ляжыць без твару. Тут нас убачыла мая цёця Альжуня. Яна як закрычыць! Усе збегліся. А я стаю. Альжуня падбегла і дубцом мяне як перацягнула... шрам да сённяшняга часу застаўся. Я пачала плакаць і гаварыць ёй: «Цётачка, гэта не я, не я». Альжуня мяне супакоіла. «Памажы», — кажа. Мы ўдваіх панеслі статую і схавалі на гарышчы ў хаце дзядзькі Антонія. Я потым яшчэ шмат гадоў насіла Панне Марыі букецікі. Залезу на гарышча і малюся там».

Праз год прыйшла ў гэтыя мясціны Другая сусветная вайна. Немцы на гэты раз размясціліся на іншым беразе Віліі — у Смаргоні. У лясах пад Данюшавам хаваліся партызаны. У вёску наведваліся па чарзе: і адны, і другія патрабавалі прадукты, мыліся ў адзінай на ўсю вёску лазні. Данюшаўцы немцаў ненавідзелі, а партызанаў пабойваліся... А ўвогуле — маліліся і, як і ўсе, чакалі міру.

Да пачатку 50-х гадоў ужо паціху сталі прызвычайвацца да мірнага жыцця. Касцёл усё яшчэ быў збожжасховішчам. Яго сцены «абраслі» брыдкімі гаспадарчымі прыбудовамі, у двары малацілі зерне. Але жыхары Данюшава, асабліва не хаваючыся, ушаноўвалі ўсе рэлігійныя святы. У нядзелі збіраліся на святую Імшу ў хаце Ядвігі Скробат.

Падзея, якая адбылася ў Данюшаве ў 1952 годзе, літаральна перавярнула жыццё ўсёй вёскі. Пра гэта ўзгадваюць усе Скробаты.

Мадэст Станіслававіч: Загарэўся хлеў суседзяў. Стрэхі былі саламяныя, таму імгненна заняўся і наш хлеў. Гадзіннік якраз прабіў поўнач. Мама схапіла яго і выбегла на двор. Мы ўсе выскачылі, як былі — неапранутыя. Бацька стаіць, нічога не выносіць, толькі глядзіць на пажар. У хляве каровы рыкаюць, а было іх у нас восем. Я падбег да бацькі і кажу: «Тата, кароў выпускаць?» А бацька ў адказ: «Як хочаш». Ён быў у шоку. У нас быў самы заможны дом у вёсцы. Уся сям’я працавала — сямёра дзяцей. Гаспадарка была моцная. Тады ўсё згарэла: і запасы, і адзежа. Мы голыя засталіся.

Алена Станіславаўна: Гэта было на свята, на Юр’е. Уся моладзь была на танцах. Прыбеглі, намагаліся дапамагчы штосьці вынесці, але ўжо было запозна. Загарэліся сем хатаў. Усе згарэлі... Палова вёскі згарэла, а хата Антонія і Альжуні Скробатаў стаяла сярод агню і нічога. Толькі моцна нагрэлася, і смала з бярвенняў цякла. Гэта ж у іх на гарышчы статуя Панны Марыі была схаваная. Яна выратавала іх. Гэта быў цуд!

Ганна Станіславаўна: Панна Марыя іх дом выратавала. Цётка Альжуня тады стаяла на каленях, плакала і малілася. Маці Божая абараніла нас!!! А над страхою падчас пажару так кружылі галубы, так кружылі...

Пасля пажару сям’я Скробатаў пачала раз’язджацца. Жыць не было дзе. Бацькі з малодшымі дзецьмі перабраліся ў хату сваякоў, якую выратавала Панна Марыя, і пачалі адбудоўваць свой дом. Вось тады і з’явіўся ў двары Скробатаў вялікі драўляны крыж. Такі звычайна можна ўбачыць на ўездзе ў заходнебеларускія вёскі. Памерлі Скробаты старэйшыя. Раз’ехаліся дзеці. А крыж стаіць тут і сёння.

Як толькі пачалася перабудова, жыхарка Данюшава Ядвіга Скробат накіравалася ў першую і самую далёкую ў сваім жыцці вандроўку — у Маскву. Яна, не раздумваючы, паехала да Гарбачова з просьбаю вярнуць касцёл вернікам. Гэта быў толькі першы крок у галоўнай справе яе жыцця. Паездкі ў Мінск, Смаргонь... Як не дзіўна, але данюшаўскі касцёл стаў адною з першых святыняў, перададзенай людзям, якія сапраўды захавалі веру.

Два гады спатрэбілася на рамонт. Адбудоўвалі ўсёю вёскаю. На адкрыццё ўнеслі ў яшчэ пахнучы свежаю фарбаю касцёл цудам захаваны абраз Маці Божай, ягнятка і срэбнага галуба. А яшчэ прынеслі ўсё самае каштоўнае, што было ў хатах: дываны, вазы, вышыўкі. Апошняй заняла сваё месца статуя Панны Марыі. Для яе рэстаўрацыі нанялі майстроў, якія аднавілі фрагменты твару. Святая Панна зноў стала на пастамент на высокім беразе. Перад ёй — Вілія, а за ёю — касцёл...

Вось толькі... ці то рэстаўратары няўдала падабралі матэрыял, ці то не ўсе грахі замалілі данюшаўцы перад Богам, перад зямлёй, на якой жывуць, адзін перад адным, але адноўлены фрагмент статуі... адваліўся.

Некаторыя лічаць, што гэта знак, які пасылае людзям Найсвяцейшая Панна.

Давялося завярнуць статую ў шоўк. Кажуць, часова, пакуль не адновяць...

Алена Антанішына