Перайначыўшы вядомае выслоўе, скажам: «Цудамі зямля поўніцца». Бог дапускае цуды, каб умацаваць нашу веру, падтрымаць на духу слабога і такога зменлівага ў сваіх поглядах чалавека. У Беларусі, напэўна, няма мясціны, якая б не мела свайго цуду. Пра гэта красамоўна сведчаць цудоўныя абразы Маці Божай — Будслаўскай, Лагішынскай, Юравіцкай, Наваградскай, Браслаўскай, Барунскай, Тракельскай, Брэсцкай, Жыровіцкай, Мінскай і іншыя. Усе яны звязаны з рознымі цудамі.

Маладзечненшчына таксама багатая на такія вось цудоўныя сведчанні. Каля вёскі Лешна лебедзеўскай парафіі імя Найсвяцейшага Сэрца Езуса ёсць цудоўная крыніца, пра якую расказваюць шмат цікавых гісторый і легендаў. З пакалення ў пакаленне людзі перадаюць тое, што чулі, і тое, што некаторыя самі перажылі.

Васьмідзесяцігадовая пані Яніна Мінькоўская, напрыклад, з дзяцінства наслуханая пра цуды, звязаныя з мясцовай крынічкай. Старажылы гаварылі пра тое, што на свае вочы бачылі ў крыніцы абраз Маці Божай. Пабожныя сяляне пабудавалі тут драўляную студню, паставілі крыж.

Маладзейшае пакаленне таксама мае сваіх сведкаў такога цуду. Расказвае пані Ірэна Сінько: «Было гэта ў 1954 годзе. Разам з іншымі дзецьмі я гуляла каля крыніцы. Памятаючы словы мамы, якая наказвала заўсёды папіць гэтай вады ды абмыць у ёй рукі і ногі, каб не балелі, мы нахіліліся над студняй і ўбачылі на дне абраз Маці Божай Чанстахоўскай. Залачоны. Я стала адразу гаварыць пацеры (мамуся так вучыла), а адна дзяўчынка кажа: «Гляньце, нехта ікону паклаў у студню», і дубцом спрабавала яе парушыць. Ікона знікла».

Вядома, які быў тады час. Бога для камуністаў не існавала, і яны змагаліся з усім, што пра Яго нагадвала. Так і з крыніцай абышліся. Ноччу бульдозерам і трактарам зруйнавалі святое месца, нават крыжа не пакінулі.

Убачыўшы такое варварства, мясцовыя жыхары плакалі ад болю і бездапаможнасці.

«Аднак бальшавікі не ведалі, што Божую крыніцу немагчыма знішчыць, яна з ’явілася ў іншым месцы, вось тут, дзе цяпер студня», — гаворыць Зоф’я Цыбульская.

Пасля гэтага людзі яшчэ больш пацягнуліся ў гэтае месца. А сведчанні пра цудоўныя з’явы не сціхалі, а наадварот пашыраліся. «Памятаю, неяк сцюдзёнай зімою, калі з-за снегу не было нават як прайсці, сюды з Масквы прыехала жанчына, каб набраць вады для цяжка хворага сына, — працягвае размову Зоф’я Цыбульская. — Я ўпэўнена, што хлопца Бог ацаліў праз слёзы, малітвы і вялікія высілкі яго маці, бо яна мела вялікую веру. А ў Святым Пісанні сказана, што па веры вашай атрымаеце».

На пачатку 90-х гадоў пані Яніна Мінькоўская звярнулася да ксяндза Эдмунда Даўгіловіча з просьбай наведаць цудоўнае месца і аднавіць там набажэнствы ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Менавіта ў гэта свята з’яўляўся некалі цудоўны абраз Маці Божай у крынічцы, нагадваючы людзям аб асаблівым ушанаванні Святога Сэрца Яе Сына. Ксёндз Эдмунд адгукнуўся на прапанову: паехаў, пазнаёміўся з мясцовасцю, а таксама з гісторыяй узнікнення цудоўнай крыніцы, і ўжо на свята Найсвяцейшага Сэрца Езуса каля крыжа было адпраўлена ўрачыстае набажэнства. Потым вернікі пабудавалі летнюю капліцу, якую на гэта свята ўпрыгожваюць кветкамі і галінкамі бярозы ды язміну.

Так было і ў гэтым годзе. Праўда, святкаванне ўрачыстасці Найсвяцейшага Сэрца Езуса з пятніцы было перанесена на суботу 24 чэрвеня (Дзень нараджэння святога Яна Хрысціцеля). Вернікі з Маладзечна арганізавалі два аўтобусы, якія забралі ўсіх жадаючых каля касцёла св. Юзафа. Вельмі сімвалічна, што ў гэты дзень ліў дождж, хаця напярэдадні стаяла гарачыня і ападкаў нішто не прадказвала.

Пачула ад пажылай жанчыны: «Гэта ж ласка, што лье дождж. У такі святы дзень, ды ў такім цудоўным месцы Пан Бог, напэўна, праз Яна Хрысціцеля абмывае нас святою вадою з неба...».

Гучала гэта можа крыху наіўна, але душа радавалася і сапраўды было адчуванне таго, што ўсе тут сабраныя — уладальнікі асаблівых шчодрых Божых ласкаў.

Пасля святой Імшы тагачасны пробашч парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса вёскі Лебедзева Пётр Байгер сказаў: «На Захадзе людзі не зразумелі б, чаму пры ўваходзе ў гэта месца малітвы вісяць гірлянды і ўсё навокал у кветках. Боязь Божая, пашана Бога — гэта наш скарб. Беражыма ж яго...».

Потым усе ксяндзы, а іх было трое — Эдмунд Даўгіловіч, Пётр Байгер і Канстанцін Буліч — удзялілі спецыяльнае благаславенне ўсім дзецям і падлеткам.

У гэты суботні дзень было таксама свята Беззаганнага Сэрца Марыі, Сэрца, якое з’яўляецца ўзорам чысціні, пакоры і сціпласці. Але і цяпер Марыя заставалася ў ценю свайго Божага Сына, а таксама Яго святога папярэдніка Яна Хрысціцеля і ад гэтага Яе Сэрца яўна трыумфавала. Гэты трыумф мы адчувалі і ў сваіх сэрцах, бачылі нават у прыродзе: хмары развеяліся, засвяціла яркае сонейка, на розныя галасы заспявалі птушкі. Трава і дрэвы, абмытыя дажджом, напаўнялі паветра ні з чым не параўнальным водарам — водарам неба. Кожны вернік дзякаваў Пану Богу за гэта свята і за ўсе Божыя ласкі. Шчыра ўсе дзякавалі Матачцы Божай за цуды, праз якія Яна прывяла сюды верны люд.

...Наш аўтобус набіраў ход, але праз вокны мы бачылі, як да святой крыніцы з усіх бакоў ішлі і ехалі людзі...

Галіна Калевіч.
Фота аўтара.