У ноч з 12 на 13 ліпеня ў гродзенскай катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя — адным з найпрыгажэйшых касцёлаў у Беларусі — здарыўся пажар. У выніку пажару быў пашкоджаны галоўны алтар святыні. Агнём былі знішчаны 4 драўляныя фігуры, у тым ліку 2 фігуры апосталаў, а таксама іншыя элементы ў правай частцы алтара, які з’яўляецца шэдэўрам разьбярскага мастацтва XVIII ст. Найсвяцейшы Сакрамэнт і цудатворны абраз Маці Божай Кангрэгацкай агонь не закрануў.

У сувязі з гэтым сумным здарэннем Гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч скіраваў да вернікаў дыяцэзіі спецыяльны зварот, у якім, у прыватнасці, гаворыць: «Усім нам вядома, што наша катэдральная базыліка — гэта адзін з найкаштоўнейшых твораў мастацтва ў нашай краіне. Катэдра, якая з’яўляецца маці касцёлаў нашай дыяцэзіі, мае не толькі культурнае значенне, але і духоўнае. З гэтай прычыны велізарныя страты выклікаюць смутак у гродзенцаў і ўсіх вернікаў дыяцэзіі».

Біскуп Аляксандр Кашкевіч таксама звяртаецца да святароў і вернікаў з просьбаю аб малітоўнай падтрымцы, каб з Божаю дапамогаю гродзенскай катэдральнай базыліцы быў вернуты яе першапачатковы выгляд.

Базыліка святога Францішка Ксавэрыя — гэта гонар і аздоба Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, велічнае сведчанне яго багатай гісторыі і традыцый. Таму калі ўсе беларускія католікі акажуць магчымую дапамогу ў справе аднаўлення святыні, гэта будзе сапраўды Божаю справаю.

Рэд.
Паводле www.katedra.grodnensis.by